Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярданія засудзіла блякаду Ізраілем гуманітарнай дапамогі Газе


Сьцяг Ярданіі
Сьцяг Ярданіі

У каралеўстве мяркуюць, што перамяшчэньне палестынцаў штурхае рэгіён да «бездані» больш шырокага канфлікту.

Ярданія заявіла, што любы крок Ізраілю па прымусе новага перасяленьня палестынцаў падштурхне рэгіён да «бездані» больш шырокага рэгіянальнага канфлікту. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва Reuters.

Міністар замежных спраў Айман Сафадзі таксама заявіў, што блякіроўка Ізраілем гуманітарнай дапамогі Газе і прымус яе жыхароў пакінуць свае дамы ў сувязі з эскаляцыяй ваенных дзеяньняў зьяўляюцца «абуральным» парушэньнем міжнароднага права. Раней Ізраіль даў насельніцтву поўначы сэктару Газа крайні тэрмін для перамяшчэньня на поўдзень напярэдадні чаканага наземнага наступу па выкараненьні баевікоў ХАМАС.

У Тэль-Авіве сказалі, што будуць трымаць дзьве дарогі адкрытымі да 16:00, каб дазволіць людзям выехаць. У той жа час напярэдадні ў шэрагу СМІ зьяўляліся паведамленьні аб тым, што ХАМАС ставіць адмысловыя загароды, каб абмежаваць унутраную міграцыю насельніцтва на поўдзень сэктару Газа.

Сафадзі сказаў, што ваенная кампанія супраць ХАМАС вядзе да гібелі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў і прынясе за сабой адчай і разбурэньні, якія не прынясуць бясьпекі Ізраілю.

«Вайна вядзе да гібелі і выцясьненьня нявінных палестынцаў і пакіне рэгіён і сьвет перад наступствамі атмасфэры разбурэньня і адчаю, якую Ізраіль створыць у Газе», — сказаў Сафадзі пасьля сустрэчы са сваім канадзкім калегам.

Імкненьне Ізраілю прымусіць усё насельніцтва пакінуць свае дамы было «чырвонай лініяй», зь якой сутыкнуліся арабы, сказаў Сафадзі.

«Гэта прывядзе рэгіён у пекла вайны... мы павінны пакласьці канец гэтаму вар’яцтву», — дадаў ён.

Працяг вайны таксама пагражае яе распаўсюджваньнем на іншыя франты, сказаў Сафадзі, дадаўшы, што «гвалт спародзіць больш гвалту і разбурэньняў».

Кароль Ярданіі Абдала накіраваўся 14 кастрычніка ў Эўропу дзеля актывізацыі дыпляматычных намаганьняў пад кіраўніцтвам каралеўства, якія, па словах Сафадзі, накіраваныя на атрыманьне падтрымкі для спыненьня надыходзячай гуманітарнай катастрофы ў Газе і прадухіленьня больш шырокага канфлікту.

Манарх сказаў дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену ў Амане 13 кастрычніка, што прыярытэтам зьяўляецца абарона мірных жыхароў з абодвух бакоў і забесьпячэньне таго, каб Ізраіль дазволіў тэрміновую дапамогу Газе. Кароль таксама падкрэсьліў адмову Ярданіі прыняць перасяленьне палестынцаў зь іх зямлі.

Ярданія, якая страціла Заходні бераг ракі Ярдан, уключаючы Ўсходні Ерусалім, на карысьць Ізраілю падчас вайны на Блізкім Усходзе 1967 году, непакоіцца, што пашырэньне гвалту можа мець наступствы з-за таго, што вялікую долю насельніцтва Ярданіі складаюць палестынцы.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG