Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета больш за 500 беларусак зьвярнуліся ў сэрвіс для пацярпелых ад хатняга гвалту, там уводзяць дадатковыя кансультацыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Онлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org паведаміла пра гатоўнасьць даваць больш кансультацый і падтрымкі для жанчын, якія сутыкнуліся з сэксуальным гвалтам.

3% зваротаў на онлайн-лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org зьвязаныя з сэксуальным гвалтам у шлюбе ці партнэрскіх адносінах. Аднак дадзеныя дасьледаваньня Фонду ААН у галіне народанасельніцтва паказваюць, што ў Беларусі з сэксуальным гвалтам сутыкаюцца на працягу жыцьця 16,9% апытаных жанчын. Зь іх 6,5% паведамілі пра сэксуальны гвалт з боку інтымных партнэраў, а 7,1% сутыкаліся з сэксуальным гвалтам з боку цяперашняга ці ранейшага партнэра на працягу апошняга году, адзначаецца ў прэс-рэлізе сэрвісу.

З пачатку 2023 году спэцыялісты лініі oliviahelp.org далі беларускам, якія апынуліся ў сытуацыі хатняга гвалту, ужо больш за 500 кансультацый. Агрэсарамі ў 37% выпадкаў быў партнэр, зь якім жанчына жыве цяпер, 41% — былы партнэр, 17% — член сям’і (не партнэр), 5% — агрэсараў было некалькі.

Спэцыялісты сэрвісу заклікаюць тых, хто стаў ахвярай гвалту, не маўчаць і ня жыць у страху, і жадаюць данесьці да жанчын больш інфармацыі.

«Важна разумець, што сэксуальны гвалт, у тым ліку прымус да сэксу з прычыны так званага „шлюбнага абавязку“, зьяўляецца формай хатняга гвалту. Ён таксама адбываецца ўнутры сямʼі/пары, у блізкіх адносінах і нават у шлюбе. Гэты від гвалту не абмяжоўваецца фізычнымі дзеяньнямі і нясе разбуральнае ўзьдзеяньне на пацярпелую», — расказала каманда oliviahelp.org.

Па выніках праведзенага дасьледаваньня, 3% жанчын зазнаюць прымус да сэксуальных адносін супраць іх волі або да дзеяньняў, якія іх прыніжаюць ці абражаюць. 4,8% жанчын прымушаюць да палавога акту праз пагрозы і прымяненьне фізычнай сілы, яшчэ 5% апытаных уступаюць у палавую сувязь супраць волі: з прычыны страху перад дзеяньнямі партнэра ў выпадку адмовы.

Онлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org падкрэсьлівае, што пры кансультацыях забясьпечваецца ананімнасьць і павага да кожнай пацярпелай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG