Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 11 кастрычніка прынялі ў першым чытаньні законапраект аб зьмяненьні Паветранага кодэкса Беларусі.
Паводле інфармацыі ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, дакумэнт сярод іншага ўстанаўлівае «новы парадак дзяржаўнага ўліку» грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў.
«Замацоўваецца, што такі ўлік будзе праводзіцца ў базе даных дзяржаўнага ўліку грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў. Пры гэтым эксплуатацыя няўлічаных грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў забараняецца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Акрамя таго, законапраект прадугледжвае забарону на выкарыстаньне «экспэрымэнтальнай авіяцыі для выкананьня паветраных перавозак».
Законапраект вызначае, што пералік аб’ектаў сэртыфікацыі будзе ўключаць экспэрымэнтальныя паветраныя судны, бесьпілётныя лятальныя апараты з максымальнай узьлётнай масай сем і больш кіляграм, авіяцыйныя рухавікі іншае.
Раней сваім указам Лукашэнка забараніў увоз, выраб і выкарыстаньне дронаў у Беларусі для грамадзян. Цяпер імі могуць карыстацца толькі юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.
Цяпер, калі ІП ці юрыдычная асоба хоча завезьці дрон на тэрыторыю Беларусі, неабходна атрымаць дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Фізычным асобам улады далі 6 месяцаў, каб «рэалізаваць» (прадаць) свае дроны ІП ці юрыдычным асобам альбо перадаць дзяржаве на захоўваньне.
- Раніцай 26 лютага 2023 году аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак расейскага самалёта далёкай выведкі А-50, што стаяў на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
- Таксама ў ByPol заявілі, што пашкоджана антэна радара на самалёце. Паводле былых сілавікоў, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ.
- Кожны дрон нібыта нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Для вырабу выбуховай прылады таксама скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны дрон.