26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
Арышты падазраваных ішлі цэлы месяц
Адразу пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах па Беларусі пракацілася хваля затрыманьняў, арыштавалі некалькі дзясяткаў чалавек. Пра гэта Свабодзе расказалі валянтэры праваабарончага цэнтру «Вясна», які сочыць за сытуацыяй.
Апроч Дзьмітрыя Швяца, якога беларускія ўлады зьвінавацілі ў здарэньні, затрымалі кіраўніка праектнай арганізацыі Дзяніса Сакалова, які, нібыта, узяў Швяца на працу і дапамог яму легалізавацца ў Беларусі. Таксама затрымалі Алега Сычова і ягоную жонку Насту Пілько, у доме якіх у вёсцы Чарцяж Бараўлянскага сельсавету знаходзіўся Дзьмітры Швец. Па гэтай жа справе быў затрыманы Максім Лапацін, які нібыта падвозіў Швяца з Століна, а таксама жонка Лапаціна Людміла.
«Апошнія затрыманьні адбыліся 27 сакавіка. Пра гэта мы даведаліся ў красавіку. На відэа бачна, што ў яго (Дзьмітрыя Лапаціна. — РС) зламаная сківіца. Вядома, што яго моцна зьбілі пры затрыманьні. Усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ», — расказалі валянтэры «Вясны».
Праваабаронцам вядома таксама, што каля дзесяці чалавек, якіх затрымлівалі адразу пасьля інцыдэнту ў раёне Мачулішчаў, пасьля адпусьцілі.
«Гэта жыхары Мачулішчаў і навакольля, іх затрымлівалі на некалькі сутак і пасьля адпускалі. Гэта людзі, якія проста жылі там або былі ў кантактнай кнізе раней затрыманых ці абвінавачаных. Ад гэтых людзей не было інфармацыі, што іх ламалі ці катавалі», — кажуць праваабаронцы.
Праваабаронцам таксама вядома пра затрыманьне ў Сеніцы айцішніка Дзьмітрыя Маставога, які, па вэрсіі беларускіх сілавікоў, вёў трансьляцыю з аэрадрому ў Мачулішчах перад інцыдэнтам. Затрымлівалі таксама і памочніка старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко. Пазьней Шадко адпусьцілі. Цяпер у затрыманых ёсьць праблемы з адвакатамі.
«Адвакатаў даюць дзяржаўных, і тады ў сваякоў няма інфармацыі пра стан затрыманых. А на іншых адвакатаў ёсьць ціск, каб яны адмаўляліся ад справы. Пра зьбітых ёсьць інфармацыя толькі пра Лапаціна. Інфармацыі наконт праблемаў зь перадачамі не было пакуль», — кажуць валянтэры «Вясны».
Пасьля здарэньня ў Мачулішчах беларускія сілавікі актыўна абшуквалі на памежных пунктах пасажыраў аўтобусаў, некаторыя пасажыры праводзілі на мяжы па некалькі гадзін. Вядома і пра затрыманьні пасьля гутаркі з супрацоўнікамі КДБ.
За інцыдэнт у Мачулішчах беларускія сілавікі завялі крымінальную справу паводле 3 часткі 289 артыкула Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму, зьдзейсьнены групай асобаў».
Вэрсія ByPol
Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol раніцай 26 лютага паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак расейскага самалёта далёкай выведкі А-50, што стаяў на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Таксама ў ByPol заявілі, што пашкоджана антэна радара на самалёце. Паводле былых сілавікоў, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нібыта нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Для вырабу выбуховай прылады таксама скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны дрон.
Кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў расказваў, што ў акцыі ўдзельнічалі ўсяго некалькі чалавек, якіх беларускія сілавікі злавіць не змаглі. Яны пасьпелі выехаць за мяжу. Затрыманыя пазьней за дывэрсію ў Мачулішчах людзі, па словах Азарава, яму не вядомыя. Расейскі самалёт А-50У вылецеў 2 сакавіка ў Расею на рамонтнае прадпрыемства ў Таганрогу, зьвестак пра яго вяртаньне ў Беларусь не было.
Вэрсія спэцслужбаў Беларусі
Інцыдэнт з расейскім самалётам Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў толькі 7 сакавіка, больш як праз тыдзень пасьля інцыдэнту. Па ягонай вэрсіі, за здарэньне адказныя «тэрарыст украінскіх спэцслужбаў і ягоныя паплечнікі». Усе яны, нібыта, затрыманыя.
«Служба бясьпекі Ўкраіны, кіраўніцтва ЦРУ (спэцслужба ЗША) ці то збоку, ці то за сьпінай распрацоўваюць апэрацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расеец, з расейскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завэрбаваны спэцслужбай Украіны ў 2014 годзе. Айцішнік, або добра разьбіраецца ў IT-тэхналёгіях. Рыхтаваўся для зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў», — сказаў тады Лукашэнка.
Па вэрсіі Лукашэнкі, расейскі самалёт у выніку інцыдэнту быў пашкоджаны «нязначна». 31 сакавіка, ужо ў пасланьні да народу і парлямэнту, Лукашэнка гаварыў пра 30 затрыманых за інцыдэнт у Мачулішчах. Пазьней дзяржканалы Беларусі паказалі допыт імавернага выканаўцы Дзьмітрыя Швяца, які на відэазапісе кажа, што працаваў на СБУ.
Вэрсія ўладаў Украіны
Украінскія ўлады і сілавікі вельмі стрымана камэнтавалі інцыдэнт у Мачулішчах. У адказ на запыт Свабоды ў СБУ паведамілі наступнае:
«Служба бясьпекі Ўкраіны ня мае намераў камэнтаваць словы чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі. Што ж датычыць любых выпадкаў „бавоўны“, то пра яе мы зможам дэталёва пагаварыць пасьля нашай перамогі», — сказалі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ.
Ва Ўкраіне «бавоўнай» нефармальна называюць выбухі, асабліва тыя, што адбываюцца за межамі Ўкраіны і на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях.
Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Міхайла Падаляк таксама пракамэнтаваў інцыдэнт:
«Трэба вызначыцца з азначэньнямі. Тэракт — гэта калі ракеты абстрэльваюць украінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Дывэрсія — калі ДРГ заяжджаюць з боку беларускай мяжы. Напад на самалёт-карэктавальнік А-50 — гэта антытэрарыстычны акт, які, дарэчы, зьдзейсьнілі мясцовыя партызаны».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.