Сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя апраўдаў ракетны ўдар па невялікай вёсцы Гроза на Харкаўшчыне тым, што там нібыта праходзіла пахаваньне «высокапастаўленага нацыяналіста», у якім удзельнічалі «ягоныя памагатыя».
«У момант удару там праходзіла пахаваньне аднаго з высокапастаўленых нацыяналістаў. Вядома, у ім удзельнічала мноства яго памагатых нацыяналістаў. Невыпадкова на здымках, апублікаваных у сацсетках адразу пасьля ўдару, амаль усе целы належалі мужчынам прызыўнога ўзросту», — заявіў Васілій Нябензя ў ААН.
Што адбылося ў вёсцы Гроза насамрэч
5 кастрычніка расейцы нанесьлі ўдар па вёсцы Гроза Купянскага раёну Харкаўскай вобласьці. Ракета, падобна, «Іскандэр», пацэліла ў прадуктовую краму і кавярню, у якой акурат адбываліся памінкі па мясцовым жыхару, вайскоўцу Ўзброеных сілаў Украіны Андрэю Козыру, які загінуў у сакавіку 2022 году.
Спачатку яго пахавалі ў Днепрапятроўскай вобласьці, але сын і жонка вырашылі перапахаваць яго ў роднай вёсцы. У выніку расейскага ўдару загінулі 53 мясцовыя жыхары, у тым ліку ўся ягоная сям’я. Яшчэ пяцёра лічацца зьніклымі бязь вестак. Усяго ў вёсцы жылі 330 чалавек.
Андрэй Козыр, ураджэнец Грозы, які пасьля расейскага ваеннага ўварваньня вярнуўся ва Ўкраіну з Польшчы і добраахвотна пайшоў ваяваць, загінуў у сакавіку 2022 году. Пра гэта праекту Радыё Свабода «Донбас. Реалії» расказала мясцовая жыхарка Вольга. Андрэя пахавалі ў Днепрапятроўскай вобласьці, бо ягоная родная вёска зь лютага па верасень 2022 году была пад расейскай акупацыяй.
І вось зьявілася магчымасьць вярнуць байца на радзіму і аддаць яму апошнюю пашану.
Перапахаваньне ініцыявалі ўдава і сын Андрэя, таксама вайсковец. У часе ракетнага ўдару яны, а таксама сынава жонка, былі ў кавярні. Усе яны загінулі.
Хто наводзіў ракету
У часе акупацыі ў вёсцы былі і людзі, якія гасьцінна сустракалі расейскіх вайскоўцаў, пускалі ў свае двары, кармілі, дазвалялі зносіць у хаты скрадзеную ў тутэйшых маёмасьць.
Аднак, як паскардзіліся журналістам сяляне, такіх ніхто не пакараў. Таму яны не выключаюць, што здраднікі маглі навесьці ракету на памінкі.
«Вось у тую хвіліну, як людзі зайшлі на памінкі, — адразу ж ракету кінулі! Яны, напэўна, не пасьпелі і за сталы сесьці», — сказала Валянціна. Яны жыве насупраць месца «прылёту»: у яе будынку выбуховай хваляй зьнесла дах і павыбівала шыбы.
Празь некалькі будынкаў адсюль на лаўцы сядзіць Любоў. Яна плача і заломвае рукі ў роспачы.
«Загінула мая родная сястрычка Ганна. Загінулі ў нас пяць стрыечных сясьцёр і братоў. Усе яны хадзілі аддаць апошнюю пашану нашаму суседу Андрэю», — праз сьлёзы кажа Любоў, а потым пачынае крычаць:
«Вось такія ракеты кідаць па мірным насельніцтве! Падлы! Каб вы былі праклятыя ў пяці родах! І тыя, хто наводнікі! І тыя, хто чакае [расейцаў]!»
У дзень трагедыі паліцыянты паведамілі, што шукаюць наводнікаў і праводзяць ператрусы. Але пра вынікі пакуль не вядома.
Сям’я, якая выжыла
Вольга, якая расказала журналістам пра загінулага Андрэя, сядзіць у чорнай хустцы, па яе шчоках коцяцца сьлёзы. Журналісты выказваюць ёй спачуваньне, абдымаюць яе. Жанчына адказвае:
«Спачувайце ня толькі мне, — спачувайце ўсёй вёсцы, у мяне ў той кавярні была ўся вёска. Вось праз двор хата: там будзе пяць трунаў адразу».
Яе гісторыя неймаверная і трагічная: напярэдадні раніцай спынілася сэрца яе брата. Вольга якраз займалася арганізацыяй ягонага пахаваньня. Менавіта таму не змагла наведаць трагічныя памінкі.
«А так была б там і я, і мае дзеці, і мае зяці, усе мы там былі б», — уздыхае сялянка. Цяпер яна падтрымлівае ў горы суседзяў.
«Ёсьць сям’я, у якой загінулі і мама, і тата, і бабуля, і дзядуля. І засталіся чацьвёра дзяцей. Я сёньня начавала ў іх. Яны запытваюць у мяне пра сваіх родных, а я ня ведаю, што сказаць», — плача Вольга.
Недзе за сто мэтраў ад яе каля свайго двара, сагнуўшыся, сядзіць дзядуля. Журналісты запыталі ў яго аб наступствах удару, ці ўцалела жытло.
«Ды хата мая цэлая, а вось сям’ю маю зьнішчылі. Загінула жонка», — сказаў ён і адвярнуўся.
Лідэры розных краін асудзілі дзеяньні расейскіх войскаў і назвалі іх ваенным злачынствам. На Харкаўшчыне прайшла трохдзённая жалоба.