Аляксандар Лукашэнка лічыць, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі «абсалютна правільна» патрабуе дапамогі ад заходніх партнэраў.
«Зяленскі паводзіць сябе абсалютна правільна», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку.
Але пры гэтым ён заявіў, што быццам бы «канфлікт ва Ўкраіне быў заплянаваны загадзя», нібыта «Ўкраіну Злучаныя Штаты вызначылі ахвярай і паабяцалі ёй максымальную падтрымку, і ўкраінскія ўлады пагадзіліся на гэтую ролю».
«Бачым, што Зяленскі зрабіў няправільна: падставіў цэлую дзяржаву, багатую, моцную дзяржаву. Што далей адбываецца: ён да апошняга ўкраінца ваюе. А яны тое, што абяцалі, або нясвоечасова робяць, або ня робяць таго, што абяцаюць. Зяленскі ставіць пытаньне: „Як жа так?“. І Захад (эўрапейцы і асабліва амэрыканцы — гэты калектыўны Захад) не выконвае дамоўленасьцяў», — сказаў Лукашэнка.
Знаходзячыся ў Берасьцейскай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка зноў выказаў пагрозы на адрас Польшчы і краін Балтыі. Ён заявіў, што Беларусь не нарошчвае войскі каля іхных межаў з мэтай атакі.
«Але, абараняючыся, мы гэта будзем рабіць актыўна. Каб у любы момант перайсьці ў наступ», — заявіў ён.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што толькі да сярэдзіны 2024 году Беларусь будзе мець усё, што неабходна для абароны: «сувязь, выведку, бесьпілётнікі, ударныя ў тым ліку, і актыўную абарону». У той жа час, паводле яго, беларуская армія ўжо цяпер мае магчымасьць нанесьці «праціўніку непрымальную шкоду».
Ён падкрэсьліў, што ў аснашчэньні і арганізацыі абароны Беларусь улічыла «досьвед сучаснай вайны» ва Ўкраіне.
Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не дазволіць краінам Захаду расхістаць Беларусь, у тым ліку ў пэрыяд электаральнай кампаніі 2024 году.
У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, каб не дапусьціць паўторнага ўварваньня праціўніка зь Беларусі.