Паводле Чупрыс, за 2021-2022 гады камісія разгледзела 645 хадайніцтваў вязьняў аб памілаваньні. Зь іх 52 хадайніцтвы былі задаволеныя Аляксандрам Лукашэнкам.
«Па стане на жнівень кіраўніком дзяржавы быў памілаваны кожны 9-ы з тых, хто зьвярнуўся. Да канца году ў нас адбудзецца яшчэ сама меней дзьве камісіі», — дадала Чупрыс.
Падчас пасяджэньня ў папраўчай калёніі № 3 у пасёлку Віцьба 29 верасьня разгледзелі 72 хадайніцтвы вязьняў, якія адбываюць пакараньне ў калёніях і тых, у каго пакараньне не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Зь іх тры паступілі ад зьняволеных «Віцьбы». Пасяджэньне камісіі прайшло пад кіраўніцтвам Вольгі Чупрыс, у працы ўдзельнічалі міністар юстыцыі Сяргей Хаменка і кіраўнік МУС Іван Кубракоў. Пра вынікі разгляду не паведамляецца.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у «Віцьбе» утрымліваюцца 106 палітвязьняў, у тым ліку юрыст Максім Знак з каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Андрэй Дзьмітрыеў, грамадзкі актывіст Максім Вінярскі, былы сьледчы Яўген Юшкевіч, экс-супрацоўнік пракуратуры Яўген Бабак.
- Раней многіх палітвязьняў наведвалі ў калёніях і прасілі падпісаць памілаваньне на імя Лукашэнкі, але многія прынцыпова адмовіліся гэта рабіць. Так, Юры Васкрасенскі ў студзені 2021 году асабіста сустракаўся ў СІЗA і калёніях зь некаторымі палітзьняволенымі, намаўляючы іх пісаць прашэньні аб памілаваньні, і абяцаў хуткую амністыю. Aднак на волю тады ніхто ня выйшаў, амністыі не аб’явілі.
- У 2022-ым Лукашэнка анансаваў вялікую амністыю для асуджаных да 17 верасьня, умовай якой ён назваў раскаяньне і прашэньне аб памілаваньні, але ў выніку палітвязьні пад закон аб амністыю амаль не падпалі.
- Паводле праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча, нават у выпадку выхаду з-за кратаў па амністыі для былых палітвязьняў цяжкасьці застаюцца: «Па амністыі кагосьці вызваляюць, але чалавека пакідаюць пад жорсткім наглядам, пад патэнцыйным перасьледам далей. У значнай ступені іх стараюцца выпхнуць з краіны. Многія вымушаныя ехаць».