— Чаму польскія і літоўскія школы ў Беларусі перавялі на расейскую, а не на беларускую мову?
— Бо адносіны рэжыму да беларускай мовы тыя самыя, што да літоўскай ці польскай. Школа мусіць быць толькі расейская, гэта задача адкрытай палітыкі русіфікацыі ў таталітарнай дзяржаве, якая цалкам падпарадкоўваецца Расейскай Імпэрыі.
На прыкладзе большасьці краін суседак Беларусі мы бачым: там, дзе нацыянальная школа, там і памкненьне да дэмакратыі, бясьпекі, законнасьці, правоў чалавека, дабрабыту людзей, свабоды... У Расеі гэтага няма. Там кажуць: «Ніколі добра не жылі, ня трэба і пачынаць».
— Чаму так шмат графаманіі ў падручніках беларускай літаратуры, асабліва для пачатковай школы? Як гэта выправіць?
— Гэта, па сутнасьці, яшчэ савецкія падручнікі — несучасныя і нецікавыя. Такімі яны і задумляліся, каб не прывязваць дзяцей да беларушчыны.
Пры цяперашнім рэжыме палепшыць іх ня зможа ніхто, калі б і захацеў. Таму ўся графаманія памрэ разам зь яе аўтарамі. А новыя падручнікі будуць стварацца ўжо ў іншых умовах і новымі аўтарамі, якія сёньня пішуць «нелегальна» або ў эміграцыі і да якіх вельмі высокія патрабаваньні аўдыторыі. Для сапраўдных графаманаў застанецца адна ніша — пісаць для саміх сябе.
— У Менску адчувальна болей стала расейцаў. Ці ня выціснуць яны ўрэшце беларусаў і ўсё беларускае зь Беларусі?
— У гісторыі гэта ня першы і далёка ня самы масавы заезд. Першы, у сярэдзіне ХІХ ст., складаў да паўмільёна чалавек. Але ні тады, ні пазьней мэханічнай замены этнасаў не адбылося. Чаму? Трэба ўлічваць асыміляцыйную здольнасьць самой беларушчыны, якая ад чым большага прыгнёту дзейнічае з тым большай сілай.
Другі момант — зьмена пакаленьняў. Часьцяком ужо дзеці прыежджых расейцаў рабіліся актывістамі, нават лідэрамі беларускага руху і дзеячамі, нават зоркамі беларускай культуры.
— Што дрэннага, калі дзяцей з Данбасу вязуць на аздараўленьне ў Беларусь?
— Пад «аздараўленьнем» тыя апекуны маюць на ўвазе прышчэпку нянавісьці да Ўкраіны, да цывілізаванага сьвету, праслаўленьне Пуціна і тыраніі. Напэўна, вы бачылі гэтыя кадры з радасным воклічам «здохні!». З нармальнага людзкага гледзішча дзяцей, наадварот, заражаюць бацылай бесчалавечнасьці. Уявіце, што вашых дзяцей забралі на аздараўленьне да Кадырава ці Кім-Чэн-Ына. Можа быць, больку на назе яны і залечаць, але што рабіць з мэнтальным калецтвам?
— Ці магчымая дэмакратыя ў рускамоўнай, як цяпер, Беларусі?
— Магчымая, але толькі ў іншым, спрыяльным месцы на Зямлі (ці на Марсе).
У нас нармальны, гатовы да дэмакратыі народ. Наша праблема — у спрадвечнай экспансіянісцкай палітыцы суседняй Расеі, ад якой мы, на жаль, нікуды не падзенемся. Таму адзіная магчымасьць для дэмакратыі ў Беларусі — максымальна адгарадзіцца сваёй мовай (у ідэале беларускай лацінкай), незалежнасьцю і сваёй візіяй гісторыі. На прыкладзе іншых нашых суседзяў мы бачым, што свая мова — ня проста сродак зносін, а абарончы вал на шляху чужынскай экспансіі.
— Як вам навіна пра новы беларускі тэлеканал у эміграцыі?
— Каб такі канал мог уплываць на сытуацыю, ён мусіць быць беларускім: беларускамоўным і беларусацэнтрычным. Сёньня такога няма. Нацыятворчую місію часткова выконвае Белсат, але гэтага відавочна недастаткова.
Патрэбнае беларускае грамадзка-палітычнае і асьветнае мэдыя з такой роляй, якую выконвала «Наша Ніва» ў пачатку мінулага стагодзьдзя. Тады газэта ўзгадавала нацыю да ўсьведамленьня патрэбы сваёй незалежнай дзяржавы. Усе іншыя варыянты для беларускай сытуацыі сэнсу ня маюць.
— Чаму шмат каго судзяць за перакрыцьцё руху транспарту ў 2020 годзе, хіба мы яго перакрывалі?
— Сапраўды, яго перакрывалі гарадзкія ўлады там, дзе праходзілі маршы. І слушна рабілі. То бок, вуліцы, па якіх ішоў марш, былі пустыя. Таму здымкаў, дзе чалавек напраўду спыняе тралейбус (што магло б быць правапарушэньнем), не існуе ў прыродзе. Затое ёсьць фоткі, дзе людзі выйшлі на праезную частку. Паводле лёгікі суду — каб перакрыць рух. Гэта безумоўная нацяжка і скажэньне фактаў з адной мэтай — выцягнуць у людзей грошы!
Грошы для лукашэнкаўскіх судоў заўсёды былі і ёсьць на першым месцы, у адрозьненьне ад закону і лёгікі.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669