Як патлумачыў «Белсату» заснавальнік «Malanka Media» Павал Марыніч, «у беларускім мэдыяполі на сёньняшні дзень не стае відэа- і тэлепраектаў, што і сталася нагодаю для ідэі стварыць яшчэ адзін тэлеканал».
«Адзіны незалежны тэлепраект сёньня — гэта польскі праект „Белсат“, польскага ўраду. А беларускага такога, які быў бы заснаваны беларусамі, няма», — кажа кіраўнік «Маланкі».
Разьмяшчацца новы тэлеканал будзе ня ў Беларусі. Пакуль — падкрэсьлівае Марыніч. Але гэта не перашкодзіць яму быць незалежным і беларускім, бо «гэта ня будзе дзяржаўны канал, ён ня будзе належаць ні да якой дзяржавы».
Пра дэталі будучага тэлеканалу Павел Марыніч на цяперашнім этапе расказваць адмовіўся.
«Не магу нічога распавесьці, бо яшчэ нічога не зроблена. І калі і ёсьць нейкія пляны, то яны яшчэ абмяркоўваюцца. Гэта нашая мара — усё, што магу сказаць. І вялікае жаданьне зрабіць грамадзкае тэлебачаньне. Такое, як „Суспільне“ ва Ўкраіне», — зазначыў мэдыяменеджар.
Пэўны час таму Павел Марыніч абвяшчаў пляны стварыць беларускае інфармагенцтва. Праца над ім ідзе, запэўнівае кіраўнік «Malanka Media».
«Мы робім яго. Але гэта не нешта, што ў адну хвіліну робіцца, гэта праца, якая доўгі час робіцца. Нічога не бывае адразу. Каб мець інфармагенцтва, патрэбныя журналісты ўнутры краіны, патрэбная база», — кажа спадар Павел.