Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК мае намер асудзіць усіх палітычных эмігрантаў


Крымінальныя справы «зьбеглай апазыцыі» ня трапяць у катэгорыю «злачынстваў мінулых гадоў».

Пра гэта заявіў намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Сяргей Аземша ў апублікаваным сёньня інтэрвію беларускаму аддзяленьню расейскага мэдыя Sputnik (заснаванае дзяржаўным інфармагенцтвам Russia today).

«Як паказвае практыка, і сусьветная ў тым ліку, можна знайсьці злачынцаў, якім удавалася хавацца ад крымінальнага перасьледу ледзь ня ўсё жыцьцё, — сказаў ён. — Прынцып няўхільнасьці пакараньня павінен працаваць бесьперабойна, а наша задача — гэта забясьпечыць. Але адзначу, што „зьбеглыя“ не папоўняць сьпіс злачынстваў мінулых гадоў, бо мы актыўна выкарыстоўваем працэдуру спэцыяльнага вядзеньня, каб рашэньне па гэтых крымінальных справах было прынятае да іх затрыманьня».

Паводле слоў Аземшы, «удзельнікі самаабвешчаных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў», у ліку якіх ён назваў «Каардынацыйную раду, Байпол (Белпол), „НАУ“ і іх прыдаткі», «учынілі вялікую колькасьць злачынстваў на тэрыторыі Беларусі».

«Яны спрабавалі вярнуць у нашу краіну паўнацэнную арганізаваную злачыннасьць. Хіба мы можам пакінуць усё гэта беспакараным? Сярод гэтых людзей самыя сапраўдныя бандыты, здраднікі Радзімы», — сьцьвярджае ён.

Сёлета ўвесну Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў беларускую дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую да 15 гадоў пазбаўленьня волі, палітыка Валера Цапкалу — да 17 гадоў зьняволеньня, намесьніка Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце, кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» («НАУ») Паўла Латушку — да 18 гадоў пазбаўленьня волі. У рамках спэцвядзеньня на працяглыя тэрміны зьняволеньня завочна асуджаныя прадстаўнікі Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу, Беларускага фонду спартовай салідарнасьці і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG