Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледнікі высьветлілі, як Узбэкістан дапамагае Беларусі прадаваць у ЭЗ угнаеньні падсанкцыйнага прадпрыемства


Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», архіўнае фота

Тое, што краіны Эўразьвязу адкрыта купляюць угнаеньні зь Беларусі, высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БЦР) у партнэрстве зь літоўскімі калегамі з цэнтру Siena пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы рух» і «Кібэрпартызанаў»

Карбамід — угнаеньне, на долю якога прыпадала 40% паставак зь Беларусі ў ЭЗ сярод мінэральных азотных угнаеньняў. Гэта зьвесткі за апошнія 5 гадоў да ўвядзеньня санкцый супраць прадпрыемства «Гродна Азот». Аднак, нягледзячы на абмежаваньні, яго прадукцыя трапляе на гэты рынак і цяпер. БРЦ высьветліў, які шлях ад горадзенскіх цэхаў да эўрапейскіх спажыўцоў праходзяць беларускія ўгнаеньні і як удаецца схаваць іх паходжаньне.

Паводле зьвестак Эўрастату, за 6 месяцаў 2023 году ў ЭЗ імпартавалі больш за 7,8 тысячы тон беларускага карбаміду на суму €3,7 млн. Колькі ў гэтай статыстыцы прадукцыі падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», невядома.

«Але ведаем, што кампанія знайшла шлях, як замаскаваць паходжаньне прадукцыі. БРЦ высьветліў, што „Гродна Азот“ абыходзіць санкцыі, выдаючы свой карбамід за ўзбэцкі і выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Юры Рававы ў гутарцы з журналістамі БРЦ адзначыў, што «Гродна Азот» — адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.

У санкцыйны сьпіс Эўразьвязу адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі трапіла ў сьнежні 2021 году за звальненьні працаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У рашэньні аб увядзеньні санкцый Рада ЭЗ называе «Гродна Азот» «крыніцай значных даходаў для рэжыму Лукашэнкі», а таксама «адказным за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці». Тады ж экспарт карбаміду зь Беларусі ў ЭЗ пачаў зьніжацца і пачалі расьці пастаўкі з Узбэкістану.

У Сэрбію праз Узбэкістан

У 2021 годзе Узбэкістан упершыню з траўня 2017-га паставіў карбамід у Эўразьвяз. Паступова ўзбэцкія пастаўкі дасягнулі аб’ёмаў паставак зь Беларусі да ўвядзеньня санкцый. БРЦ высьветліў, што карбамід з Узбэкістану мае беларускае паходжаньне. Дзякуючы «Рабочаму руху» журналісты-расьсьледнікі атрымалі дакумэнты, якія паказваюць, як «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, выдаючы свой прадукт за ўзбэцкі. У распараджэньні БРЦ апынуўся кантракт, паводле якога беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Грыкам» прадае карбамід узбэцкай фірме Wakler Exim.

Дадатак да гэтай дамовы тлумачыць, навошта беларускі карбамід прадаваць ва Ўзбэкістан, дзе з 2017 году існуе праграма разьвіцьця хімічнай прамысловасьці, у рамках якой плянавалі інвэставаць у гэтую галіну больш за $3 млрд, а два гады таму запусьцілі два новыя заводы па вытворчасьці азотнай кіслаты, аміяку і карбаміду. У ім канчатковым атрымальнікам беларускага карбаміду пазначаная фірма Wakler.

Згодна з актам прыёму-перадачы тавару па гэтым кантракце ад 2022 году амаль тры тысячы тон карбаміду, які прадаў «Грыкам», загрузілі ў вагоны на чыгуначнай станцыі Аульс побач з «Гродна Азотам». За гэтую партыю Wakler Exim заплаціў каля €885 тыс.

Юры Рававы лічыць, што Ўзбэкістан можа дапамагаць беларускаму «Гродна Азоту», выдаючы сэртыфікаты якасьці на прадукцыю — нібыта яна выраблена на ўзбэцкім заводзе.

Расьсьледнікі БРЦ высьветлілі, хто стаіць за фірмай, якая дапамагае «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі, хто кіруе кампаніямі, якія яшчэ існуюць схемы кантрабанднага экспарту беларускіх угнаеньняў.

Каб прадухіліць абыход санкцый, можна ўвесьці дадатковыя захады, якія абмяжоўваюць магчымасьці паставак прадукцыі «Гродна Азоту» на эўрапейскі рынак, лічыць Павал Латушка, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG