Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы трацяць на харчаваньне 40% усіх даходаў, гэта вынік савецкай мадэлі кіраваньня, — эканаміст Раманчук


Яраслаў Раманчук на Форуме прадпрымальнікаў, 2019. Архіўнае фота
Яраслаў Раманчук на Форуме прадпрымальнікаў, 2019. Архіўнае фота

Эканаміст Яраслаў Раманчук аналізуе прычыны сёлетняга правалу ў сельскай гаспадарцы, адказвае на пытаньне, навошта ўлада трымаецца за эканамічна неэфэктыўную калгасную сыстэму, і расказвае, якая галоўная мэта ў чыноўнікаў і аграбаронаў.

Сьцісла:

  • Правал з ураджаем (сабрана каля 6 мільёнаў тонаў збожжа) — гэта выключна наступствы існай сыстэмы кіраваньня і савецкай культуры гаспадараньня.
  • Фэрмэры безь дзяржаўнай падтрымкі маюць паказчыкі ў тры разы лепшыя за сельгаспрадпрыемствы (тыя ж калгасы, па сутнасьці).
  • У іх мэта — «асвоіць бюджэты», зарабіць грошы на «адкатах» і пастаўках.
  • Расея летась датавала рознымі шляхамі беларускую эканоміку на 15 працэнтаў ВУП, каля 10 мільярдаў даляраў.
  • Беларускае кіраўніцтва ня гоніцца за такой эфэктыўнасьцю працы, як на Захадзе, дастаткова вырабляць свае трактары, тэхніку хаця б трохі лепшую, чым у Расеі.

— Сёлета вынікі беларускай сельскай гаспадаркі, відавочна, можна назваць правалам. Ураджай збожжавых сабраны значна меншы за заплянаваны. Улады ўжо абвясьцілі, што вымушаныя будуць закупіць звыш мільёна тонаў збожжа за мяжой. Ці можна такія сумныя лічбы патлумачыць толькі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, альбо гэта ў пэўнай ступені заканамерны вынік узроўню беларускай сельскай гаспадаркі?

— Украіна, якая вядзе вайну, змагаецца з расейскай агрэсіяй, сабрала 80 мільёнаў тонаў збожжа і будзе яго экспартаваць. Правал у Беларусі (сабрана каля 6 мільёнаў тонаў) — гэта выключна наступствы дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня і існай «саўковай» культуры гаспадараньня. Аграбароны атрымліваюць грошы, якія нярэдка потым не вяртаюць. Закопваюць у зямлю сотні мільёнаў даляраў, потым скажуць, што «даўганосік зьеў».

Гэта цынізм тых людзей, якія выкарыстоўваюць асаблівае стаўленьне Лукашэнкі да сельскай гаспадаркі і зноў і зноў атрымліваюць грошы зь дзяржаўнага бюджэту. Так што цяперашні правал — наступства той сыстэмы кіраваньня і матывацыі, якая даўно склалася ў Беларусі.

— Апанэнты вашага погляду скажуць, што пэўныя дасягненьні ў беларускай сельскай гаспадаркі ёсьць: краіна забясьпечвае сябе прадуктамі харчаваньня, таксама пастаўляе іх на экспарт. Да таго ж ва ўсіх краінах існуе фінансавая падтрымка сельгасвытворцаў з боку дзяржавы.

— Падтрымка сельскай гаспадаркі ў іншых краінах ёсьць, але значна меншая. Паводле прапорцыяў да ВУП гэтая доля ў разы меншая, чым у Беларусі. Але самае галоўнае — што формы падтрымкі радыкальна іншыя, яны не блякуюць рынкавыя мэханізмы і канкурэнцыю.

Тут варта нагадаць, колькі хатнія гаспадаркі ў Беларусі трацяць на харчаваньне. 40 працэнтаў усіх сваіх даходаў! Гэта кажа пра тое, што і даходы малыя, і цэны на харч даволі высокія. У ЗША на харчаваньне людзі трацяць 10 працэнтаў, у Эўразьвязе ў сярэднім — 12–13 працэнтаў. Атрымліваецца, што беларусы значную частку сваіх даходаў праядаюць і ў іх не застаецца грошай на разьвіцьцё, інвэстыцыі ў жыцьцёвыя мэты і гэтак далей.

— Аднак у сельскай гаспадарцы Беларусі з кожным годам працуе ўсё менш людзей. Гэта ж сьведчыць пра тое, што расьце ўзровень аўтаматызацыі, прыходзяць новыя тэхналёгіі — у выніку з той самай задачай спраўляецца меншая колькасьць працаўнікоў.

— Найперш гэта сьведчыць пра кепскую дэмаграфію ў беларускай вёсцы. Сяло старэе і вымірае, і гэта працэс незваротны ў гэтай сыстэме.

Так, новыя мэтады і тэхналёгіі пранікаюць, але ж нельга казаць, што ў Беларусі добрая прадукцыйнасьць працы і ўраджайнасьць. Наадварот, усе гэтыя лічбы меншыя ў параўнаньні з суседнімі дзяржавамі.

Нават у афіцыйных зборніках Міністэрства сельскай гаспадаркі паведамляецца, што фэрмэры безь дзяржаўнай падтрымкі маюць паказчыкі ў тры разы лепшыя за сельгаспрадпрыемствы (тыя ж калгасы, па сутнасьці). І тут можна канстатаваць, што сельская гаспадарка — ахвяра савецкага ўкладу.

— Няўжо яны з прычыны ідэалёгіі ня жадаюць бачыць, што гэтыя прадпрыемствы прыносяць толькі страты? Якая прычына іх утрымліваць — чыста палітычная?

— Прычына ў мэце і матывацыі. Калі б у іх была задача і мэта зрабіць канкурэнтаздольную сельскую гаспадарку, каб больш прадаць і зарабіць, — гэта адно. Але калі ў іх мэта «асвоіць бюджэты», зарабіць грошы на «адкатах» і пастаўках — гэта зусім іншае.

Гэтыя прадпрыемствы, як і калгасы, — гэта ідэалягічны кампанэнт, інфраструктурны аспэкт. І, безумоўна, гэта электарат, які залежыць ад кіраўніцтва. Ім выдаюць граматы, запрашаюць на Дажынкі — і ім здаецца, што гэта і ёсьць посьпех у жыцьці.

— Улада любіць хваліцца дасягнутай харчовай бясьпекай. Але міністар сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ заявіў, што празь неспрыяльныя ўмовы надвор’я Беларусь недаатрымае 1 мільён тонаў збожжа, якія давядзецца купляць за мяжой. Атрымліваецца, што Беларусь ня можа сябе забясьпечыць нават пшаніцай?

— Гэта невялікая сума для Расеі, дзе будзе закуплена тое збожжа. Расея летась датавала рознымі шляхамі беларускую эканоміку на 15 працэнтаў ВУП, каля 10 мільярдаў даляраў. Дадуць зьніжку і на гэтыя збожжавыя, ці прададуць па ўнутрырасейскіх цэнах — гэта проста павялічыць суму датацыяў Расеі Менску. Лукашэнка, можа, скажа: купіце ў нас за гэтае збожжа беларускія трактары ці «малочку».

— Наколькі зараз на беларускую сельскую гаспадарку ўплываюць эўрапейскія санкцыі? Гэта ж ня толькі абвал таваразвароту з Эўразьвязам, але яшчэ і адсутнасьць новых тэхналёгіяў з Захаду.

— Замест эўрапейскага пераключыліся на расейскі рынак — туды ідзе больш за 90 працэнтаў беларускага сельскагаспадарчага экспарту. Такім чынам, Лукашэнка зарабляе на вайне, выконваючы нават расейскія дзяржаўныя замовы. Беларускае кіраўніцтва ня гоніцца за такой эфэктыўнасьцю працы, як у нашых суседзяў на Захадзе — дастаткова вырабляць свае трактары, тэхніку трохі лепш, чым у Расеі. І яна лепшая, чым у Расеі, таму там і купляецца.

— На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, дзе вы былі кандыдатам, ваш палітычны лёзунг гучаў як «пабудуем новае, захаваем лепшае». З гэтага гледзішча — як вы бачыце неабходныя рэформы ў беларускай сельскай гаспадарцы?

— Павінен быць створаны паўнавартасны рынак зямлі. Трэба рабіць стаўку на фэрмэраў, якія нават ва ўмовах Беларусі даказвалі, што могуць працаваць эфэктыўна. Трэба інтэграваць сельскую гаспадарку ў рэгіянальныя рынкі збыту, выкарыстоўваць самыя сучасныя тэхналёгіі (цяпер назіраем чацьвёртую прамысловую рэвалюцыю). Ствараць прыватныя банкі зямлі, прыватныя страхавыя кампаніі, выходзіць на рынкі Афрыкі і Азіі. Дзяржава павінна ствараць такія спрыяльныя ўмовы, каб беларускі і замежны капітал імкнуўся ўкладацца ў сельскую гаспадарку і ўвогуле ў зямлю — экалягічны і агратурызм, рэабілітацыя лясоў і гэтак далей.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG