У Армэнію з Нагорнага Карабаху выехалі 2 906 уцекачоў, паведаміла дзяржаўнае агенцтва ARMENPRESS са спасылкай на ўрад.
У сталіцы краіны працягваюцца акцыі пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна.
Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода, улады затрымалі 26 удзельнікаў пратэсту. Стала вядома аб арышце Лявона Качар'яна, сына другога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар'яна. Яго затрымалі яшчэ 22 верасьня, а суд ухваліў рашэньне аб узяцьці яго пад варту на месяц — сльедчыя абвінавацілі яго ў выкарыстаньні гвалтоўных дзеяньняў датычна да прадстаўніка ўлады. Лявон Качар'ян назваў гэтыя абвінавачаньні сфальсыфікаванымі.
Азэрбайджанскія ўлады адключылі энэргетычныя аб’екты Стэпанакерту ад армянскай энэргасыстэмы і падключылі яе да азэрбайджанскай. Цяпер, сьцьвярджае Баку, энэргазабесьпячэньне рэгіёну аднавілі.
Як паведаміла азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва AZERTAC, Міністэрства абароны Азэрбайджану паведаміла, што ў Карабаскім раёне працягваецца раззбраеньне. У Баку сьцьвярджаюць, што ў розных мясцовасьцях рэгіёну ў цывільных памяшканьнях, якія выкарыстоўвалі як склады, знайшлі баявую тэхніку, абсталяваньне і вялікую колькасьць боепрыпасаў — ракеты, артылерыйскія снарады і міны.
26 верасьня ў Брусэлі (Бэльгія) заплянавалі сустрэчу сакратара Рады бясьпекі Армэніі Армэна Грыгар'яна з Хікмэтам Гаджыевым, дарадцам прэзыдэнта Азэрбайджану, а таксама з дарадцамі прэзыдэнтаў Францыі, Эўрапейскай Рады і канцлера Нямеччыны.
Мэтай гэтай сустрэчы вызначылі падрыхтоўку сустрэчы лідэраў Армэніі, Азэрбайджану, Францыі, Нямеччыны і Эўразьвязу, якую заплянавалі на 5 кастрычніка. Менавіта на гэтай сустрэчы, яшчэ да пачатку баявых дзеяньняў з боку Азэрбайджану, плянавалася падпісаньне мірнай дамовы.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».