Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. У чым «нацыянальныя інтарэсы» прадстаўнікоў рэжыму і дзе прачытаць праўду пра Заходнюю Беларусь


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Дзе пра Заходнюю Беларусь можна прачытаць праўду?

— У кнізе Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага» (PDF). Аўтар нічога не прыдумаў, а толькі сабраў сьведчаньні жывых удзельнікаў падзеяў на цалкам забароненую пасьля вайны (а сёньня асабліва) тэму: пра масавы супраціў людзей Заходняй Беларусі прыходу савецкай улады і татальны тэрор з боку гэтае ўлады: тысячы забітых, дзясяткі тысяч адпраўленых у канцлягер. Дакумэнтальны трылер, збудаваны выключна на праўдзе фактаў.

— Пра міну ў беларускай гімназіі ў Вільні. Ці маглі на гэта пайсьці ўлады РБ, бо там вучацца дзеці беларусаў, што выступаюць супраць рэжыму?

— Калі гэта не звычайнае хуліганства дзеля хуліганства, а дзеяньне з пэўнымі палітычнымі мэтамі, дык нікога іншага, апроч рэжыму ці ягоных праціўнікаў, і не западозрыш. Бо толькі гэтая ўлада пасьлядоўна шкодзіць суседзям, варта згадаць міграцыйны крызіс ці кантрабанду цыгарэт на дзяржаўным узроўні ці агрэсіўную рыторыку прапагандыстаў. Таму тут два варыянты: ці гэта ўчыніў рэжым, ці яго праціўнікі, зноў жа, для дыскрэдытацыі рэжыму, бо ні на каго іншага падумаць не выпадае.

— Чаму ў эміграцыі не аднаўляюць дзейнасьць закрытыя ў Беларусі партыі?

— Праз адсутнасьць рэальных выбараў партыі ў Беларусі дэградавалі задоўга да арыштаў, эміграцыі і закрыцьця. Таму, калі ўзьнікнуць партыі за мяжой, яны будуць іншымі. Напэўна, гэта будзе клясычны падзел на кансэрватараў і лібэралаў, як бы яны не называліся.

Беларусаў у эміграцыі дастаткова, каб паўсталі партыі, каб выбраць парлямэнт і стварыць легітымны ўрад у выгнаньні. Вядома, гэтая дзейнасьць пашыралася б і на тых, хто ў Беларусі. Але для гэтага патрэбная воля лідэраў. Пакуль жа лідэры здавальняюцца квазіструктурамі: рухамі ды ініцыятывамі.

— Якая розьніца паміж каханьнем і любоўю?

— Паэтка Ніна Мацяш напісала пра гэта верш:

На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» ня сьмею,

І калі позірк позіркам злаўлю,

Як птушанё, спалохана нямею.

Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

Сьвятла, што падарылі, не растрачу.

І шчырых слоў ніколі не згублю.

...Нашто журба ў цёплых зрэнках Вашых?

Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

Калі казаць зусім проста: кахаеш цела, а любіш душу.

— Кожны раз, чытаючы пра палітвязьняў, адчуваю дзікі сорам. Чаму?

— Пачуцьцё сораму не даецца ад нараджэньня. Яно выхоўваецца людзьмі або кнігамі. Прычым перажываецца сорам як за ўласныя кепскія ўчынкі, так і за тую несправядлівасьць, якую робяць іншыя, тыя, хто такога пачуцьця ня мае.

Глябальная прычына таго, што сёньня адбываецца ў Беларусі, — уладу трымаюць людзі, у якіх ня выхавалі гэтага пачуцьця ў дзяцінстве, у якіх не было нармальнай сям’і, якія не чыталі добрых кніг. Многія міліцыянты, судзьдзі, пракуроры ў выніку адмоўнай сэлекцыі вырабляюць тое, за што сорамна вам і ўсім, хто ўмее саромецца і спачуваць.

— Ці бывалі ў гісторыі Беларусі рэпрэсіі, падобныя цяперашнім?

— Турмы і эміграцыя ў супастаўных памерах былі на працягу ўсяго ХІХ ст. Былі сталінскія рэпрэсіі 1930-1950-х гадоў (+ масавыя расстрэлы). Варта мець на ўвазе, што зьнішчэньне нацыі, мовы і культуры заўсёды абярталася то нараджэньнем нацыі ў ХІХ ст., то культурным рэнэсансам пасьля сьмерці Сталіна. Нацыя і культура на прыгнёт нязьменна адказвалі словамі Багдановіча: «Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

Падобны працэс адбываецца і сёньня. Гэта значыць, што ён аб’ектыўны.

— Калі прадстаўнікі рэжыму кажуць пра нацыянальныя інтарэсы, што яны маюць на ўвазе?

— Інтарэсы беларускай нацыі і рэжыму даўно разьведзеныя ў супрацьлеглыя бакі. Беларускую мову рэжым выціскае расейскай, беларускія культуру, гісторыю, мэдыя прызнае экстрэмісцкімі, сам купалаўскі вокліч «Жыве Беларусь!» забаронены. Таму яны кажуць пра расейскія нацыянальныя інтарэсы, у тым выглядзе, як іх разумеюць у расейскай правінцыі.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG