Паводле інфармаваных крыніц, многіх знакавых палітвязьняў у сакавіку зьмясьцілі ў ПКТ на 6 месяцаў. У канцы верасьня гэты тэрмін завяршаецца.
20 лютага бацькам прыйшоў апошні ліст ад Ігара Лосіка. Адвакат бачыў палітвязьня ў лютым, пасьля яго не пускалі ў калёнію (маўляў, няма заявы Лосіка на сустрэчу з абаронцам), а потым пазбавілі ліцэнзіі. Такім чынам, амаль паўгода ў Ігара няма абаронцы, які, тэарэтычна, мог бы даведацца, што адбываецца ў калёніі зь вязьнем, чаму зь ім няма сувязі.
У сакавіку Ігар Лосік на знак пратэсту парэзаў сабе руку і шыю. Бацькі двойчы езьдзілі ў калёнію на прыём да начальніка. Ім паведамілі, што Ігар адбывае пакараньне, стан здароўя задавальняючы, таму спатканьні, званкі, перадачы забароненыя.
Паводле інфармаванай крыніцы, Ігара Лосіка ў сакавіку зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на паўгода. У ПКТ «атаварка» у турэмнай краме дазволеная на 1 базавую велічыню (37 рублёў). Грошы Ігару рэгулярна пераводзяць, але скарыстацца імі ён ня можа. Паводле адной з вэрсій, усе грошы зь ягонага рахунку спаганяюць у кошт матэрыяльнага пазову.
18 верасьня канчаецца тэрмін знаходжаньня Лосіка ў ПКТ і яго павінны перавесьці ў атрад. Былы палітзьняволены Аляксандар Кабанаў адбываў свой тэрмін у Наваполацкай калёніі № 1, дзе цяпер утрымліваюць шмат палітвязьняў: Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка, Андрэя Аляксандрава, Анджэя Пачобута і іншых. Кабанаў патлумачыў, што ПКТ у калёніі — гэта асобны агароджаны будынак за калючым дротам на адлегласьці ад асноўнай зоны, там свая ахова.
«Пасьля адбыцьця тэрміну павінны „падняць у атрад“. Далей усё непрадказальна, як начальства вырашыць: могуць пакінуць у атрадзе, могуць зноў да нечага прычапіцца і пакараць ПКТ альбо перавесьці ў крытую турму», — разважае Кабанаў.
Паводле праваабаронцаў, усе тры крытыя турмы (У Горадні, Магілёве, Жодзіне) перапоўненыя, таму, пэўна, вязьняў усё часьцей пакідаюць адбываць пакараньні ў ШЫЗА, ПКТ у сваіх калёніях.
«У перапісцы не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі не перашкаджае»
Фактычна больш за паўгода няма ніякай сувязі са многімі палітзьняволенымі: Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Марыяй Калесьнікавай, Максімам Знакам ды іншымі.
На шматлікія скаргі сваякоў палітзьняволеных, чаму не даходзяць нават лісты, ім прыходзяць ад кіраўніцтва калёній стандартныя адказы: «У адпаведнасьці з КПК асуджаныя маюць права атрымліваць ад блізкіх сваякоў і іншых асоб грашовыя пераводы. Адміністрацыя ў атрыманьні грашовых сродкаў асуджанаму не перашкаджае». Тое самае і пра ліставаньне, атрыманьне пасылак, бандэроляў: «У перапісцы не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі не перашкаджае».
Жонка палітыка Міколы Статкевіча днямі паведаміла ў фэйсбуку, што ад яе мужа няма зьвестак 220 дзён. Яна пісала процьму скаргаў, атрымлівала адказы прыкладна такога ж зьместу. А калі паехала на прыём да начальніка калёніі, ён адказаў: «Усе прэтэнзіі да Белпошты». Мэдычныя бандэролі, якія яна слала мужу-палітвязьню, вярталіся: маўляў, з пошты ў калёнію іх не забралі.
«Невыносныя ўмовы для зьняволеных»
Адвакат, які абараняў некалькіх вядомых палітвязьняў, а цяпер пазбаўлены ліцэнзіі, зьвяртае ўвагу, што зь лютага-сакавіка 2023 году пачалася новая хваля рэпрэсій у дачыненьні ня толькі да саміх вязьняў, але і да іх абаронцаў.
«Фактычна многія мэдыйныя палітычныя зьняволеныя апынуліся ў сытуацыі „інкамунікада“ — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету: не атрымліваюць карэспандэнцыі, ня могуць сустрэцца з адвакатам, ня могуць тэлефанаваць сваякам.
Тое, што многіх вядомых палітвязьняў сыстэматычна караюць спагнаньнямі ў выглядзе ШЫЗА, накіраваньня ў ПКТ, сьведчыць, што рэпрэсіўныя органы ствараюць невыносныя ўмовы для зьняволеных і, хутчэй за ўсё, хочуць ініцыяваць дадатковае асуджэньне паводле артыкулу 411 КК („Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“) і дадаць яшчэ некалькі гадоў турмы.
Акрамя таго, пасьля масавага затрыманьня адвакатаў у сакавіку многія абаронцы адмаўляюцца браць „палітычныя“ справы або нават працягваць весьці бягучыя справы», — выказаў думку адвакат.