Сёньня «няма ніякіх сумневаў» у тым, што рэжымы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна «плячо ў плячо ўдзельнічаюць у расейскай агрэсіі супраць Украіны і выкраданьні ўкраінскіх дзяцей», заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс 21 верасьня ў Нью-Ёрку на крулым стале «Пагроза незалежнасьці Беларусі і міжнародны адказ» на палях 78-й сэсіі Генасамблеі ААН.
«У той час як сьвет усё больш „стамляецца“ ад вайны Расеі супраць Украіны, мы ня можам заставацца пасіўнымі назіральнікамі за падзеямі ў Беларусі, — цытуе чыноўніка прэс-служба літоўскага замежнапалітычнага ведамства. — Выбраная лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская і іншыя дэмсілы ў Беларусі маюць патрэбу ў падтрымцы міжнароднай супольнасьці, а мы ўсё маем патрэбу ў дэмакратычнай Беларусі».
«Неабходна ня толькі гучна гаварыць аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу, але і яшчэ больш жорстка караць бізнэс і прыватных асоб, якія дапамагаюць Расеі. Неабходна таксама актывізаваць намаганьні ў аказаньні дапамогі дэмакратычным сілам краіны ў захаваньні незалежнасьці Беларусі, правядзеньні незалежных выбараў і аднаўленьні дэмакратычных інстытутаў», — дадаў Ландсбергіс.
На гэтай сустрэчы кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Улахоўскі, паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, падкрэсьліў, што Беларусь «павінна заставацца на міжнародным парадку дня». Ён запэўніў, што Браціслава «будзе падтрымліваць дэмакратычную і незалежную Беларусь».
У сваю чаргу міністарка замежных спраў Ісьляндыі Тоўрдыс Кольбрун Рэйкф’ёрд Ґільфатоўхтыр адзначыла, што перамога дэмакратычнай Беларусі «будзе перамогай усяго сьвету». На яе думку, у інтарэсах усёй Эўропы, каб Беларусь была незалежнай краінай.
Дзяржаўны міністар МЗС ФРГ Тобіяс Лінднэр зьвярнуў увагу на тое, што «Расея і рэжым Лукашэнкі падрываюць незалежнасьць Беларусі разьмяшчэньнем ядзернай зброі, расейскіх войскаў», але Нямеччына «бачыць супраціўленьне беларусаў». Паводле яго, Бэрлін распрацаваў «спэцыяльную праграму падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі».