Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жытоміры заявілі аб праблемах з тэхнічным абслугоўваньнем і рамонтам беларускіх тралейбусаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі на другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны 3–4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі на другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны 3–4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры. Архіўнае фота

Афіцыйную дамову аб пастаўках беларускіх тралейбусаў падпісалі на другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які праходзіў 3–4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры. Там адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.

У Жытоміры, які перад вайной набыў 50 тралейбусаў вытворчасьці «Белкамунмашу», заявілі аб праблемах зь іх рамонтам.

«Мы ні ад кога не хаваем, што БКМ — беларускі тралейбус. Зь лютага ў нас перарваліся ўсе гарантыйныя тэрміны, няма ніякага абслугоўваньня, няма ніякай сувязі з заводам-вытворцам. Там вельмі шмат абсталяваньня, якое рабілі на тэрыторыі Беларусі», — заявіў намесьнік мэра Жытоміра Аляксандар Шаўчук, паведаміла мясцовае выданьне zhitomir.info.

Паводле яго, з 50 купленых у Беларусі тралейбусаў 48 заўсёды выходзяць на маршруты, а два становяцца на рамонт. «Рамонт выконваецца толькі сіламі камунальнага прадпрыемства, ніякімі падраднымі арганізацыямі», — падкрэсьліў ён.

Цяпер гарадзкія ўлады Жытоміру заявілі аб патрэбе і плянах набыць новы транспарт — 15 тралейбусаў з аўтаномнаю хадою і 15 электробусаў.

У сакавіку 2021 году стала вядома, што Беларусь сарвала выкананьне кантракту аб пастаўцы да канца 2020 году ў Жытомір 50 тралейбусаў. Беларускае прадпрыемства тлумачыла праблемамі, якія зьявіліся пасьля падзей у 2020 годзе, а таксама эпідэміяй каранавірусу. Улады Жытоміра зьбіраліся выставіць беларускаму боку штрафнымі санкцыямі, але ўрэшце «Белкамунмаш» выканаў кантракт і Жытомір атрымаў усе 50 тралейбусаў.

Гарадзкія ўлады Жытоміру 9 красавіка 2019 году абвясьцілі тэндэр на закуп тралейбусаў, які выйграла беларускае прадпрыемства «Белкамунмаш». Афіцыйную дамову аб пастаўках беларускіх тралейбусаў падпісалі на другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які праходзіў 3–4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры. Там адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.

Раней кіраўнік «БКМ-Україна» Мікола Раманюк у інтэрвію Свабодзе сьцьвярджаў, што ў тралейбусах «Белкамунмашу» аб’ём украінскіх дэталяў складаў да 25%. Найперш іх камплектавалі ўкраінскімі маторамі.

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны ў сьнежні 2022 году зацьвердзіла дакумэнты кампаніі «БКМ-Україна» аб выдаленьні беларускага прадпрыемства «Белкамунмаш» з складу заснавальнікаў. Цяпер яго ўласьнікамі ёсьць луцкае прадпрыемства «РІСТ-Н» і грамадзянін Украіны Сяргей Мартыняк. Такім чынам «БКМ-Україна» захавала магчымасьць працаваць на ўкраінскім рынку.

Украіна спыніла гандаль зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

У той жа час урад Украіны не забараняў гандаль зь Беларусьсю, як гэта было зроблена стасоўна Расеі. Юрысты, якія знаюцца на міжнародным гандлі, таксама зьвяртаюць увагу, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай дагэтуль дзейнічае пагадненьне аб свабодным гандлі, згодна зь якім беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну бяз мыта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG