Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск пачынае выпрабаваньні на людзях нэўрачыпа Neuralink


Ілан Маск з лога Neuralink
Ілан Маск з лога Neuralink

Амэрыканская кампанія Neuralink, якая належыць мільярдэру Ілану Маску, пачала набор добраахвотнікаў для выпрабаваньня лячэбнай прылады.

Neuralink — гэта мікрачып, які ўжыўляецца непасрэдна ў мозг. У дасьледаваньнях могуць удзельнічаць людзі, паралізаваныя з прычыны траўмы ці нэўралягічных хваробаў. Калі выпрабаваньні пройдуць пасьпяхова, яны зноў змогуць рухацца.

Мікракампутар Neuralink мае памер прыкладна з манэту. Ён зьмяшчае ў сабе больш за 3000 электродаў, злучаецца з мозгам дратамі, кожны зь якіх у 10 разоў танчэйшы за чалавечы волас, і можа кантраляваць каля тысячы нэўронаў.

Амэрыканскае агенцтва кантролю за прадуктамі і лекамі (FDA) ухваліла выпрабаваньні Neuralink у траўні. Для ўдзелу ў праграме запрашаюцца цалкам паралізаваныя добраахвотнікі. Атрымаўшы мікракампутар, яны павінны будуць знаходзіцца пад назіраньнем шэсьць гадоў. Пасьля гэтага можна будзе зрабіць высновы аб эфэктыўнасьці і бясьпецы тэхналёгіі. Калі выпрабаваньні пройдуць пасьпяхова, тэхналёгію могуць ухваліць для масавага ўжываньня.

Раней кампанія Маска дэманстравала вынікі ўжыўленьня Neuralink у мозг паддосьледных жывёлаў, сьвіней і малпаў. У сьвіньні чып кантраляваў нэрвы, якія адказваюць за рухі ног і адчувальнасьць лыча. Малпе ён дазваляў «сілай думкі» гуляць у відэагульні.

Сам Ілан Маск бачыць шырокія пэрспэктывы для выкарыстаньня нэўрачыпаў. На яго думку, такім чынам можна будзе вылечыць многія захворваньні: ад сьлепаты да алькагольнай залежнасьці. Таксама, лічыць ён, ёсьць і немэдычныя галіны ўжываньня чыпаў: Neuralink зможа зьвязвацца з праграмай у смартфоне, дазваляць чалавеку весьці разумную машыну, не дакранаючыся да стырна, выходзіць у інтэрнэт або гуляць у кампутарныя гульні непасрэдна з галавы.

Крытыкі праграмы зьвяртаюць увагу на тое, што любое іншароднае цела ў мозгу — гэта рызыка інфэкцыі і запаленьня. Акрамя таго, невядомыя наступствы, калі мікракампутар зламаецца. Да таго ж за час распрацоўкі чыпа кампаніі Neuralink ужо давялося неаднаразова даваць справаздачу за гібель паддосьледных жывёлаў у выпрабаваньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG