Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мала хто з нас узгадвае школу з падзякай і цёплымі пачуцьцямі». Як палегчыць адаптацыю ў школе


Аляксандар Лукашэнка наведаў сьвяточную лінейку ў гонар Дня ведаў у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёну, 1 верасьня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка наведаў сьвяточную лінейку ў гонар Дня ведаў у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёну, 1 верасьня 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі зь дзіцячым псыхолягам пра тое, як дапамагчы дзецям на пачатку вучобы, як бацькам рэагаваць у моманты раздражненьня і бясьсільля і як зразумець, што трэба зьвярнуцца па дапамогу.

Дзіцячы псыхоляг Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) кажа, што адаптацыя праходзіць у дзяцей па-рознаму, і шмат што залежыць ад таго, зь якім досьведам дзіця ўваходзіць у школьны працэс.

«Калі ёсьць досьвед садка, адаптуюцца лягчэй дзеткі. Калі дзіця не хадзіла ў садок, то ў псыхікі будзе задача выбудоўваць сацыяльнае ўзаемадзеяньне, а ў меншай ступені адаптавацца да навучаньня. Ну, і калі за паўгода дзіця не адаптавалася, то гэта ўжо падстава зьвяртацца да псыхоляга».

У сыстэме адукацыі на працэс адаптацыі адводзяць адзін-два месяцы, але гэтага можа быць мала, асабліва для першаклясьнікаў, кажа Вольга. Таксама варта памятаць пра «летні адкат».

«Гэта калі дзеці за летнія вакацыі забываюць тое, што было па вучэбнай праграме летась. Тады адзін месяц адводзіцца на тое, каб увайсьці плаўна ў рэжым навучаньня. Добры настаўнік, як правіла, улічвае гэты фактар, не дае кантрольных і праверачных работ у першы месяц».

На просьбу Свабоды экспэртка назвала некалькі асноўных праблемаў, якія могуць узьнікнуць у школьнікаў і іх бацькоў, а таксама дала парады, як іх вырашаць.

Дзіця пратэстуе і ня хоча ісьці ў школу

Калі дзіця выдае эмацыйную рэакцыю, магчыма, гістэрыку, і ня хоча ісьці вучыцца, першая задача бацькоў — прыняць пратэст дзіцяці, не вінаваціць яго і не сароміць за такія рэакцыі, кажа псыхоляг.

«Мы павінны паставіцца з павагай да пачуцьцяў дзіцяці. Бо, праўда, мала хто з нас узгадвае школу з падзякамі і цёплымі пачуцьцямі. Часта гэта ня самае прыемнае месца, асабліва цяпер у Беларусі, у тым ліку і для настаўнікаў. Мы можам сказаць дзіцяці: „Так, ты можаш не хацець, табе можа гэта ўсё не падабацца. Але так уладкаванае жыцьцё, што дзеці ходзяць у школу“».

Вольга дадае, што можна абраць і альтэрнатыўныя формы. Прыкладам, хатняе навучаньне. Альбо разам зь іншымі бацькамі наняць рэпэтытараў, каб вучыцца зрабілася цікава.

Дзіця лянуецца вучыцца

Псыхоляг кажа, што ня верыць у фэномэн ляноты ў дзяцей, бо яны вельмі дапытлівыя і цікаўныя, так уладкаваная дзіцячая псыхіка.

«Я ўсё ж такі схільная думаць, што лянота тлумачыцца тым, што дзіцяці ня вельмі цікава. Тады варта паразмаўляць з пэдагогам, знайсьці рэпэтытара, альбо самі бацькі могуць пастарацца зрабіць працэс спазнаньня нейкага прадмету цікавым».

Важна, каб бацькі не падмянялі сабою настаўніка

Бацькоўская роля — гэта дапамога ў арганізацыі навучальнага працэсу, часу дзіцяці, кажа псыхоляг.

«Колькі дзіцяці трэба адпачыць? Які графік яму больш пасуе? Калі ў дзіцяці ёсьць гурткі, то хто адказвае за тое, калі і як туды трапіць?»

Дзеці могуць адпачываць па-рознаму

Камусьці пасуе такі графік, калі дзіця робіць хатняе заданьне паўгадзіны, потым адпачывае паўгадзіны, далей зноў бярэцца за хатняе, кажа Вольга.

«Добра, калі вы разам зь дзіцем ператворыце гэта ў такую гульню: „Уяві, што мы з табой навукоўцы-псыхолягі, якія дасьледуюць, як правільна адпачываць. Ты будзеш мне расказваць, што табе пасуе, а што — не. Як табе добра адпачываецца, а як ня вельмі“. І тады дзіця адчувае, што ў яго ёсьць права вызначаць самому».

Такі падыход фармуе ў дзіцяці паважлівае стаўленьне да сябе, свайго часу і жаданьняў, а таксама паляпшае сацыяльнае ўзаемадзеяньне, кажа псыхоляг.

«Я ня бачу нічога страшнага ў тым, калі ў пачатковай школе дзіця паэкспэрымэнтуе і „наадпачываецца“ да таго стану, каб не зрабіць хатняе заданьне. І добра, калі яно сустрэнецца з наступствамі. Бацькі могуць папярэдзіць настаўніка: „Ведаеце, Мікалай сёньня робіць такі экспэрымэнт. Я б хацела, каб вы адрэагавалі“. Але важна, каб настаўнік не выкарыстоўваў гэты момант, каб засароміць ці пакараць».

Дзіця адчувае сябе «не ў сваёй зграі»

Звычайна да новага дзіцяці шмат інтарэсу з боку вучняў у клясе. Але калі праз моўны бар’ер — напрыклад, калі дзіця пайшло школу за мяжой, — яно ня можа падтрымаць камунікацыю, гэта для яго вялікі стрэс, кажа Вольга.

«Напярэдадні паходу ў школу лепш пачынаць гуляць у невэрбальную камунікацыю, нешта падобнае да „Кракадзіла“: калі трэба растлумачыць нешта, а сказаць мы пра гэта ня можам, то трэба паказаць жэстамі ці праз малюнак у кнізе, напісаць нейкія літары».

Таксама можна загадзя дамовіцца ў школе, што дзіця можа пайсьці ў кабінэт псыхоляга, паразмаўляць, памаляваць, калі яно стамілася ці хоча паплакаць.

«Трэба навучыць дзіця падыходзіць да настаўніка. Можна, каб яно паказвала нейкую картку, напрыклад, „патэлефануйце маёй маме“. Гэта, як мінімум, такія памочнікі ў гэтай сытуацыі».

Што рабіць, калі вы адчуваеце да дзіцяці бясьсільле ці абурэньне?

У дачыненьні да дзяцей ня варта выкарыстоўваць любыя ацэначныя выказваньні: «ты дрэнны», «у цябе нічога не выходзіць», «ты ніколі ня сочыш за часам».

«Калі вы адчуваеце абурэньне або злосьць, пачынайце глыбока дыхаць. Чым глыбейшае нашае дыханьне, працяглыя выдыхі, тым меншым становіцца градус нашай актывацыі ў нэрвовай сыстэме. Псыхоляг Людміла Петраноўская прапануе такое: „Калі ўжо вам хочацца пакрычаць, вы спачатку ляжце. Вось паспрабуйце пакрычаць са становішча лежачы“».

Далей варта сказаць дзіцяці пра свае пачуцьці, раіць псыхоляг.

«Напрыклад: „Ты ведаеш, я зараз злуюся. Я раззлавалася, бо 25 разоў табе паўтарыла. Мне цяпер трэба супакоіцца. Я пайду прагуляюся/пасяджу/вып’ю кавы. Потым я да цябе падыду“. Так дзіця на нашым прыкладзе вучыцца, як абыходзіцца са сваімі моцнымі эмацыйнымі рэакцыямі. І ў гэтым няма траўмуючай функцыі: мы не цаляем у самаацэнку фразамі, якія могуць параніць і нанесьці шкоду».

Як зразумець, што дзіцяці сапраўды дрэнна і гэта ўжо ня проста адаптацыя?

Першае, што адгукаецца ў дзяцей у выніку нейкага напружаньня, — гэта вострае нежаданьне хадзіць у школу, якое цягнецца больш за месяц ці два, кажа псыхоляг.

«Добра паспрабаваць пагаварыць з пэдагогам: „Вы ведаеце, я заўважаю вось такое. Мне б хацелася, каб мы з вамі разам паспрабавалі зразумець, у чым жа прычына“. Бывае, асабліва ў першаклясьнікаў, калі дзіця сутыкнулася з траўматычным досьведам у садочку, яму можа не пасаваць настаўнік, які гучна гаворыць ці празьмерна строгі».

Для першаклясьнікаў роля настаўніка вельмі важная, падкрэсьлівае псыхоляг.

«Настаўнік павінен быць бясьпечным суб’ектам. Бо аўтарытэт бацькоў становіцца меншым і зьяўляецца іншая аўтарытэтная асоба — настаўнік. Дзіця можа прыходзіць і казаць: „А Марʼя Іванаўна сказала... І ня важна, што вы мне там кажаце“. Трэба памятаць, што ў першую чаргу варта выбіраць настаўніка, а потым школу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG