Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 праваабарончых арганізацый падрыхтавалі ліст 413 беларускім судзьдзям. Ім нагадалі пра адказнасьць за злачынствы рэжыму Лукашэнкі


Суд у Менску над палітвязьнямі Юрасём Зянковічам, Рыгорам Кастусёвым і іншымі
Суд у Менску над палітвязьнямі Юрасём Зянковічам, Рыгорам Кастусёвым і іншымі

У папяровых лістах, дасланых у Беларусь, — нагадваньне, што ўсе злачынствы судзьдзяў зафіксаваныя юрыстамі.

У лістах арганізацыі падкрэсьлілі датычнасьць судзьдзяў да парушэньня правоў чалавека і несправядлівасьць зьняволеньня невінаватых людзей у Беларусі. Судзьдзі, да якіх зьвярнуліся праваабаронцы, прымалі ўдзел у «палітычных» судах і выносілі прысуды ўдзельнікам мірных пратэстаў, асобам, якія выступаюць супраць вайны Расеі супраць Украіны, і людзям, якія проста патрабавалі асноўных правоў, многія зь іх цяпер абвешчаныя палітычнымі зьняволенымі.

Таксама ў лісьце адзначана, што судзьдзі адыгрываюць важную ролю ў аўтарытарным рэжыме дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Яны рэгулярна адмаўляюць абвінавачаным у асноўных законных правах на справядлівы суд, праводзяць закрытыя паседжаньні, не захоўваюць асноўныя стандарты бесстароннасьці і рэгулярна выносяць карныя выракі. Гэта робіць іх інструмэнтам у кампаніі жорсткасьці і прыгнёту Лукашэнкі, аднак раней міжнародная супольнасьць у значнай ступені ігнаравала іх саўдзел як групы.

Цяперашняя сумесная міжнародная кампанія ставіць судзьдзяў у цэнтар увагі.

Кен МакБэйн, кіраўнік кампаніі і прадстаўнік Libereco у Вялікай Брытаніі, сказаў, што для кампаніі важна, каб прадстаўнікі рэжыму, якія займаюцца гэтымі злоўжываньнямі, «разумелі, як сьвет глядзіць на іх дзеяньні».

У заключнай частцы ліста, разасланага індывідуальна на адрасы 413 судзьдзяў у Беларусі, гаворыцца:

«Вы маеце ўладу і адказнасьць, таму мы, усе ніжэйпадпісаныя, просім вас выконваць гэтыя паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з прынцыпамі вашай прафэсіі. Вам яшчэ ня позна найбліжэйшымі днямі і тыднямі ў судзе выканаць міжнародныя абавязальніцтвы, якія Беларусь узяла на сябе ў галіне правоў чалавека. Яшчэ ня позна вам выканаць абяцаньне, якое вы далі беларускаму народу».

Лісты беларускім судзьдзям ад міжнародных праваабарончых арганізацый
Лісты беларускім судзьдзям ад міжнародных праваабарончых арганізацый

Ліст падпісалі 20 праваабарончых арганізацый з 10 краін сьвету, у тым ліку Libereco (Нямеччына), Article 19 (Вялікая Брытанія), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава (Літва), Альжырская Ліга абароны правоў чалавека, Хэльсінскі камітэт Нідэрляндаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG