Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская папрасіла Швэцыю «трымаць дзьверы адчыненымі для беларусаў» і падтрымаць праект пашпарту Новай Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Для Ўкраіны і Беларусі няма іншага выбару, акрамя як працягваць барацьбу», — заявіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 11 верасьня на плошчы Нармальмсторг у Стакгольме на мітынгу, прымеркаваным да 20-й гадавіны гібелі міністра замежных спраў Швэцыі Анны Лінд.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў BPN, што падчас выступу дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла: беларусы і ўкраінцы «выбралі свой шлях — гэта шлях у Эўропу». «І ні танкі, ні бандыты [з групоўкі] „Вагнэр“ ня здолеюць спыніць нас на гэтым цяжкім, небясьпечным шляху», — заявіла яна.

На сустрэчы абмеркавалі апошні ўказ Лукашэнкі аб пазбаўленьні беларусаў магчымасьці абменьваць пашпарт у дыпляматычных прадстаўніцтвах. Ціханоўская папрасіла прэм'ера знайсьці рашэньне, якое дапаможа беларусам вырашыць пытаньні зь легалізацыяй. Таксама яна распавяла пра праект пашпарта новай Беларусі і заклікала Швэцыю падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Ціханоўская зьвярнулася да кіраўніцтва Швэцыі з просьбай «трымаць дзьверы адчыненымі для беларусаў, якія ўцякаюць ад тыраніі, і дапамагаць тым, хто ўжо тут жыве».

Акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, на мітынгу выступілі кіраўнік швэдзкага МЗС Тобіяс Більстром і міністар па справах міжнароднага разьвіцьця і зьнешняга гандлю Ёхан Форсэль (уваходзіць у структуру МЗС).

  • Сьвятлана Ціханоўская стала ляўрэаткай прэміі Анны Лінд за 2023 год. Прэміяй узнагароджваюць за «адвагу ў барацьбе з абыякавасьцю, перадузятасьцю, прыгнётам і несправядлівасьцю, за добрае жыцьцё для ўсіх людзей у навакольным асяродзьдзі, павагу да правоў чалавека».
  • 10 верасьня 2003 году ў супэрмаркеце ў цэнтры Стакгольму невядомы некалькі разоў ударыў нажом кіраўніцу швэдзкага МЗС Анну Лінд, пасьля чаго ўцёк. На наступны дзень яна памерла ў шпіталі. Забойства Анны Лінд прывяло да значных зьменаў у працы мясцовых службаў бясьпекі. Сярод іншага, больш як удвая ўзмацнілі ахову членаў ураду, дэпутатаў парлямэнту і чальцоў каралеўскай сямʼі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG