Кажуць, што ў самураяў няма мэты, а ёсьць толькі шлях. Гэта дужа збліжае іх зь беларускай прапагандысцкай машынай. Калі гэтыя людзі будуць шчасьлівыя? Калі дасягнуць свайго? Але ў іх дзейнасьці, здаецца, няма акрэсьленага фінальнага пункту, і ім даводзіцца ўвесь час прыдумляць нешта новае, каб рухацца і жыць.
Цяпер вось дадумаліся да таго, што валошка — гэта таксама штосьці нацысцкае. Можна было, вядома ж, працягнуць кветку па ўсіх прыступках прапагандысцкага абсурду і прызнаць спачатку несанкцыянаванай расьлінай, потым — экстрэмісцкім зьмесьцівам беларускіх палёў, потым забараніць васількам расьці ў колькасьці больш як тры расьліны на пяць квадратных мэтраў (інакш гэта было б ужо экстрэмісцкае фармаваньне), і толькі потым абвясьціць іх нацысцкім сымбалем.
Але сумнавядомая Вольга Бондарава вырашыла пайсьці кароткім шляхам і адразу разгледзела ў валошках штосьці (ці ўсё?) нацысцкае. І наколькі абсурдным гэта б ні выглядала, такі абсурд цалкам укладаецца ў лёгіку працы беларускага рэжыму. Улада ў яго руках, ён не змагаецца за ўладу. У яго манаполія на гвалт, абсалютная беспакаранасьць і ўласнаручна выдадзены дазвол літаральна на ўсё. Здавалася б — чаго яшчэ трэба людзям гэтай сыстэмы?
А ім трэба штучна падтрымліваць змаганьне з усім беларускім, бо нічога іншага яны рабіць ня ўмеюць. Сыстэма на гэтым змаганьні жыве, бо не гатовая прапанаваць аніякага пазытыўнага парадку дня. Ну які ў яе можа быць пазытыўны парадак дня? «Мы звольнілі і выціснулі з краіны дактароў, таму старайцеся цяпер не хварэць»? Ці «Мы саджаем і катуем за любую грамадзянскую актыўнасьць, таму ў вас цяпер шмат вольнага часу, каб глядзець у сьцяну і не займацца нічым»?
Ніякага пазытыўнага парадку дня ў цяперашніх умовах быць ня можа, вось яны і вымушаны прыдумляць усё новыя прадметы і зьявы, зь якімі трэба змагацца. Больш за тое, часам у гэтым змаганьні яны выходзяць самі на сябе і пачынаюць жэрці адно аднаго, і гэта таксама нармальнае разьвіцьцё такой сыстэмы. Вось намесьніца старшыні Горадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Сьвятлана Вараніца аказалася незадаволеная мэтадамі працы Азаронка і Бондаравай. У іншых рэаліях я б падумала, што гэта заклік да гуманізму, але будзьма рэалістамі — у 2023 годзе ў «Белай Русі» не засталося тых, каго хваляваў бы гуманізм. Ну немагчыма пагаджацца з тыраніяй як такой, але пры гэтым шчыра абурацца, што хтосьці заклікае да гэтай тыраніі нейкімі недастаткова ветлівымі спосабамі. Гэта абсурд!
А тлумачыцца такі абсурд проста — людзі ўнутры сыстэмы з часам вычэрпваюць рэсурсы для зьнешняга змаганьня (асабліва калі ў іх недастаткова фантазіі, каб угледзець нацызм у валошцы) і пачынаюць змагацца адзін з адным. Як той казаў, падчас расьсьледаваньня галоўнае — ня выйсьці на самога сябе. Рэжым Лукашэнкі выходзіць сам на сябе, і для яго гэта наўрад ці добры знак, бо нібыта застаецца ўсё менш варыянтаў, супраць каго ці чаго яшчэ выступаць. Але для нас гэта цудоўная навіна — хай гэтая зьмяя жарэ сама сябе.
Ня ведаю, як вы, а я з радасьцю паназіраю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.