Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Падвышэньне за расьсьледаваньне «генацыду беларускага народу». Што вядома пра новага пракурора Гомельскага раёну

Падвышэньне за расьсьледаваньне «генацыду беларускага народу». Што вядома пра новага пракурора Гомельскага раёну


Аляксандар Шынкароў. Фота з Інстаграму Гомельскага райвыканкаму
Аляксандар Шынкароў. Фота з Інстаграму Гомельскага райвыканкаму

Адмаўляе сталінскія рэпрэсіі, «ліквідаваў» 83% насельніцтва Гомля падчас Другой сусьветнай вайны, судзіўся з «Інстаграмам» Ціханоўскай.

У 2021 годзе Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу аб «генацыдзе беларускага народу». Яе расьсьледаваньнем заняліся пракурорскія работнікі па ўсёй краіне. На прыкладзе аднаго зь іх расказваем, як зьмены ў дзяржаўнай ідэалёгіі могуць паспрыяць кар’ернаму росту.

«Масавых рэпрэсій у нашым рэгіёне не было»

4 верасьня стала вядома, што новым пракурорам Гомельскага раёну стаў Аляксандар Шынкароў. Да гэтага ён працаваў намесьнікам пракурора і з 2021 году быў адказны за расьсьледаваньне справаў, зьвязаных з генацыдам беларускага народу. Шынкароў часта выступаў у СМІ, на прадпрыемствах, у арганізацыях, дзе праходзілі «дыялёгавыя пляцоўкі». Расказваў жахі пра пэрыяд гітлераўскай акупацыі.

Пошукавы сэрвіс google на запыт па-расейску «Аляксандр Шинкарев геноцид» выдае больш за 1900 вынікаў. Словы пракурорскага супрацоўніка актыўна цытуюць як лякальныя, так і рэспубліканскія выданьні. У сваіх шматлікіх выступах Шынкароў адмаўляе масавасьць сталінскіх рэпрэсій.

«Канечне, у той пэрыяд (30-я гады. — РС) сьмяротныя прысуды выносіліся. Аднак, мяркуючы па архівах КДБ, масавасьці ў нашым рэгіёне не было. Машынамі людзей у лес не вазілі. Захаваліся б сьведчаньні сваякоў, расказы відавочцаў», — казаў намесьнік пракурора раёну ў камэнтары для дзяржаўнай прэсы.

Пры гэтым з 1995 году гомельскім гісторыкам і краязнаўцам вядома пра некалькі месцаў пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Гомлем. Гэтаму прысьвечаныя навуковыя публікацыі, артыкулы, расьсьледаваньні журналістаў.

Вядома, што ў Гомельскай вобласьці ў 30–40-я гады былі рэпрэсаваныя тысячы чалавек. Зьвесткі пра іх захоўвае ў тым ліку кніга «Памяць», якая ёсьць у кожным раёне вобласьці.

Журналісты і актывісты Гомля ў 2007 годзе апыталі жыхароў навакольных вёсак. Тыя паказалі месца ў лесе пад горадам, каля чарнігаўскай шашы, дзе стралялі і закопвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Па выніках апытаньняў быў зьняты фільм «Лес сьмерці». Цяпер зь невядомых прычын ён заблякаваны на розных плятформах, у тым ліку на Youtube.

Сярод іншага, жыхары вёскі Кантакузаўка расказвалі журналістам, што ў 1937 годзе толькі ў гэтай вёсцы былі арыштаваныя 20 чалавек.

У 2021 годзе Аляксандар Шынкароў удзельнічаў у новых раскопках, пасьля якіх пачаў сьцьвярджаць у мясцовай прэсе, што там пахаваныя ахвяры гітлераўцаў. Нейкіх пераканаўчых доказаў ён не прадставіў.

«Зьнішчыў» 83% насельніцтва Гомля ў гады вайны

Шынкароў — часты госьць у студыі гомельскага дзяржаўнага тэлебачаньня. Яго публічныя выступы за 2021–2023 гады прысьвечаныя «генацыду беларускага народу». У 2022 годзе ён, выступаючы па гомельскім тэлебачаньні, заявіў, што ў гады вайны ў Гомлі былі зьнішчаныя 83% насельніцтва.

«Да пачатку вайны (Другой сусьветнай. — РС) насельніцтва Гомля складала больш за 120 тысяч чалавек. На момант вызваленьня Чырвонай Арміяй — наўрад ці 20 тысяч. Каля ста тысяч было зьнішчана», — заявіў пракурор.

Такіх лічбаў не пацьвярджае ніводзін гістарычны дакумэнт.

Падаў у суд на старонку Сьвятланы Ціханоўскай у Instagram

1 чэрвеня 2023 году старонку Сьвятланы Ціханоўскай у Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэньне вынес суд Гомельскага раёну. Заяву на старонку напісаў тады яшчэ намесьнік пракурора раёну Шынкароў.

«Суд прыняў рашэньне задаволіць патрабаваньні пракуратуры. У часе праверкі супрацоўнікі пракуратуры выявілі, што на старонку падпісаныя 153 чалавекі, там 1,5 тысячы публікацый. На старонцы публікуюцца заклікі да арганізацыі незаконных сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэманстрацый і іншая экстрэмісцкая дзейнасьць», — пісала газэта Гомельскага раёну «Маяк».

Да падзей жніўня 2020-га кар’ера Аляксандра Шынкарова ішла вельмі павольна. Да 2012 году ён служыў старшым памочнікам пракурора Гомельскай вобласьці. У прэсе выступаў, расказваючы пра крадзяжы з аўтамабіляў і іншыя злачынствы.

Затым пайшоў на паніжэньне, працягваў службу як просты памочнік пракурора.

«Аляксандар Шынкароў зрабіў значную працу ў час расьсьледаваньня крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу. Пад яго кіраўніцтвам працягваюцца пошукавыя працы ў месцах масавага пахаваньня ў чонкаўскім лесе, арганізавана наведваньне гэтых месцаў працоўнымі калектывамі, студэнтамі і школьнікамі», — пісала Генэральная пракуратура.

У выніку Шынкарова ўшанавалі званьнем «Чалавек году» ў Гомельскай вобласьці па выніках працы за 2022 год. Цяпер ён займае пасаду пракурора раёну.

Хто яшчэ ў Беларусі зрабіў кар’еру на хвалі пратэстаў і «генацыду беларускага народу»

Пракурор Шынкароў — не адзіны прыклад кар’ернага росту ў Беларусі на хвалі пратэстаў і расьсьледаваньняў генацыду беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны.

Да 2020 году амаль ніхто ня ведаў пра існаваньне «жонкі афіцэра» Юліі Арцюх. Яна зьявілася на публіцы ў 2020 годзе, на сходзе ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля Юлію пачалі запрашаць у якасьці «экспэрта» дзяржаўныя СМІ. Там яна прэзэнтавала сябе як кіраўніца дабрачыннай арганізацыі, шматдзетная маці, якая асуджае пратэсты, удзельніца аўтапрабегаў у падтрымку Лукашэнкі, актывістка і «жонка афіцэра». Пасьля выступаў у СМІ яна прыйшла працаваць вядоўцай на тэлеканал СТВ.

Міліцыянт з Гомля, былы кіраўнік прэсавай службы УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў на пратэсты хадзіў у цывільным адзеньні, заўсёды быў у гушчы падзей і актыўна здымаў удзельнікаў маршаў на фота і відэа.

У верасьні 2020 году, паводле інфармацыі Свабоды, менавіта Прыстромаў стварыў і напаўняў зьместам тэлеграм-канал, які распаўсюджваў інфармацыю пра ўдзельнікаў пратэстаў. Там зьяўляліся здымкі людзей з подпісам «правакатар» і «кампраматам» у стылі дзяржаўнай прапаганды. Удзельнікаў пратэстаў там называлі спрэс «наркаманамі», «прастытуткамі» і «злачынцамі». У 2021 годзе ўлады Гомля прызналі Прыстромава «Чалавекам году». Цяпер Прыстромаў выйшаў на пэнсію і стаў намесьнікам галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG