Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З прысыпаных ямаў тырчалі людзкія рукі». Як месца пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій стала месцам «генацыду беларускага народу»


Савецкія рэпрэсіі. Ілюстрацыя
Савецкія рэпрэсіі. Ілюстрацыя

Хто пахаваны ў лесе за Навабеліцай? Разьбіралася Свабода.

З восені 2021 году пад Гомлем, на месцы пахаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій, ішлі раскопкі. 52-і пошукавы батальён Міністэрства абароны і пракуратура прыйшлі да высновы, што там пахаваныя мірныя жыхары, забітыя гітлераўцамі. Пахаваных прылічылі да ахвяр «генацыду беларускага народу». Хто ж папраўдзе быў пахаваны пад Гомлем?

«Пракуратура завяла крымінальную справу, у раскопках удзельнічалі археолягі і навукоўцы»

У 1995 годзе рэгіянальныя выданьні Гомля паведамілі, што пад горадам былі свае Курапаты. Там былі знойдзены парэшткі людзей, масавыя пахаваньні. Пракуратура распачала крымінальную справу.

На месцы пахаваньняў пачаліся раскопкі.

У работах удзельнічалі археолягі з абласнога краязнаўчага музэю і ГДУ ім. Ф. Скарыны. У 1997 годзе ў навуковым зборніку, прысьвечаным рэпрэсіям, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музэю Аляксандар Штыменка падрабязна патлумачыў знаходкі падчас раскопак і падвёў рысу: «Расстрэлы ажыцьцёўлены ў сьціслыя тэрміны кастрычніка-лістапада 1937 года».

З першай раскапанай магілы вынялі парэшткі 44 чалавек. «За некаторым выключэньнем, практычна ўсе чэрапы мелі 1-2 кулявыя адтуліны ў патылічнай косьці і буйныя праломы ў лобнай і цемянной», — піша навуковец.

Раскопкі ў лесе пад Гомелем у 2007 годзе
Раскопкі ў лесе пад Гомелем у 2007 годзе

У магіле былі знойдзены гільзы.

Сярод знаходак — абутак, дамінавалі рэшткі ялавых ботаў. Абутак фабрычнай вытворчасьці, з таўром 1937 году. У магіле былі і савецкія манэты, выпушчаныя ў 1930-1936 гадах.

Археолягі знайшлі футарал ад расчоскі, на ім былі надпісы, надрапаныя вострым прадметам. «У выніку расшыфроўкі высьветлілася, што ўладальнік дадзенага футарала быў арыштаваны ў аўторак 19 жніўня 1937 году і знаходзіўся пад сьледзтвам да чацьвярга 7 кастрычніка 1937 году. Мяркуючы па надпісе, 29 жніўня чалавеку былі выстаўленыя абвінавачаньні ў здрадзе Радзіме, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня, правядзеньні тэрарыстычных актаў, прапагандзе і агітацыі супраць савецкай улады.

Раскопкі ў лесе пад Гомлем у 2007 годзе
Раскопкі ў лесе пад Гомлем у 2007 годзе

«Варта адзначыць поўную адсутнасьць усякай сувязі могільніку з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасьці з паўзямлянкамі, разьмешчанымі вакол пахаваньняў. Як адзначалася вышэй, магіла № 3 была часткова перакрытая катлаванам невядомай паўзямлянкі, наяўнасьць якой у першы час бянтэжыла многіх. Пры дэталёвым яе вывучэньні высьветлілася, што яна не мае нічога агульнага з пахаваньнем, якое дасьледуецца.

Зьяўленьне паўзямлянак варта аднесьці да лістапада 1943 году, калі перад пачаткам Гомельска-Рэчыцкай апэрацыі войскаў Беларускага фронту гамяльчане хаваліся ў лясах ад адыходзячых фашыстаў. Баючыся ўзмацненьня партызанскай групоўкі ў сябе ў тыле, немцы накіроўвалі сюды карную экспэдыцыю, у выніку якой асноўная частка ўцекачоў была расстраляная (з аўтаматычнай зброі) і расьсеяная па лесе. Тыя, хто застаўся ў жывых, сьцьвярджаюць, што пахаваньняў фашысты не рабілі. Усе целы былі вывезеныя ў горад сваякамі загінулых», — напісаў аўтар дасьледаваньня.

Ён прыйшоў да высновы: «Расстрэлы ажыцьцёўлены ў сьціслыя тэрміны кастрычніка-лістапада 1937 году».

На месцы пахаваньняў ахвяр быў пастаўлены невялікі помнік, крыж. Большы крыж усталявалі ля шашы Гомель — Чарнігаў у пачатку 90-х каталіцкія вернікі. Штогод яны прыходзяць сюды на Дзяды 2 лістапада, каб памаліцца за ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Крыж на месцы расстрэлаў пад Гомлем
Крыж на месцы расстрэлаў пад Гомлем

«Мясцовыя жыхары дакладна паказалі месца расстрэлаў рэпрэсій»

У траўні 2005 году ў лесе каля шашы Гомель — Чарнігаў, толькі зьлева ад яе, пачаў раскопкі 52-і пошукавы батальён Міністэрства абароны. Тут былі знойдзены масавыя пахаваньні расстраляных людзей. Адразу ж, ад пачатку раскопак, вайскоўцы сьцьвярджалі, што тут пахаваныя «мірныя жыхары, расстраляныя фашыстамі ў гады вайны». Камэнтары вайскоўцы давалі інфармацыйнаму агенцтву «БелаПАН».

Журналісты і актывісты Гомля апыталі жыхароў навакольных вёсак. Яны сьцьвярджалі, што на гэтым месцы стралялі і закопвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Па выніках апытаньняў быў зьняты фільм «Лес сьмерці». Цяпер зь невядомых прычынаў ён заблякаваны на розных плятформах, у тым ліку на Youtube.

Сярод іншага, жыхары вёскі Кантакузаўка расказвалі журналістам, што ў 1937 годзе толькі ў гэтай вёсцы былі арыштаваныя 20 чалавек. «Майго тату забралі сярод ночы і павезьлі ў Гомель. Яго, малапісьменнага, абвінавацілі ў сувязях з замежнай выведкай. Тату расстралялі, у 1956 годзе рэабілітавалі. Мы ўсе ведалі, што стралялі людзей у гэтым лесе. Іх прывозілі начамі на аўтамабілях», — распавядала БелаПАН ураджэнка вёскі Кантакузаўка Вера Вінакурава.

Жыхарка Кантакузаўкі Вольга Маржанава казала, што яе тату забралі ў 1937 годзе.

«Мне было дзесяць гадоў, але я добра памятаю, як яго забралі. Больш я яго ніколі не бачыла. Адзін міліцыянт сказаў па сакрэце нашай аднавяскоўцы, што яго і іншых сялян расстралялі ў Батуліншчыне, у лесе. Пасьля тых падзей нас прымушалі садзіць сасновы лес. Але нават коні ўсталі на дыбы і не хацелі ісьці далей. Мы ўбачылі там рукі, якія тырчалі зь зямлі, галошы, ірваную вопратку», — апавядала ў 2007 годзе Вольга Маржанава.

Па выніках раскопак 52-і батальён выказаўся, што «няма падстаў гаварыць, што пад Гомлем пахаваныя рэпрэсаваныя грамадзяне».

«Тут будзе помнік генацыду беларускага народу»

Пасьля падзей 2020 году ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка і ягоныя падначаленыя актыўна загаварылі пра «генацыд беларускага народу». Праходзілі канфэрэнцыі, выдаваліся зборнікі, прэзэнтацыі і даклады.

Увосень 2021 году 51-ы пошукавы батальён Міністэрства абароны пачаў раскопкі ў лесе каля шашы Гомель — Чарнігаў. Раскопкі ідуць і дагэтуль, але пракуратура і ўлады ўжо заявілі, што ў лесе пад Гомлем пахаваны мірныя жыхары, расстраляныя нацыстамі. Улады выступілі з ініцыятывай стварэньня помніка «генацыду беларускага народу» на месцы правядзеньня раскопак.

Калі ў жніўні 2022 году выданьне «Флашток» заўважыла мапу на сайце ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, дзе былі пазначаныя месцы сталінскіх рэпрэсій, і напісала пра гэта, прапагандысты выпусьцілі шэраг «абвяржэньняў».

Пракурор вобласьці Віктар Марозаў заявіў, што ў Чонкаўскім лесе пахаваны «нявінныя ахвяры часоў Вялікай Айчыннай вайны». «У нас няма ніякіх сумневаў, што гэта менавіта ахвяры фашызму. І хоць ілжэгісторыкі спрабуюць сьцьвярджаць адваротнае, я аўтарытэтна заяўляю, што ніякіх сьлядоў ахвяр 1937 году ў расстрэльных ямах ня выяўлена», — сказаў пракурор вобласьці.

У выданьні зазначылі, што аўтар схемы, на якой пазначаны месцы пахаваньняў ахвяр рэпрэсій, — «беглы гісторык з Гомля Яўген Малікаў» (Гісторык і краязнаўца выкладаў у Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту, пасьля пратэстаў 2020-га быў звольнены, — РС).

«Дзіўна, чаму тэма пра расстрэлы НКУС працягвае мусіравацца. Бо ніхто не адмаўляе, што сталінскія рэпрэсіі былі ў нашай гісторыі. Аднак спэцыялісты адзначаюць: органы НКУС ня маюць дачыненьня да пахаваньняў у Чонкаўскім лесе», — піша аўтар артыкулу.

Што тычыцца раскопак 1995 году, то «ёсьць прычыны ім не давяраць».

«У 90-я гады тут праводзілі раскопкі і выявілі некалькі ям. Зрабілі павярхоўную выснову, што гэта пахаваньні часоў рэпрэсій 1937 году. Такое меркаваньне існавала аж да канца 2021-га, пакуль пракуратура, 52-і батальён Мінабароны і іншыя спэцыялісты не прыступілі да дбайных раскопак. Праверылі ўжо 16 ямаў і абверглі ранейшую вэрсію», — патлумачыў навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музэю Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў Юры Панкоў.

Тым часам Генэральная пракуратура Беларусі таксама адрэагавала на спрэчкі ў СМІ і грамадзтве пра раскопкі пад Гомлем: распачала крымінальную справу на выданьні «Флагшток» і Zerkalo.io. Справа распачатая за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» (артыкул 130-2 КК). Імаверна, што крымінальная справа зьвязаная з публікацыяй артыкулу пра мапу, дзе пазначаныя месцы пахаваньняў ахвяр рэпрэсій.

У Гомельскай вобласьці ў 30-40 гады былі рэпрэсаваны тысячы чалавек. Зьвесткі пра іх захоўвае ў тым ліку кніга «Памяць», якая ёсьць у кожным раёне вобласьці. Часам у кнігах — дзясяткі расстраляных з аднолькавым прозьвішчам з адной невялікай вёскі. Напрыклад, пад рэпрэсіі трапілі жыхары вёскі Рудня Нісімкавіцкая Чачэрскага раёну. У раённай кнізе «Памяць» — дзясяткі рэпрэсаваных Гулевічаў. Але ніхто не дае адказу, дзе яны былі пахаваныя. Як і тысячы іншых расстраляных.

Копіі старонак кнігі «Памяць» Чачэрскага раёну
Копіі старонак кнігі «Памяць» Чачэрскага раёну
Копіі старонак кнігі «Памяць» Чачэрскага раёну
Копіі старонак кнігі «Памяць» Чачэрскага раёну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG