Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «Юных ратавальнікаў» да раённага аддзелу культуры. Куды беларусаў прымушаюць данаціць сілавікі


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Калі чалавек ахвяраваў сродкі ў фонды дапамогі ByHelp ці BySol альбо ў іншыя арганізацыі, сілавікі прымушаюць яго заплаціць дзяржаўным установам у 10 разоў болей. Паглядзелі, што гэта за арганізацыі.

Адносна новая практыка беларускіх сілавікоў — прымушаць беларусаў скідацца на некаторыя дзяржаўныя ці калядзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, чалавек заданаціў некалі ў фонды дапамогі ByHelp ці BySol. Яго выклікаюць у КДБ ці МУС і вельмі настойліва просяць закінуць пэўную суму на рахунак нейкай арганізацыі. Звычайна гэтая сума ў дзесяць разоў большая за зроблены калісьці данат на дапамогу актывістам. Нам вядомыя выпадкі, калі за колішняе ахвяраваньне памерам 20 даляраў чалавека прымушалі пералічыць 2 ці нават 3 тысячы даляраў. Пэўнай сыстэмы ў сумаўтварэньні мы не пабачылі.

15 чалавек, якія прайшлі праз такую працэдуру, на ўмовах ананімнасьці расказалі Свабодзе, на рахункі якіх арганізацый улады прымушалі іх пераводзіць грошы.

РНПЦ анкалёгіі ў Бараўлянах

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі ў Бараўлянах часта трапляецца ў сьпісе арганізацый, куды сілавікі прымушаюць пераводзіць грошы. У некаторых выпадках яны даюць сьпіс, а чалавек сам выбірае, куды ахвяраваць. Часам грошы просяць перавесьці адрасна, канкрэтна на гэты цэнтар.

РНПЦ — вядучая мэдычная ўстанова ў Беларусі, дзе лечаць анкалёгію, а таксама аказваюць розныя платныя мэдычныя паслугі. У тым ліку паслугі плястычнай хірургіі.

Згодна з афіцыйным сайтам, у цэнтры працуе 1751 чалавек, зь іх 444 лекары. Мяркуючы па рэспубліканскім банку вакансій, зараз цэнтру не хапае 248 супрацоўнікаў. У тым ліку 74 лекары.

Сэктар культуры аднаго з райвыканкамаў

Аднаго з апытаных Свабодай жыхароў Беларусі сілавікі папрасілі пералічыць грошы на сэктар культуры ў раённым выканаўчым камітэце. Грошы спатрэбіліся нібыта для таго, каб падтрымаць рублём рэстаўрацыю мясцовага помніка архітэктуры.

У райвыканкаме ўдалося даведацца, што гэты помнік архітэктуры сапраўды цяпер на рэстаўрацыі. І яе можна падтрымаць грашыма ў абыход сілавікоў. У райвыканкаме, аднак, не змаглі адразу патлумачыць, якім менавіта чынам, і прапанавалі перазваніць.

Юныя ратавальнікі

Яшчэ адна арганізацыя, куды настойліва прасілі пералічыць грошы сілавікі, — Беларуская моладзевая грамадзкая арганізацыя юных ратавальнікаў-пажарных. Яе ўтварылі яшчэ ў 2001 годзе. Тады ж у сталічных школах правялі кампанію па ўступленьні яе шэрагі. У адміністрацыі школ прыходзілі разнарадкі, настаўнікі мусілі ўгаворваць вучняў далучыцца да гэтай арганізацыі. Чым канкрэтна яна займаецца, сказаць цяжка. Раённыя філіялы ёсьць па ўсім Менску.

Арганізацыя таксама выдае часопіс «Юны ратавальнік». На яго раней прымушалі падпісвацца клясных кіраўнікоў у беларускіх школах.

Дзіцячыя дамы

Яшчэ адна катэгорыя арганізацый, куды прымушаюць пераводзіць грошы сілавікі, — дзіцячыя дамы. Мы знайшлі некалькі такіх выпадкаў. Гэта Рэчыцкі дом-інтэрнат, Ваўкавыскі дзіцячы дом, Дом дзіцяці нумар 1 у Менску. У асноўным гэта арганізацыі, падначаленыя Міністэрству аховы здароўя, дзе жывуць хворыя дзеці.

Па словах суразмоўцаў Свабоды, пералічваць грошы сілавікі прымушалі і ў Рэспубліканскі цэнтар рэабілітацыі дзяцей з парушэньнем слыху. Ён таксама падначалены Мінздароўя.

У аднаго чалавека, якога папрасілі заданаціць на дзіцячы дом, у дакумэнтах сілавікі пакінулі фармулёўку «Жаданьне загладзіць віну». Менавіта з такой матывацыяй ён нібыта пераводзіў ім загадзя агавораную суму.

Некаторыя асаблівасьці

У гэтых прымусовых данатах на розныя арганізацыі цяжка адсачыць лёгіку. Чалавеку зь Менску прапануюць заплаціць у арганізацыю з Горадзенскай вобласьці, а жыхару маленькага раённага гораду — на рахунак установы аховы здароўя ў сталіцы. Камусьці адразу прапануюць канкрэтную арганізацыю, а некаму даюць сьпіс і магчымасьць выбраць.

Часам, па словах суразмоўцаў, ім удавалася старгавацца і заплаціць меней, чым першапачаткова запрошвалі сілавікі. Часам выніковая сума, наадварот, павялічвалася. Камусьці толькі пасьля такога прымусовага даната дазволілі выехаць за мяжу, а некаму сілавікі сказалі, што пасьля ахвяраваньня «ён можа бесьперашкодна езьдзіць у Беларусь». Такія абяцаньні сілавікоў не пацьвярджаюцца дакумэнтальна.

«Лепш патрабаваць позву або ісьці з адвакатам»

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятланы Галаўнёвай, найбольш зваротаў ад людзей, якіх вымушалі плаціць грошы сілавікі, паступала на пачатку лета.

«Мне здаецца, што на піку да нас за тыдзень зьвярталіся па 5–6 такіх людзей. Мы раім першапачаткова не гуляць па іхных правілах. Калі яны тэлефануюць і запрашаюць — не ісьці, ісьці толькі па позьве і з адвакатам, максымальна не ісьці на кантакт. Чалавек абавязаны зьяўляцца на працэсуальныя дзеяньні ў нейкім статусе. Але гэтага ня робіцца, у іх недастаткова дадзеных на чалавека. Гэта больш справа ціску і прымусу. Шмат людзей ішлі на гэта, плацілі і выяжджалі», — кажа юрыстка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG