Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякаваньне SIM-карты і рахункаў, немагчымасьць прадаць ці купіць жытло. Як КДБ зрабіў невыносным жыцьцё фігурантаў «сьпісу тэрарыстаў»


Бел-чырвона-белыя сьцягі на фоне дарожнага знака аб забароне ўезду. Ілюстрацыйнае фота
Бел-чырвона-белыя сьцягі на фоне дарожнага знака аб забароне ўезду. Ілюстрацыйнае фота

Беларускі КДБ мае права ўключаць людзей у «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». Цяпер у сьпісе 1094 чалавекі, зь іх 344 – беларусы.

Большасьць унесеных у сьпіс «тэрарыстаў» беларусаў цяпер знаходзяцца ў няволі — у СІЗА, калёніі ці турме. Але некаторыя людзі са сьпісу ўжо адбылі пакараньне. Тыя, хто за кратамі, абмежаваныя ў грашовых пераводах. Ім нельга паслаць сродкі на рахунак, бо іх ці ня прымуць, ці заблякуюць. Тыя ж, хто на волі, таксама пасьпелі спазнаць наступствы ўключэньня ў «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Увага міліцыі і складанасьці з пошукам працы

Мацьвей (імя героя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) адбыў пакараньне паводле «палітычнага» артыкулу. Ён кажа, што шчыра зьдзівіўся, калі даведаўся пра свой статус «тэрарыста». Бо, па вэрсіі сьледзтва і суду, ён вінаваты толькі ў масавых беспарадках.

Па вызваленьні з калёніі Мацьвей сутыкнуўся з шэрагам абмежаваньняў. Апроч пільнай увагі з боку міліцыі і ўліку, ён ня мог уладкавацца на працу. Кажа, што патэнцыйныя працадаўцы нават не хацелі зьвязвацца зь ім. Ня мог таксама адкрыць банкаўскі рахунак, папоўніць балянс мабільнага тэлефона, зрабіць страхоўку.

«Я купіў SIM-карту. Але толкам не пасьпеў пакарыстацца ёй. Бо паклаў грошы на тэлефон — і іх заблякавалі. Хацеў, каб хоць вярнулі грошы. Пайшоў у салён сувязі, але калі там пачалі разьбірацца і ўбачылі маё прозьвішча, то ледзь прытомнасьці апэратар ня страціў, так спалохаўся. Непрыемна, мякка кажучы», — зазначыў Мацьвей.

Суразмоўца плянаваў адкрыць банкаўскі рахунак, але яго папярэдзілі, што ён ня зможа карыстацца грашамі, рабіць безнаяўныя аплаты, таму ў выніку Мацьвей нават не пайшоў у банк. Былога палітвязьня таксама папярэдзілі, што ён ня можа ані прадаць маёмасьць, ані купіць. «Мне не было там жыцьця аніяк, таму давялося пакінуць краіну», — дадаў беларус.

«Мне як „тэрарыстцы“ прапануюць толькі рабскую працу»

Алеся (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) трапіла ў «сьпіс тэрарыстаў» за камэнтары ў інтэрнэце. Іх расцанілі як «распальваньне варожасьці». Для жанчыны такі статус таксама быў вельмі нечаканым. Пасьля адбыцьця пакараньня Алеся сутыкнулася зь немагчымасьцю знайсьці працу.

«Бо, напрыклад, на дзяржаўную працу ці ў школу, у выдавецкую дзейнасьць „тэрарыстам“ нельга. Тым часам міліцыя прымушала мяне ўладкавацца. Але куды? Біржа працы знайшла мне „вакансію“! Там за 12 гадзін на дзень па зьменах я атрымала за месяц каля 300 рублёў», — падзялілася суразмоўца.

Жанчына зазначыла, што ўся маёмасьць, якой яна валодала да зьняволеньня, цяпер, па сутнасьці, не належыць ёй.

«Бо я ня маю права нічым распараджацца. Банкаўскія рахункі і грошы на іх заблякавалі. Ды нават элемэнтарныя апэрацыі па банкаўскіх рахунках я не магу рабіць. Нават не магу аплаціць камунальныя ці падаткі. Даводзіцца кожны раз прыдумляць, як абысьці гэтыя „неспадзяванкі“. Мабільную сувязь я таксама не магу аплаціць», — канстатуе Алеся.

Яна паехала ў іншую краіну на заробкі. «Бо там я маю тэлефон, банкаўскую картку, магчымасьць працаваць», — дадала Алеся.

Хто трапляе ў «сьпіс тэрарыстаў»

31 жніўня стала вядома, што ў сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці» дадалі 14 прозьвішчаў, у тым ліку Валерыю Касьцюгову і Тацяну Кузіну. Валерыя Касьцюгова — заснавальніца сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспэртаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Тацяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых мэнэджараў публічнага адміністраваньня Sympa. Абедзьвюм прысудзілі па 10 гадоў турмы. Цяпер у сьпісе 1094 чалавекі, зь іх 344 беларусы.

Да падзей 2020 году ў сьпісе тэрарыстаў былі толькі замежныя грамадзяне з Малі, Ірану, Інданэзіі, Аўганістану, Уганды, іншых краін Афрыкі, а таксама грамадзяне Расеі і Грузіі. Першымі «айчыннымі тэрарыстамі» у сьпісе сталі ў лістападзе 2020 году заснавальнік Nexta Сьцяпан Пуціла і блогер Раман Пратасевіч.

Увесну 2021-га КДБ прызначыў «тэрарыстамі» дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую, блогера Антона Матольку, прадстаўнікоў ініцыятывы ByPol, анархістаў і журналістаў. Прычым часам зроблена гэта было яшчэ да вочных і завочных судоў над імі. «Тэрарыстамі» сталі «рэйкавыя партызаны», прадстаўнікі розных пратэставых рухаў і ініцыятыў.

Да «тэрарыстаў» прымяняюцца фінансавыя абмежаваньні — забарона на дзяржаўную рэгістрацыю маёмасьці, апэрацыі па банкаўскіх рахунках, натарыяльныя дзеяньні, якія адносяцца да фінансавых апэрацый і іншае.

Трапіць у сьпіс можна як на падставе прысуду, так і па рашэньні старшыні КДБ ці яго намесьнікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Такіх, як «акт тэрарызму», «удзел у масавых беспарадках», «распальваньне варожасьці» і нават паводле адносна новага беларускага артыкулу «Адмаўленьне генацыду беларускага народу».

Пакуль праваабаронцам і журналістам невядомыя выпадкі, каб чалавека выключылі са сьпісу «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

«Не відаць лёгікі»

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва кажа, што ня бачыць лёгікі ў прызнаньні КДБ таго ці іншага чалавека датычным да тэрарызму. Але яна бачыць парушэньні як міжнароднага, так і нацыянальнага права. Напрыклад, у Канстытуцыі і іншых прававых актах прапісана прэзумпцыя невінаватасьці, забарона на дыскрымінацыю і права на сваю абарону. На практыцы ж, па словах праваабаронцы, на адмену рашэньня КДБ паўплываць немагчыма.

«КДБ яшчэ да вынясеньня прысуду чалавеку прызнае яго „асобай, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасьці“, Тут відавочны дысбалянс. Прызнаць чалавека „тэрарыстам“ — вельмі сур’ёзны крок, які істотна яго абмяжоўвае і нэгатыўна адбіваецца на ягоным жыцьці. Гэта суд мусіў бы вырашаць, а не КДБ сваім рашэньнем, прынятым невядома на якіх падставах», — лічыць юрыстка.

Галаўнёва дадае, што працэдура ўключэньня ў гэты сьпіс закрытая. Чалавек, у дачыненьні якога прымаецца такое рашэньне, аніяк ня можа сябе абараніць, прывесьці нейкія аргумэнты. Бо ён і ня ведае часам пра рашэньне, пакуль не прачытае пра гэта ў навінах ці яму паведамяць у калёніі. Праваабаронца зьвяртае ўвагу на тое, што большасьць «тэрарыстаў» на момант прыняцьця рашэньня знаходзяцца ў няволі і ня маюць магчымасьці ці ім «не да таго», каб абскарджваць рашэньне КДБ.

У выніку чалавек страчвае магчымасьць распараджацца фінансамі і маёмасьцю, што значна пагаршае ягонае жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG