Сьледчыя сьцьвярджаюць, што «Каламойскі незаконна завалодаў грашовымі сродкамі на суму больш за 570 мільёнаў грыўняў і пасьля іх легалізаваў». У СБУ дадаюць, што Каламойскі прысвойваў сродкі на працягу 2013-2020 гадоў шляхам іх вываду за мяжу, выкарыстоўваючы пры гэтым інфраструктуру падкантрольных банкаўскіх установаў.
Каламойскаму ўручылі хадайніцтва аб абраньні меры стрыманьня.
У лютым Служба бясьпекі Ўкраіны правяла ператрусы дома ў алігарха Ігара Каламойскага ў рамках расьсьледаваньня махінацый ва Ўкртатнафте і Укрнафте. СБУ паведаміла аб выкрыцьці раскраданьня 40 мільярдаў грыўняў (прыкладна адзін мільярд даляраў у эквіваленце. — РС) кіраўніцтвам кампаній «Укрнафта» і «Укртатнафта». Прысабечваньне грошай было аб’яднана з пазьбяганьнем ад аплаты падаткаў і легалізацыяй сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Паводле СБУ, сьледчыя задакумэнтавалі 10 эпізодаў злачыннай дзейнасьці. Служба бясьпекі паведаміла, што гэтая дзейнасьць ажыцьцяўлялася ў інтарэсах фактычных уласьнікаў і бэнэфіцыяраў гэтых кампаній. Адным з уласьнікаў іх зьяўляецца Ігар Каламойскі.
У часе прэзыдэнцкай кампаніі 2019 году ўкраінскія экспэрты выказвалі думкі, што Ігар Каламойскі фінансаваў выбарчую кампанію тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Ігар Каламойскі як уласьнік Крэменчуцкага нафтаперапрацоўчага заводу (пасьля расейскіх абстрэлаў завод спыніў працу, але, нягледзячы на гэта, улады нацыяналізавалі гэтае прадпрыемства. — РС) сыстэмна выступаў за ўвядзеньне абмежаваньняў беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку. Апошнюю спробу дабіцца гэтага ён зрабіў у студзені 2020 году. Аднак урад Украіны не падтрымаў ягоных прапановаў.