Пра тое, што гэта здарылася пасьля затрыманьня, паведаміў праект «Мотолько Помоги».
Паводле яго дадзеных, Яўгена Іванова затрымалі ўвечары 30 жніўня, пасьля працы, на прахадной заводу, павалілі на зямлю, запхнулі ў машыну і павезьлі. На наступны дзень, раніцай 31 жніўня, зьявіліся спачуваньні ад калектыву заводу ў сувязі са сьмерцю Яўгена Іванова.
«З глыбокім смуткам паведамляем вам пра трагічную страту. Учора наш калега і сябар, намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях Іваноў Яўген Анатолевіч пакінуў нас назаўжды», — гаворыцца ў нэкралёгу.
Яўгену было 34 гады.
Пазьней стала вядома, што Яўгена Іванова пахавалі практычна адразу пасьля сьмерці. Па ўдакладненых дадзеных, мужчыну затрымлівалі 7-8 сілавікоў пры гэтым яго зьбівалі, потым кінулі ў чорны бус і павезьлі ў напрамку Менска.
Выданьне Euroradio паведамляе, што прычынай затрыманьня Яўгена мог быць хабар. Па папярэдніх зьвестках, у машыне ў яго спынілася сэрца — сардэчны прыступ.
Некалькі крыніц пацьвердзілі, што Яўгена пахавалі літаральна на наступны дзень. Акрамя таго, «на яго целе былі бачныя шматлікія сінякі і пераломы пальцаў рук».
Крыніцы Zerkalo.io на заводзе паведамляюць, што Яўгена Іванова затрымлівалі на працоўным месцы:
«Кажуць, за хабар. А памёр, верагодна, ад інфаркту ў машыне па дарозе на допыт у Менск».
Вядома, што ў ідэалягічным аддзеле Яўген Іваноў пачаў працаваць нядаўна. Да гэтага быў адным з кіраўнікоў аддзелу маркетынгу. Гэта пацьвярджаецца старымі бізнэс-каталёгамі, у якіх ён значыцца намесьнікам начальніка аддзелу маркетынгу заводу цяжкіх штамповак.