Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За месяц рэальныя заробкі настаўнікаў упалі на 17%, у выкладчыкаў ВНУ — амаль на траціну


Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота

У супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры ў Беларусі зьніжаюцца заробкі. Паглядзелі, колькі цяпер плацяць настаўніку, міліцыянту і чыноўніку.

Белстат падлічыў, колькі беларусы зараблялі ў ліпені. Сярэдні заробак склаў 1933 рублі і 1 капейку. У бюджэтнікаў сярэдні заробак зьнізіўся за месяц на 60 рублёў. З папраўкай на інфляцыю, то бок з улікам росту коштаў, бюджэтнікі страцілі 4,1%.

Найбольшае падзеньне заробкаў сярод супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры адбылося ў адукацыі. Тут заробкі з улікам росту коштаў упалі на 10%, у настаўнікаў — на 17%, у выкладчыкаў ВНУ — на 25,7%. Сярэдні заробак у настаўніка цяпер 1541 рубель. У выкладчыка ВНУ — 2057 рублёў.

У ахове здароўя заробкі зьнізіліся на 0,8%, у лекараў — на 0,2%. Найбольш бюджэтнікі страчваюць, калі мераць у далярах. Настаўнікі — мінус 113 даляраў за месяц, выкладчыкі — мінус 227 даляраў. Такое падзеньне можа быць зьвязанае з сэзонам адпачынкаў у ліпені.

Губляюць у даходах і беларускія пэнсіянэры. Апошні раз пэнсію павышалі ў траўні ў сярэднім на 5%. Сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце для пэнсіянэра, які не працуе, складаў тады 705 рублёў, або 243 даляры ў пераліку на тагачасны курс.

Цяпер жа з улікам росту даляра гэта 218 даляраў, або на 25 даляраў менш. Наступнае павышэньне пэнсій абяцаюць зь верасьня. Глядзім, колькі цяпер гатовыя плаціць бюджэтнікам.

Настаўніку — да 1000

У агульнарэспубліканскай базе вакансій цяпер 784 вакансіі для настаўнікаў. Рэдка калі прапанова па заробку перавышае 1000 рублёў. Напрыклад, настаўніку пачатковых клясаў у менскай школе нумар 45 прапануюць 950 рублёў.

Самы высокі заробак, да 1800 рублёў, знаходзім для настаўніка ангельскай мовы ў менскую школу нумар 69.

Лекару — 1500–1700

Большасьць наймальнікаў прапануюць лекарам заробкі, якія рэдка перавышаюць 2000. У асноўным гэта 1500–1700 рублёў. Ёсьць яшчэ менш даходныя прапановы.

Напрыклад, лекару-тэрапэўту ў Наваградзкай цэнтральнай раённай лякарні прапануюць толькі 1025 рублёў.

Найбольш заробак, які знаходзім, прапануюць лекару УЗІ ў прыватным цэнтры «Мэдыцынская ініцыятыва» — да 6000 рублёў за працу ў дзьве зьмены.

Шараговаму чыноўніку — да 2800

Чыноўнікі таксама атрымліваюць заробак зь бюджэту, але, мяркуючы па вакансіях, гэтыя заробкі адрозьніваюцца ў большы бок, калі параўноўваць з настаўнікамі ці лекарамі.

Напрыклад, намесьніку начальніка ў аддзеле адукацыі Камянецкага райвыканкаму прапануюць да 1900 рублёў.

Начальніку аддзелу прымусовага выкананьня ў Наваградку гатовыя плаціць да 2700 рублёў.

Начальніку службы ІТ-распрацовак і лічбавай трансфармацыі бізнэсу ў Менгарвыканкаме прапануюць да 2865 рублёў.

Міліцыянту групы затрыманьня — да 1600

Больш, чым настаўнікам, прапануюць і міліцыянтам. Напрыклад, у групе затрыманьня ў Пінску гатовыя плаціць да 1600 рублёў. Да гэтага абяцаюць рэгулярныя прэміі і магчымасьць выйсьці на пэнсію ў 48 гадоў.

Міліцыянту ў дэпартамэнце аховы МУС прапануюць да 1550 рублёў на месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG