Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адказаў на патрабаваньні аб вывадзе вагнэраўцаў: «Ні ў Польшчы, ні ў Літве не павінна быць замежных войскаў»


Вагнэраўцы займаюцца навучаньнем беларускіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота
Вагнэраўцы займаюцца навучаньнем беларускіх вайскоўцаў. Ілюстрацыйнае фота

Такую заяву Аляксандар Лукашэнка зрабіў на пасяджэньні Савету бясьпекі.

Аляксандар Лукашэнка назваў «гістэрыяй» заяву Польшчы і краін Балтыі аб неабходнасьці вываду вагнэраўцаў зь беларускай тэрыторыі.

«Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць тэрміновага вываду іх зь Беларусі, пры гэтым самі павялічваюць вайсковыя бюджэты, сьцягваюць да нашых межаў вялікія вайсковыя фармаваньні», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага вайскоўца. Тады і нам можна выстаўляць прэтэнзіі наконт прысутнасьці тут вайскоўцаў зь іншых краін. А пакуль гэта неабгрунтаваныя і бязглуздыя патрабаваньні, нават ня просьбы і прапановы, а патрабаваньні», — заявіў Лукашэнка.

Аб пагадненьні аб звычайных узброеных сілах у Эўропе

Лукашэнка назваў паведамленьне Варшавы «аб рашэньні не выконваць пагадненьне аб звычайных узброеных сілах у Эўропе» небясьпечным крокам. «Мы заўсёды павінны кіраўніцтва Польшчы аб гэтым папярэджваць, каб потым балюча не было», — заявіў Лукашэнка.

Аб падрыхтоўцы «ваеннага перавароту»

Лукашэнка ў чарговы раз заявіў аб пагрозе расшырэньня NATO для Беларусі.

«Як мы павінны на ўсё гэта рэагаваць? Я ўжо не кажу аб падрыхтоўцы на іхнай тэрыторыі нашых уцекачоў для ажыцьцяўленьня ваеннага перавароту ў Беларусі. Зноў жа хачу папярэдзіць, што ў гэтым пляне цырымоніцца ня будзем. Хоць, варта аддаць належнае, нашы ўцекачы, якія знаходзяцца ў Польшчы, Літве і асабліва ва Ўкраіне, разумеюць, для чаго іх там выкарыстоўваюць», — працытавала БелТА Лукашэнку.

28 жніўня Польшча, Літва, Латвія і Эстонія зрабілі заяву аб неабходнасьці вываду зь Беларусі вагнэраўцаў і спыненьні мігранцкага крызісу.

30 жніўня намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік заявіў аб магчымасьці адкрыцьця пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы ў выпадку выкананьня канкрэтных умоваў.

18 жніўня Літва закрыла 2 з 6 памежных пераходаў зь Беларусьсю — «Шумск» (зь беларускага боку — «Лоша») і «Цьверач» («Відзы»).

28 жніўня па выніках сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра намер падрыхтаваць прапанову ўраду закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG