Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэме’р-міністар Літвы заявіла, што закрываць дадатковыя пункты на мяжы зь Беларусьсю пакуль ня будуць


Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце, архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце, архіўнае фота

«Калі прымаюцца рашэньні, якія зьмяняюць статус-кво, для гэтага павінна быць сурʼёзная аснова, а не агульныя размовы ці дыскусіі», — падкрэсьліла Інгрыда Шыманіце.

Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што рашэньняў аб закрыцьці дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю найбліжэйшым часам ня будзе.

«Бліжэйшым часам рашэньняў адносна закрыцьця нейкіх дадатковых пунктаў пропуску, вядома, ня будзе, але ёсьць вельмі лягічны плян, які вызначае, якая колькасьць пунктаў пропуску скароціцца, з чаго пачаць і дзе скончыць, аж да поўнага закрыцьця, якое ўжо адбылося б пасьля ўзгадненьня зь іншымі краінамі», — сказала Інгрыда Шыманіце ў інтэрвію LRT RADIJUI.

Паводле яе, Беларусь працягвае заставацца «крыніцай нестабільнасьці», таму што краіну ўзначальвае «самаабвешчаны прэзыдэнт, які можа выкарыстоўваць самыя розныя інструмэнты, каб нешта сабе атрымаць».

Інгрыда Шыманіце падкрэсьліла, што імаверная гібель кіраўніка групоўкі наймітаў «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына не мяняе сытуацыю, улічваючы дзеяньні Менска па падсілкоўваньні нелегальнай міграцыі ў суседнія краіны.

«У гэтым сэнсе нельга сказаць, што ў Беларусі нешта пачалося і палепшылася. Як будзе з наймітамі „Вагнэра“? Нам сапраўды трэба сачыць за сытуацыяй, і нашы інстытуты, безумоўна, гэтым займаюцца», — дадала яна.

Паводле яе, яшчэ патрэбны час, каб ацаніць тэндэнцыі ў дачыненьні да вагнэраўцаў у Беларусі, паназіраць, ці вернуцца яны на фронт, ці, магчыма, далучацца да іншых прыватных кампаній.

«Я б прапанавала не расслабляцца, мы пільна сочым за сытуацыяй [...], але калі прымаюцца рашэньні, якія зьмяняюць статус-кво, для гэтага павінна быць сурʼёзная аснова, а не агульныя размовы ці дыскусіі», — падкрэсьліла прэм’ер-міністар Літвы.

28 жніўня па выніках сустрэчы кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла аб намеры падрыхтаваць прапанову ўраду закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Лаварышкі» (зь беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).

«На гэты момант такая прапанова ўнесеная. Яна павінна быць разгледжаная, усе працэдуры завершаныя і, відаць, пасьля разгляду і прыняцьця рашэньня гэта павінна быць зроблена ў найбліжэйшы час», — сказала Білатайце.

У выпадку закрыцьця дадатковых пунктаў працоўнымі застануцца два пераходы: «Салечнікі» (зь беларускага боку «Беняконі»), «Меднікі» (зь беларускага боку «Каменны Лог»).

18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — "Шумск"/"Лоша" і "Цьверач"/"Відзы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG