Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чын-Чыны праляцяць зязюляй, возьмуць Бэрлін, апрануцца ў мундзіры. Расказваем пра новы сэзон YouTube-шоў


Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч на здымках, архіўнае фота
Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч на здымках, архіўнае фота

Яго ўдзельнікі расказалі Свабодзе, як старажытны нямецкі замак натхніў Чын-Чынаў на новае і адначасова стаў псыхіятрычнай лякарняй.

Стартуе новы сэзон папулярнага ютуб-каналу «Чын-Чын-Чэнэл». 31 жніўня выйдзе кароткамэтражка «Чын-Чыны праляцелі зязюляй». Пагаварылі з чальцамі каманды, ці ёсьць у іх аналёгіі з Кізі і Форманам і куды Чын-Чыны паляцяць восеньню.

«Чын-чыны праляцелі зязюляй» — ігравы фільм, у якім будзе раскрытая страшная тайна Алены ЖалудOk. Дзеяньні адбываюцца ў Лядзкай псыхіятрычнай лякарні, куды прыехалі чыноўнікі, каб прымусіць вядомую выканаўцу патрыятычных сьпеваў Алену ЖалудOk выступіць на дзяржаўным мерапрыемстве. А ў яе прапаў голас.

Што за праект «Чын-Чын-Чэнэл»

Паводле прызнаньня аднаго са стваральнікаў «ЧынЧынЧэнэла» актора Міхаіла Зуя, сцэнкі пра беларускіх чыноўнікаў пачаліся яшчэ гадоў 7 таму — з «капусьнікаў» у Купалаўскім тэатры, дзе ён тады працаваў. На першы паказ «Чын-Чын-Чэнэла» прыйшлі беларускія чыноўнікі і нават міністры. І ім нібыта спадабалася сатыра, нават адзін высокі чыноўнік зь Мінкульту сказаў: «Хлопцы, як здорава вы нас прапясочылі!».

Пасьля падзеяў 2020 году каманда «Чын-Чынаў» перажыла дзьве рэлякацыі: зь Беларусі ва Ўкраіну, а потым з Украіны ў Польшчу і Нямеччыну, расказала прадусарка Марыя Савушкіна.

Алена Зуй-Вайцяхоўская
Алена Зуй-Вайцяхоўская

«Зараз мы працягваем працаваць для беларускай аўдыторыі, таму што верым, што гумар і сатыра — гэта ўнівэрсальная зброя супраць прапаганды, хлусьні і афіцыёзу дзяржаўных мэдыя.

Новы фільм — гэта вострая палітычная сатыра, створаная ў стылі беларускіх дзяржаўных СМІ. Аўтары выкарыстоўваюць лёгіку прапагандысцкіх каналаў і прапануюць гледачам свой сюжэт — містычны, дэтэктыўны і абсурдны», — кажа Марыя Савушкіна.

«Зязюлю» зрабілі з падручных сродкаў, «на абшчэственных началах»

Рэжысэр, аўтар сцэнароў, апэратар «ЧынЧынЧэнэла» Андрэй Кашперскі, яшчэ калі вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў, стаў ляўрэатам прэзыдэнцкай стыпэндыі. «Прадстаўнік таленавітай моладзі» пасьпеў папрацаваць на «Беларусьфільме».

Каманда «Чын-Чын-Чэнэл». У цэнтры — Андрэй Кашперскі
Каманда «Чын-Чын-Чэнэл». У цэнтры — Андрэй Кашперскі

Калі пачалася вайна Расеі з Украінай, працаваў з камандай «ЧынЧын» у Львове, здымаў сэрыял «Тут быў Ленін» пра горад Шчучыншчынск, дзе нібыта зьнік помнік Леніну. З Украіны каманда мусіла рэлякавацца.

Прадусарцы Марыі Савушкінай, якая пераехала ў Нямеччыну, удалося арганізаваць для ўсёй каманды на месяц творчую рэзыдэнцыю ў замку Бролін, дзе можна было прыдумаць любы праект: пэрформанс, карціну, музыку, спэктакль, і ўвасобіць яго ў жыцьцё, — узгадвае Андрэй Кашперскі.

«Мы туды прыехалі, каб аднавіць канал „ЧынЧынЧэнэл“. Прыдумалі сэрыю інтэрвію на ютубе з „сэлебрыці“. Праект называўся „На кавёр!“: запрасілі музыкаў Юрыя Стыльскага, Маргарыту Ляўчук, пісьменьніка Сашу Філіпенку, блогера Джыпсінкова ды іншых.

Калі трэба было разьяжджацца, зь Мішам Зуем вырашылі, што трэба яшчэ штосьці зьняць. Але не было сцэнару», — расказвае Андрэй.

Яны зь Міхаілам дамовіліся раніцай сустрэцца, хуценька прыдумаць сцэнар і зьняць фільм. Выпілі кавы і, вандруючы па рэзыдэнцыі — старажытным замку Бролін, наткнуліся на будучыя лякацыі нашага фільму.

Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч
Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч

«Нам падалося, што гэты замак вельмі падобны да псыхіятрычнай лякарні! Так што ня столькі Мілаш Форман (рэжысэр, які зьняў знакаміты аскараносны фільм „Палёт над гняздом зязюлі“. — РС), колькі сам замак Бролін падштурхнуў зрабіць фільм пра псыхіятрычную лякарню.

І закруцілася: „Тут павінна сьпяваць і танцаваць Алена ЖалудOk, сюды па яе павінны прыехаць чыноўнікі, якія пажадалі зрабіць Алене лябатамію...“. Максымум за 3 гадзіны мы напісалі сцэнар фільму, у той жа дзень зьнялі сцэны з чыноўнікамі, на наступны — з Аленай ЖалудOk, яе таямнічай сястрой, санітарам, і пару дзён здымалі дэталі: жывёлаў, замак, прыроду», — узгадвае Андрэй Кашперскі.

Сцэнар, здымкі — усё зроблена на адной хвалі, на адным дыханьні, з натхненьнем, прызнаецца Міхаіл Зуй.

«„Зязюлю“ сапраўды зрабілі з падручных сродкаў, „на абшчэственных началах“ — нямецкі замак натхніў».

Будзе і новая песьня — «Лядзкая псыхіятрычная»

А вось музыку для фільму Зуя натхніў напісаць Кашперскі: на думку рэжысэра, у фільме не хапала музычнага акцэнту, песьні.

«Міша вельмі музычны чалавек, ён граў ажно ў трох музычных гуртах: „Дзеці дзяцей“, „Альбо-альбо“ і „Зуі“. Я спачатку пазнаёміўся зь ім як з музыкам. Алену Вайцяхоўскую ведаў, а хто такі Міша — не. Сустрэўся з Аленай, яна кажа, што галоўны музыка тут Міша. Пазнаёміліся, у нас адразу супалі густы. Я адчуў зь першай нашай сустрэчы, што ў яго ёсьць талент кампазытара. У нас зьявіліся „Шчучыншчына“, „Дзекаць і цекаць“, „Кедышкі“.

А цяпер будзе новая песьня „Лядзкая псыхіятрычная“, якая цалкам інтэграваная ў фільм і, як у сапраўдным м’юзыкле, адлюстроўвае ўсе павароты фільму».

Міхаіл Зуй прызнаецца, што ў гэтым праекце каманда наагул крыху хуліганіць з эстэтыкай.

«Музыку мы рабілі такую артадаксальную — аж да іранічнасьці. Па пазнавальных музычных штампах, па прыёмах, якія часта выкарыстоўваюцца ў кіно. Мне самому спадабалася».

«Гумар і актуальнасьць зацьмяваюць страх»

Палітычная сатыра — рэч небясьпечная, тым больш у Беларусі. Ці не баіцца каманда «Чын-Чынаў», што іх прадукцыю пачнуць «заблюрваць», «запікваць», як часьцяком здараецца з самымі бяскрыўднымі фільмамі, кшталту апошняга сэрыялу пра «Песьняроў»?

Рэжысэр Андрэй Кашперскі на гэтае пытаньне адказаў так:

«Я не баюся, бо шчыра веру ў тое, што раблю, што гэта можа дапамагчы сілам дабра. Гумар і актуальнасьць зацьмяваюць страх і дапамагаюць са страхам змагацца».

На думку Андрэя Кашперскага, сэрыял-анталёгія «Працэсы», які хутка выйдзе на Белсаце, больш востры, сур’ёзны і жорсткі. Адна сэрыя, якую паказалі на фэстывалі Bulbamovie ў Варшаве, — пра тое, як у Беларусі скончыліся месцы ў турмах, і АМАПаўцаў прымусілі ўзяць да сябе на «ператрымку» арыштаваных на 15 сутак.

У канцы верасьня «Працэсы» каманда павязе ў ЗША на трэці жанравы «Austin Film Festival», — кажа рэжысэр.

«А „Чын-Чыны праляцелі зязюляй“ выглядае на яго фоне як дзіцячы фільм таго самага рэжысэра — прэзыдэнцкага ляўрэата, які ў 18 гадоў паступіў у Акадэмію мастацтваў, сышоў працаваць на „Беларусьфільм“ і нібыта там і застаўся, і з усёй гэтай эстэтыкай зьняў кіно, якое нібыта стала само па сабе пратэставаць.

Мне падабаецца, што „Чын-Чыны праляцелі зязюляй“ пры ўсёй сваёй вастрыні — такое хуліганскае, крыху дзіцячае наіўнае кіно рэжысэра, які хацеў бы здымаць для мас, каб гледачы пасьмяяліся, паперажывалі, пашукалі разгадку, і, канечне ж, паслухалі цудоўную песьню. Таму я не баюся, я натхнёны тым, што раблю», — кажа Андрэй Кашперскі.

Чын-Чыны возьмуць Бэрлін і апрануцца ў мундзіры

Пасьля «Зязюлі», якая «паляціць» 31 жніўня, чакаюцца новыя праекты: «Чын-Чыны на колах», «Чын-Чыны ў мундзірах», «Чын-Чыны бяруць Бэрлін», — падзяліўся плянамі ChinChin Production Міхаіл Зуй.

«Гэта будзе 40-хвілінная кароткамэтражка пра прыгоды Чын-Чынаў у Бэрліне. Там яны сутыкнуцца з усімі праявамі заходняга жыцьця. Бо тое, што паказваюць па Беларускім тэлебачаньні, аказалася праўдай. Розныя вычварэнцы па вуліцах ходзяць, няма дзе шукаць праўды, толькі беларускія Чын-Чыны сваёй рукой наводзяць парадак і паказваюць, што такое сапраўдная ўлада, сумленныя чыноўнікі зь дзьвюх вялікіх літар „Ч“.

Ёсьць задумкі зрабіць „Чын-Чыны ў мундзірах“, дзе чыноўнікі паказваюць сваю маладзецкую воінскую зухаватасьць, гатовыя ісьці на перадавую, каб абараніць свае ідэалы і ідэалёгію. Нашы Чын-Чыны пераапрануцца ў мундзіры і стануць добраахвотнікамі», — падзяліўся бліжэйшымі плянамі Міхаіл Зуй.

Прэмʼера фільму «Чын-Чыны праляцелі зязюляй» чакаецца ў чацьвер, 31 жніўня ў 11.00.

Фільм можна будзе паглядзець з ангельскімі субтытрамі.

Зорная каманда «Чын-Чынаў»:

  • Міхаіл Зуй — актор, аўтар сцэнару, аўтар музыкі,
  • Дзьмітры Есяневіч — актор, аўтар сцэнару,
  • Алена Зуй-Вайцяхоўская — актрыса, аўтарка і выканаўца сьпеваў,
  • Андрэй Кашперскі — рэжысэр, аўтар сцэнару, апэратар,
  • Андрэй Каралевіч — выканаўчы прадусар,
  • Нэла Агрэніч — актрыса, дызайнэр,
  • Серж Навіцкі — мэнэджар сацыяльных сетак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG