Кіраўніцтва АПК сустрэлася зь ім і іншымі прадстаўнікамі польскіх уладаў у канцы мінулага тыдня падчас візыту на Падляшша.
Па словах Артура Касіцкага, цэнтар будзе фінансавацца «на ўзроўні іншых польскіх устаноў культуры» ваяводзтва. Разам з падляскім ваяводам Багданам Пашкоўскім ён заявіў пра гатоўнасьць пракансультавацца зь міністрам навукі і адукацыі Польшчы наконт магчымасьці для навучэнцаў беларускамоўных ліцэяў і школ рэгіёну здаваць экзамэны на беларускай мове.
У сваю чаргу кіраўнік Беластоку Тадэвуш Трускаляскі паведаміў, што горад гатовы выдзеліць палову неабходных сродкаў і папрасіць Міністэрства адукацыі і навукі аб суфінансаваньні праекту па навучаньні дзяцей з дыяспары беларускай мове і літаратуры.
Намесьнік кіраўніка АПК Павал Латушка адзначыў, што для дэмакратычных сіл «вельмі важнай зьяўляецца падтрымка беларускай меншасьці, якая стагодзьдзямі пражывае на Падляшшы і захоўвае сваю мову, культуру, традыцыі, разьвівае адукацыю».
Беларусаў Польшчы Латушка назваў «прыкладам для ўсіх», падкрэсьліўшы, што іх дзейнасьць матывуе і ўсяляе ўпэўненасьць, што можна «аднавіць беларускасьць і ў Беларусі».