Аляксея Гайшуна выклікалі ў РАУС у Гомлі ў студзені 2022 году, там жа і затрымалі. У размове са Свабодай ён расказаў пра свае прыгоды, ад’езд з краіны і намер напісаць кнігу, у якой Гайшун хоча расказаць пра ўсё, што перажыў пасьля жніўня 2020 году.
Чарвякі ў місцы
Гайшун пачынае аповед з таго, што на момант арышту важыў 120 кіляграмаў, а выйшаўшы з калёніі ў красавіку 2023 году — толькі 80.
«Гэта і стрэс, ад якога страчваў апэтыт, і дрэннае харчаваньне ў СІЗА і калёніі, дзе пэўную ежу проста ня мог есьці. Уявіце, што аднойчы знайшоў у місцы з панцаком (ячная каша. — РС) чарвякоў!» — успамінае Аляксей адзін з самых агідных выпадкаў.
Чарвякі ў панцаку яму больш не трапляліся, але гэтай кашай іх кармілі ледзь ня кожны дзень, прычым ячныя крупы ішлі і ў супы.
«Паказаў хлопцам чарвякоў, якіх знайшоў у сваёй місцы. Паабураліся, як у тым рэвалюцыйным фільме пра паўстаньне на браняносцы „Пацёмкін“, прыгадалі, што і самі раней чарвякоў у кашы сустракалі, але пасьля працягвалі есьці. Я ж на гэтыя кашы больш глядзець ня мог. Рэгулярна еў хіба што вараную каўбасу і чорны хлеб, які там жа, у калёніі, нядрэнна выпякаюць», — кажа Аляксей.
Паводле былога вязьня 15-й магілёўскай калёніі, у канцы 2022 году з мэню асуджаных зьнікла рыба, за восень-зіму лічаныя разы давалі зморшчаны салёны гурок ці зялёную памідорыну.
Аляксей успамінае, што летась у канцы жніўня па суботах пачалі даваць пяльмені, а пад стары Новы год выставілі на сталы талеркі з калдунамі. Калі ж у калёнію прыяжджала праверка, асуджаных частавалі чабурэкамі.
«Але цеста было яўна з дрэннай мукі, чабурэкі прыгатаваныя няўмела і ў выніку расклеіліся, ды і засмажаныя былі на старым алеі. Затое хлеба ў той дзень ня выдалі, зэканомілі», — кажа былы вязень.
У Аляксея Гайшуна застаўся ўспамін аб ранішнім паху выпечкі. Вязьням па ім здавалася, што яе якасьць добрая, але да зьняволеных вырабы пякарні не траплялі. Суразмоўца думае, што ўсё ішло на патрэбы адміністрацыі. Як палітычнаму вязьню, пастаўленаму на ўлік нібыта за схільнасьць да экстрэмізму, Гайшуну лімітавалі набыцьцё тавараў у краме. Яму дазвалялася штомесяц купляць харчу толькі на дзьве базавыя велічыні. Тым, каго не паставілі на такі ўлік, тавараў маглі прадаць на 5 базавых.
«Кава, цыгарэты, крыху ласункаў. Вось і ўся „атаварка“», — успамінае наведваньне крамы ў калёніі Аляксей.
У выніку набраць ранейшую вагу ў калёніі яму так і не ўдалося. Праблемы са здароўем аслабілі суставы ног. Аднойчы на «промцы» (у прамысловай частцы калёніі. — РС) Аляксей падвярнуў нагу, і потым доўга мусіў перасоўвацца з дапамогай мыліц.
«„Зроблена ў Расеі“. Насамрэч у Вейне»
Вязьні працуюць у калёніі. Да тых грошай, што прысылаюць ім сваякі на асабісты рахунак, могуць яшчэ нешта дадаць з заробку. Аляксей сьцьвярджае, што на адзін заробак марна спадзявацца.
«Штомесяц у мяне выходзіла недзе паўтара рублі, а то і меней. Гэта тое, што заставалася на рахунку пасьля адлічэньняў за харчаваньне, вопратку. І гэта яшчэ нармальны заробак, бо норму я заўсёды выконваў. Некаторым і таго не плацілі. За выключэньнем лічаных асуджаных, як лазеншчыкі ці качагары, якія былі на асаблівым становішчы. У іх выходзіла па 20-30 рублёў. Усе астатнія ў параўнаньні зь імі, як жабракі», — кажа Аляксей Гайшун.
Паводле адукацыі Аляксей Гайшун настаўнік гісторыі і ангельскай мовы — ён скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Апошнія гады перад арыштам як індывідуальны прадпрымальнік працаваў перакладчыкам, меў добрую кліентуру. Але ў калёніі яму даводзілася выконваць самую цяжкую і малааплатную працу — нажом чысьціў ад ізаляцыі правады, вырабленыя з каляровых мэталаў, каб потым гэтыя мэталы ў чыстым выглядзе паехалі на продаж у Расею.
«Мы былі таннай працоўнай сілай, як нявольнікі», — кажа Аляксей. І дадае, што часам і такія заказы зьнікалі і тады асуджаныя днямі сядзелі бяз працы.
«Некаторыя рабілі з дошак шпулі для кабэляў. Прычым ставілі на іх надпіс, што нібыта „Зроблена ў Расеі“, хаця адрас калёніі — пасёлак Вейна пад Магілёвам. Альбо неяк на тры дні нас задзейнічалі ў зусім дурной працы — з фараў для трактароў лобзікамі выразалі дзіркі пад дадатковыя лямпачкі. Здаецца, нічога з таго не атрымалася, бо больш такіх заказаў не прыходзіла», — успамінае Аляксей працу ў 15-й калёніі.
«Працоўную норму не зьнімаюць нават зь сядзельцаў ШЫЗА»
Яшчэ адно назіраньне аб працы ў калёніі Аляксей зрабіў там, дзе, здавалася, аб працы менш за ўсё турбуюцца — у штрафным ізалятары. Ён трапіў у ШЫЗА вясной 2023 году, за месяц да выхаду на волю. Паводле рапарту, які склалі на Гайшуна, у размове з супрацоўнікам калёніі ён нібыта мацюкнуўся.
«Насамрэч, сказаў пра таблеткі, якія былі ў кішэні, што яны „зайшлі“ разам з пасылкай. А „зайшлі“ ў іх, аказваецца, забароненае слова, турэмны жаргон. Вось і трапіў на 10 дзён у штрафны ізалятар», — расказвае суразмоўца.
Пра ўмовы ў ШЫЗА Аляксей гаворыць без асаблівых эмоцый. Што было вельмі холадна начамі, але ён ужо прыстасаваўся спаць па пяць гадзінаў на дзень і таму рана падымаўся і рабіў зарадку, а потым наразаў дзевяцімэтровыя кругі, каб сагрэцца. Былы палітвязень гаворыць, што за дзень часам атрымлівалася па 600 і больш кругоў.
Больш, чым на нечалавечыя ўмовы, Аляксей наракае на тое, што само існаваньне ШЫЗА падрывае выхаваўчы працэс, які, па задумцы, мусіць адбывацца ў калёніі.
«Каб самому ня трапіць у ШЫЗА, каб зарабіць саступку ці нейкі прывілей, некаторыя вязьні лёгка ідуць на такія нізкія ўчынкі, як стукацтва, паклёпнічаньне, абгавор. Для такіх за кратамі „ўліць“ пра іншага асуджанага начальству — гэта норма, яна нават не выклікае агіды, ня лічыцца „зашкварам“ у зэкаўскім асяродку», — зазначае Аляксей. Ён сьцьвярджае, што сам лёгка вылічваў стукачоў і хутка навучыўся нэўтралізоўваць іхную ўвагу.
«Дастаткова было загаварыць зь сябрамі пра палітыку альбо пра вайну ва Ўкраіне, як ужо падыходзіць стукачок і „прыклейвае“ вуха. Тады мусіў пераводзіць размову на нейкую навуковую, прыкладам філялягічную, тэму. І ўсё, неўзабаве стукач страчваў цікавасьць і адчапляўся», — дзеліцца Аляксей захадамі супраць стукацтва за кратамі.
Паводле яго назіраньняў, стукацтвам у калёніі займаюцца да паловы асуджаных-крымінальнікаў, а вось сярод палітычных вязьняў «памочнікаў адміністрацыі» значна меней.
«У большасьці гэта людзі разумныя, адукаваныя, з пэўнай жыцьцёвай пазыцыяй, якіх апэратыўным супрацоўнікам „падчапіць на кручок“ складаней. Ды і тэрміны ў палітычных меншыя. Ад гэтага таксама шмат што залежыць», — кажа суразмоўца.
«Усіх „крышуе“ міліцыя»
У магілёўскай калёніі, дзе адбываў пакараньне Аляксей, шмат вязьняў сядзяць за распаўсюд наркотыкаў. Значная частка сярод іх — так званыя «закладчыкі», якіх пакаралі вялікімі тэрмінамі (пад 10 і больш гадоў) за тое, што працавалі на наркатычныя інтэрнэт-крамы. Яны на заказ рабілі закладвалі дозы наркотыкаў у схованках: у парках, лесапалосах, іншых месцах. З адным з такіх «наркаманаў» Аляксей неяк добра пагаварыў і даведаўся ад хлопца шмат такога, што перавярнула ягонае ранейшае ўяўленьне аб жыцьці.
«Відаць, раней я жыў у нейкім ілюзорным сьвеце, а тут аказалася, што ўсё вакол інакш, усё значна горш. Пачуў жудасныя гісторыі пра менскіх наркаманаў, якія варта будзе расьпісаць у маёй кнізе, бо я іх добра запомніў. Гэта гісторыі фактычна пра самагубствы праз наркотыкі. Але думкі ў мяне ўзьніклі не пра тое, што наркаманаў трэба спрэс саджаць і саджаць, як робіць Лукашэнка. А пра тое, што міліцыянты „крышуюць“ наркабізнэс. Гэта пацьвердзілі іншыя суразмоўцы: усё кантралюецца міліцыяй, але не дзеля барацьбы са злачыннасьцю, каб яе зьменшыць, а дзеля таго, каб атрымліваць уласную выгаду. Ім трэба падтрымліваць трывалую плынь самых небясьпечных наркотыкаў, і яны гэта робяць на ўсіх этапах. Пачынаючы ад мытні і да апошняга начнога клюбу ці інтэрнэт-крамы. А ўжо потым думаюць пра тое, каб кагосьці для выгляду „закрыць“. Але толькі дробных гандляроў ці закладчыкаў, а не буйных дылераў», — сьцьвярджае суразмоўца.
«Зьеш за мяне піцу з сырам»
Аляксей эмацыйна ўспамінае дзень, калі вызваляўся. Напярэдадні яго па ўсіх турэмных традыцыях праводзілі новыя сябры, казалі шмат добрых словаў, зычылі «ніколі сюды больш не вяртацца».
«Адзін папрасіў зьесьці за яго на волі піцу з сырам. Пытаўся з надзеяй у голасе: «Такія яшчэ на волі гатуюць?» — расказвае аб праводзінах Аляксей.
Пра сам момант вызваленьня ён цяпер кажа, што ўсё адбывалася бы ў тумане. Былы палітвязень кажа, што нават не разумеў спачатку, куды яму ісьці і што рабіць.
«Усё было, як у тумане. Выйшаў і ня ведаў, куды ісьці. Павярнулі, паказалі кірунак. Проста крочыў наперад, перастаўляў ногі, пакуль на прыпынку ня ўбачыў жонку», — гаворыць ён.
Аляксей вярнуся ў Бабруйск, дзе яму па месцы прапіскі давялося стаць на ўлік у інспэкцыі пры мясцовай міліцыі і штотыдзень прыходзіць туды адзначацца. Гэтак пражыў травень і частку чэрвеня. Высьветліў, што застаўся бяз працы — зьніклі былыя замоўнікі перакладаў, якімі ён зарабляў на жыцьцё. Неўзабаве яго зноў, як у студзені 2022 году, выклікалі ў РАУС.
«Гэтак са мной ужо было і закончылася тым, што закрылі на паўтара года. Таму цяпер я нават ня стаў высьвятляць, навошта мяне зноў выклікаюць: пасадзіць ці толькі пра нешта папярэдзіць. Не, думаю, адзін раз ужо апёкся. Хутка сабраў рэчы і ўцёк», — кажа Аляксей.
Пры гэтым маршрут, якім змог дабрацца зь Беларусі ў Эўропу, ён не раскрывае.
У эміграцыі Аляксей Гайшун засеў пісаць кнігу пра жыцьцё за кратамі. Мяркуе, ягоны досьвед будзе запатрабаваны, бо на хуткае вырашэньне сытуацыі ў Беларусі ў лепшы бок не разьлічвае.
«У турме я ўбачыў шмат людзей непадрыхтаваных, у каго там рассыпаецца ўвесь сьветапогляд. Сярод іх ёсьць і прыстойныя людзі. Але, калі яны не падрыхтаваныя, дык на момант выхаду на волю зусім страчваюць адэкватнасьць. Мяркую, што такіх людзей трэба падрыхтаваць, падзяліўшыся сваімі думкамі і досьведам. Як я ўсе гэта перажыў, як мне ўдавалася не схіляцца як у бок ляяльнасьці да міліцыянтаў, так і ў бок нейкіх паўвар’яцкіх крымінальных учынкаў. І хачу гэта зрабіць максымальна эмацыйна. Ня буду хаваць сваіх эмоцый і таго, як я гэта пераадольваў », — кажа былы палітвязень.
Другім важным момантам, які хоча адлюстраваць Аляксей у сваёй будучай кнізе, зьяўляецца пытаньне справядлівасьці пакараньня.
«Дастаткова ў зоне тых, хто варты таго пакараньня, якое адбывае. І хто заслугоўвае адпаведнага стаўленьня да сабе. Але іронія і трагізм сытуацыі ў тым, што такіх самых людзей шмат і пры ўладзе. А чаму тады адны нясуць пакараньне, а іншыя знаходзяцца пры ўладзе? Вельмі няпростае пытаньне. На гэтую тэму таксама хачу паразважаць, данесьці свае думкі да людзей, якія далёкія ад палітыкі. Пакуль ня ведаю, ці змагу да іх дастукацца, але, магчыма, хоць кагосьці зачаплю».
У якасьці падарунку будучым чытачам сваёй кнігі Аляксей выклаў такую параду:
«Напэўна, падумаў спачатку пра такое — заставацца сабой. Але я бачыў шмат людзей, якія ўдарыліся аб гэтую сьцяну — і захаваць сябе не змаглі. Таму лепш такая парада: заставацца халаднакроўным. Паколькі да нас там ставяцца вельмі холадна, абыякава, нават пагардліва, дык няволю трэба ўспрымаць гэтаксама холадна, выключна з пункту гледжаньня здаровага сэнсу. Магчыма, гэта асноўнае».