Расейскае выданьне «Медуза» публікуе камэнтар навуковага журналіста Ільлі Кабанава пра тое, што бліжэйшым часам будзе адбывацца з надвор’ем і кліматам на Зямлі. Падаем асноўныя тэзісы.
Тэмпэратурныя рэкорды — лягічная праява глябальнага пацяпленьня
2023 год з высокай імавернасьцю стане самым сьпякотным годам за ўсю гісторыю назіраньняў. Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя (СМА) фіксуе рэкордныя сярэднія тэмпэратуры два месяцы запар — у чэрвені і ў ліпені. Прычым у ліпені рэкорд быў устаноўлены яшчэ да завяршэньня месяца: настолькі значным аказалася перавышэньне.
Тэмпэратурныя рэкорды — лягічная праява глябальнага пацяпленьня. У гэтым сэнсе іх нельга назваць нечаканасьцю. Нечаканаю затое аказалася навіна, што ў ліпені паступова склаліся ўмовы для пачатку Эль-Ніньнё.
Эль-Ніньнё — гэта кліматычны рэжым у ціхаакіянскім рэгіёне, які разганяе тэмпэратуру на ўсёй плянэце, прычым на дадатак да глябальнага пацяпленьня, выкліканага дзейнасьцю чалавека. Да гэтага часу мы жылі ў процілеглай фазе гэтай цыклічнай зьявы, якая называецца Ля-Ніньня. У працэсе Ля-Ніньня глябальная тэмпэратура зьніжаецца ад шматгадовага сярэдняга значэньня. Пэрыяд Ля-Ніньня паступова скончыўся ў сакавіку 2023-га, але нават тры месяцы паніжаных тэмпэратур, як высьвятляецца, не перашкодзілі 2023 году паставіць свае рэкорды.
У 2024-м становішча са сьпякотай ня толькі не палепшыцца, а, хутчэй за ўсё, рэзка пагоршыцца — найперш якраз з прычыны ціхаакіянскіх цыкляў.
Што такое Эль-Ніньнё і Ля-Ніньня і як яны мяняюць клімат?
Гэта дзьве фазы (цёплая і халодная) так званай Паўднёвай асцыляцыі — пэрыядычнай зьмены рэжымаў ветру і тэмпэратуры паверхневага пласта вады ў раёне Ціхага акіяна. Дзьве фазы аналягічныя двум крайнім становішчам ківача. Стан паміж імі называюць «звычайнымі ўмовамі»: тады клімат адпавядае сваім шматгадовым сярэднім паказчыкам (тэмпэратура, вільготнасьць, ціск і г. д.).
Сваім паходжаньнем незвычайныя мэтэаралягічныя тэрміны абавязаны пэруанскім рыбакам. Словам Эль-Ніньнё (па-гішпанску гэта значыць «малы», «хлопчык») яны з XIX стагодзьдзя называлі цёплую экватарыяльную плынь, якая ідзе на поўдзень уздоўж узьбярэжжа Пэру падчас Калядаў: пад «дзіцяткам» меўся на ўвазе малы Хрыстос.
Пазьней, калі навукоўцы заўважылі, што ў некаторыя гады гэтыя цёплыя плыні бываюць істотна больш інтэнсіўнымі, чым звычайна, яны прынялі гэтую назву і ўжылі яе да больш магутнай, але няўстойлівай кліматычнай зьявы. Адваротную Эль-Ніньнё зьяву навукоўцы назвалі па аналёгіі: Ля-Ніньня — «малая», «дзяўчынка».
Экватар — самае гарачае месца на плянэце. Ён атрымлівае максымальную колькасьць сонечнага сьвятла, і таму паветра ў гэтай вобласьці максымальна разаграваецца. Тут утвараюцца ўзыходныя плыні паветра, якія высока ў атмасфэры разварочваюцца на поўнач і поўдзень і ідуць у субтропікі, дзе ператвараюцца ў пасаты — славутыя вятры, якія вяртаюць паветра назад, у вобласьць экватара. Кручэньне плянэты прыводзіць да таго, што пасаты дзьмуць ня проста назад, строга на поўдзень да экватара, а адхіляюцца на захад: яны дзьмуць на паўднёвы захад у паўночным паўшарʼі і на паўночны захад — у паўднёвым. У цэлым так утвараюцца магутныя заходнія вятры.
У Ціхім акіяне сытуацыя выглядае так: пасаты, якія дзьмуць з вялікай паверхні акіяна, прыносяць у бок Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Інданэзія, Малайзія і ўвесь гэты рэгіён) шмат цяпла і вільгаці. Цёплае і вільготнае паветра тут паднімаецца — і вільгаць праліваецца дажджамі. У выніку дзеяньня пасатаў цёплая вада назапашваецца на захадзе Ціхага акіяна, а халодная — на ўсходзе. З часам гэта прыводзіць да аслабленьня пасатаў.
Звычайныя ўмовы
Тады цёплая акіянская вада, якую пасаты больш ня ўтрымліваюць на захадзе, пачынае сунуцца ў адваротным кірунку — і ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна ўзьнікае Эль-Ніньнё. Рэжым вятроў мяняецца: яны пачынаюць дзьмуць над Паўднёва-Ўсходняй Азіяй у супрацьлеглы бок, на ўсход. Дажджы цяпер праліваюцца над самім акіянам і ў Паўднёвай Амэрыцы, а ў Азіі робіцца вельмі суха.
Хоць для Эль-Ніньнё характэрная падвышаная сярэдняя тэмпэратура на плянэце, яго эфэкты не распаўсюджваюцца раўнамерна: розным рэгіёнам выпадаюць розныя ўмовы надворʼя.
З пацяпленьнем паверхні вады ўздоўж звычайна сухога ціхаакіянскага ўзьбярэжжа Паўднёвай Амэрыкі фармуюцца магутныя аблокі, якія прыносяць ліўневыя ападкі. Тыя, у сваю чаргу, прыводзяць да паводак.
Процілеглы бок акіяна — дзе, напрыклад, Аўстралія і Інданэзія — пры гэтым пазбаўляецца вільгаці, якую ў нармальных умовах пераносяць пасаты, і цярпіць ад засух і пажараў.
Такое адбываецца толькі ў Ціхім акіяне ці недзе яшчэ?
Эль-Ніньнё і Ля-Ніньня ўзьнікаюць у Ціхім акіяне, але іншыя рэгіёны таксама зазнаюць ваганьні.
Мяркуючы па ўсім, уплыў Эль-Ніньнё адчувае нават такі далёкі ад Ціхага акіяну рэгіён, як Паўночная Атлянтыка. У гэты пэрыяд зімы ў паўднёвай Эўропе робяцца больш вільготнымі і цёплымі, а ў паўночнай — сухімі і халоднымі. Калі Эль-Ніньнё дастаткова ўзмоцніцца да зімы 2023–2024 гадоў, паўночнай Эўропе могуць пагражаць маразы.
Чаму ваганьне тэмпэратуры недзе ў тропіках уплывае на клімат плянэты?
Атмасфэру Зямлі можна параўнаць з сажалкай: калі кінуць у адно месца камень, рабізна разыдзецца па ўсім вадаёме. Акіян і атмасфэра шчыльна зьвязаныя, а паток цяпла і вільгаці з акіяна ў атмасфэру, які расьце падчас Эль-Ніньнё, адносна хутка распаўсюджваецца па ўсёй Зямлі.
Сытуацыю пагаршае тое, што Ціхі акіян вельмі вялікі, ён займае прыкладна траціну плошчы Зямлі. Па сутнасьці, ваганьні тэмпэратуры ў трапічнай зоне Ціхага акіяна выклікаюць ланцуговую рэакцыю плянэтарнага маштабу. Таму эфэкты Эль-Ніньнё прасочваюцца ва ўмераных, субпалярных і нават палярных шыротах. Кліматычныя зьмены немагчыма ізаляваць у адным рэгіёне — гэта праблема для ўсёй плянэты.
Ці варта баяцца людзям, якія жывуць далёка ад мора?
На жаль, так. Напрыклад, Этыёпія ня мае выхаду да мора, але ў 2015-2016 гадах, якраз падчас чарговага Эль-Ніньнё, сутыкнулася з катастрафічнай засухай, у выніку якой пацярпелі 10 мільёнаў чалавек.
Нэгатыўныя эфэкты цёплай фазы Паўднёвай асцыляцыі ўзмацняе ня толькі глябальнае пацяпленьне, але і расейска-ўкраінская вайна.
Па-першае, выкліканыя Эль-Ніньнё хвалі сьпякоты ў Азіі павялічаць попыт на расейскія энэрганосьбіты, папярэджвае Bloomberg: у такое надворʼе патрабуецца актыўнае кандыцыянаваньне прамысловых абʼектаў і хатніх гаспадарак. Да росту попыту можа прывесьці і халодная зіма ў Эўропе.
Па-другое, вайна падняла сусьветныя цэны на ўгнаеньні. Хоць пік цэнаў прайшоў, яны не вярнуліся на даваенны ўзровень: гэта можа перашкодзіць пацярпелым ад засухі краінам змагацца з наступствамі стыхіі.
Па-трэцяе, у мірны час на Расею і Ўкраіну прыпадала каля 28% сусьветнага гандлю пшаніцай і 75% паставак сланечнікавага алею. Вайна разбурыла ланцужкі паставак — у выніку ў 2022 годзе колькасьць людзей, якія знаходзяцца на мяжы голаду, вырасла да рэкордных 345 мільёнаў. Засуха падчас Эль-Ніньнё зробіць гэтыя выклікі яшчэ вастрэйшымі.
Якія яшчэ праблемы зьвязаныя з Эль-Ніньнё?
Асабліва магутны Эль-Ніньнё ў 1997–1998 гадах прывёў да страты каля 23 тысяч жыцьцяў у выніку ўраганаў і паводак.
Акрамя таго, Эль-Ніньнё зьніжае эканамічны рост. Нядаўна навукоўцы ацанілі шкоду сусьветнай эканоміцы ад Эль-Ніньнё 1982-1983 і 1997-1998 гадоў у 4,1 трыльёна і 5,7 трыльёна даляраў адпаведна. Эль-Ніньнё, які пачаўся ў 2023 годзе, можа абысьціся чалавецтву ў 3 трыльёны даляраў. Па разьліках дасьледчыкаў, да канца стагодзьдзя агульныя страты ад гэтай зьявы дасягнуць 84 трыльёнаў долараў.
Дасьледнікі зьвязваюць з Эль-Ніньнё дрэнныя ўраджаі ў Эўропе ў канцы 1700-х гадоў (што, у сваю чаргу, стала адным з фактараў Францускай рэвалюцыі) і голад на поўначы Кітая ў 1876-м, які забраў жыцьці 13 мільёнаў чалавек. Варта баяцца і палітычнай нестабільнасьці. Палітолягі падлічылі, што выбухі грамадзянскіх канфліктаў больш імаверныя падчас Эль-Ніньнё ў параўнаньні зь Ля-Ніньня — больш як у два разы.
Паводкам і іншым экстрэмальным зьявам надворʼя часта спадарожнічаюць успышкі інфэкцыйных захворваньняў — ад малярыі і халеры да чумы, узбуджальніка якой пераносяць пацукі, якія спрабуюць ратавацца ад вады, якая падступае, у дамах. Таму эпідэміі могуць стаць яшчэ адным наступствам Эль-Ніньнё. САЗ ужо папярэдзіла, што ў бліжэйшыя гады варта баяцца распаўсюджваньня па віне Эль-Ніньнё ліхаманкі дэнге і вірусу Зіка.
Аўстралійскія экспэрты папярэджваюць, што Эль-Ніньнё можа павысіць нагрузку на энэргетычныя сыстэмы, бо ў сьпякоту людзі будуць больш карыстацца кандыцыянэрамі, а засуха скароціць выпрацоўку электрычнасьці на ГЭС. Каб зьменшыць рызыкі, яны раяць запасацца дызэльнымі генэратарамі і ўсталёўваць сонечныя панэлі.