Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хвалі сьпёкі ў Эўропе робяцца ўсё часьцейшымі. Навукоўцы называюць некалькі прычынаў


Лясны пажар у Францыі
Лясны пажар у Францыі

Рэкордная сьпякота абрынулася на Эўропу. У Брытаніі ўпершыню намералі больш за +40, у Францыі, Гішпаніі, Партугаліі палаюць пажары. Мэтэаролягі называюць сытуацыю «тэмпэратурным апакаліпсісам».

Вялікая Брытанія

Аўторак стаў самым сьпякотным днём у гісторыі Вялікай брытаніі: тут зафіксавалі тэмпэратуру звыш +40. У Лёнданскім аэрапорце расплавілася частка ўзьлётнай паласы, расклад палётаў быў парушаны. Пацярпелі чыгуначныя шляхі на поўдні краіны.

Францыя

У Францыі палаюць лясныя пажары. На поўдзень ад Бардо агонь за тыдзень выпаліў больш як 200 квадратных кілямэтраў і вымусіў пакінуць свае дамы больш як 37 000 жыхароў.

Нямеччына

У Нямеччыне фіксуюць найвышэйшую за год тэмпэратуру — зывш 39 градусаў. У сераду сьпёка перасоўваецца на ўсход і паўднёвы ўсход краіны.

Гішпанія

На поўначы краіны тэмпэратура дасягнула +43. Пажары палаюць на тэрыторыі 140 тысяч гектараў. Спынілі чыгуначныя зносіны паміж Мадрыдам і Галіцыяй.

Партугалія

Гараць лясы. Пажылая пара пры спробе прарвацца праз агонь згарэла ў машыне. Зафіксаваная рэкордная тэмпэратура +47. Ад сьпёкі паміраюць людзі.

У чым прычына?

Паводле навукоўцаў, экстрэмальная сьпякота адпавядае пэўнай тэндэнцыі. Яны кажуць, што хвалі гарачыні ў Эўропе павялічваюцца па частаце і інтэнсіўнасьці хутчэй, чым у любой іншай частцы плянэты.

Глябальнае пацяпленьне адыгрывае ў гэтым сваю ролю, як і ў выпадках хваляў цяпла па ўсім сьвеце, бо тэмпэратура ў сярэднім павысілася прыкладна на 1,1 градуса ў параўнаньні з канцом ХІХ стагодзьдзя, калі прамысловыя выкіды газаў яшчэ толькі пачыналіся.

Аднак, апроч гэтага, існуюць і іншыя фактары, якія могуць зрабіць Эўропу цэнтрам гарачых хваляў. Некаторыя зь іх тычацца атмасфэрнай цыркуляцыі паветра і акіянаў.

Цяперашнія пякельныя тэмпэратуры, якія абрынуліся на Англію, былі часткова выкліканыя вобласьцю нізкага ціску ля ўзьбярэжжа Партугаліі — тэрыторыі, разьмешчанай вышэй над узроўнем мора. Зона нізкага ціску мае тэндэнцыю прыцягваць да сябе паветра, таму яна цягне яго з Паўночнай Афрыкі на сябе і ў бок Эўропы. «Яна пампуе гарачае паветра на поўнач», — кажуць дасьледчыкі.

Таксама навукоўцы адзначаюць, што ўсё больш частыя хвалі сьпёкі ў Эўропе ўзьнікаюць, калі струменны паток паветра часова падзяляецца на 2 часткі, пакідаючы паміж двума рукавамі арэал слабага ветру і высокага ціску, што спрыяе назапашваньню экстрэмальна высокай тэмпэратуры. У Эўропе ўжо два тыдні трымаецца такая «падвойная плынь».

Сярод магчымых прычынаў усё часьцейшых хваляў сьпёкі ў Эўропе навукоўцы называюць і пацяпленьне ў Арктыцы, якое адбываецца хутчэй, чым у іншых частках сьвету. Па меры таго, як Арктыка праграваецца, розьніца тэмпэратур паміж ёй і экватарам зьніжаецца. Гэта прыводзіць да памяншэньня летніх вятроў, у выніку чаго паветраныя сыстэмы надворʼя застойваюцца.

Анамальная сьпёка ў Эўропе высушвае глебу, таму, калі надыходзіць чарговая хваля гарачага паветра, мала што застаецца для выпарэньня з глебы. Таму сонечная энэргія будзе выпальваць паверхню і павялічваць тэмпэратуру, прадказваюць навукоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG