Украінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Нацыянальная паліцыя Ўкраіны з жніўня 2018 году расьсьледуе крымінальную справу, адкрытую з нагоды фактаў адмываньня даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і завалоданьня маёмасьцю з выкарыстаньнем службовага становішча.
У справе фігуруюць службовыя асобы ўкраінскага прадпрыемства «НТК „Електронприлад“» ды іншыя асобы, пакуль ня вызначаныя. Падставай для адкрыцьця крымінальнай справы стала інфармацыя аб пастаўцы ў Воршу бартавых аварыйна-эксплюатацыйных рэгістратараў лётнай інфармацыі БУР-4-1-07, прызначаных як для грузапасажырскіх, так і вайсковых самалётаў. Кошт пастаўкі двух рэгістратараў склаў больш за 41 тысячу даляраў.
Паводле матэрыялаў справы, пастаўка рэгістратараў у Беларусь, зробленая ў сакавіку 2018 году расейскай кампаніяй «Олникс», была афіцыйна аформленая толькі беларускай мытняй пры ўвозе. У дакумэнтах Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны дакумэнты аб вывазе гэтай прадукцыі з украінскай тэрыторыі адсутнічаюць.
Апроч таго, высьветлілася, што Аршанскі авіярамонтны завод за неадпаведнасьць суправаджальнай дакумэнтацыі рэгістратарам вярнуў іх расейскаму пастаўшчыку, кампаніі «Олникс». Сьледзтва таксама мае дакумэнты, якія сьведчаць, што прадпрыемства «НТК „Електронприлад“» у далейшым плянавала працаваць зь беларускім заводам толькі праз гэтага расейскага пастаўшчыка і абяцала даць заводзкую гарантыю на прадукцыю.
Цяпер сьледзтва вывучае ўсю дакумэнтацыю ўкраінскага прадпрыемства, у якой згадваюцца Аршанскі авіярамонтны завод і расейская кампанія «Олникс» — кантракты, акты прыёму-перадачы прадукцыі, камэрцыйныя прапановы, таварныя накладныя, ліставаньне між прадпрыемствамі ў часе ажыцьцяўленьня паставак, сэртыфікаты, падатковыя дэклярацыі ды іншыя дакумэнты.
У кастрычніку 2018 году ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» афіцыйна перайшло пад кантроль беларускай дзяржавы, а ўкраінская «Мотор Січ» выйшла са складу акцыянэраў — украінская кампанія валодала 60% акцыяў беларускага заводу, яшчэ 40% мела кампанія беларускага бізнэсоўца Аляксандра Садоўскага.
Генэральная пракуратура Беларусі ў красавіку 2018 году распачала праверку прадпрыемства з прычыны невыкананьня інвэстыцыйнай дамовы і крымінальную справу ў дачыненьні былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна). Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць патрэбныя запчасткі на завод, а колькасьць замоваў зьнізілася.
«Мотор Січ» сьцьвярджала, што ўклала ў завод 20 млн даляраў і «падняла з руінаў» кампанію.
У ліпені Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў аб нацыяналізацыі прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».