Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі авіярамонтны завод афіцыйна нацыяналізавалі. Як загадваў Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка на Аршанскім авіярамонтным заводзе, 11 ліпеня
Аляксандар Лукашэнка на Аршанскім авіярамонтным заводзе, 11 ліпеня

Украінцы кажуць, зь імі разьлічыліся за 60% акцыяў заводу, і цяпер яны «вольныя птушкі».

ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» афіцыйна перайшло пад кантроль беларускай дзяржавы, а ўкраінская «Мотор Січ» выйшла са складу акцыянэраў, піша БелаПАН. Гэта выданьню пацьвердзілі ў Дзяржаўным камітэце маёмасьці.

Прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў заявіў журналістам, што зь ім разьлічыліся тыдзень таму. Цяпер, кажа ён пра сябе, «мы вольныя птушкі». Украінская кампанія валодала 60% акцыяў беларускага заводу, яшчэ 40% мела кампанія беларускага бізнэсоўца Аляксандра Садоўскага.

Генэральная пракуратура Беларусі ў красавіку распачала праверку прадпрыемства празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйнай дамовы і крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна). Інвэстары меліся ўкласьці ў мадэрнізацыю заводу 12 млн даляраў, але не рэалізавалі гэтыя пляны з прычыны расейска-ўкраінскага канфлікту: расейцы адмовіліся пастаўляць патрэбныя запчасткі на завод, а колькасьць замоваў зьнізілася.

«Мотор Січ» сьцьвярджае, што ўклала ў завод 20 млн даляраў і «падняла з руінаў» кампанію.

У ліпені Аляксандар Лукашэнка пабываў на заводзе, расказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і фактычна заявіў аб нацыяналізацыі прадпрыемства: маўляў, «якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі, гэта нашая задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG