На беларуска-літоўскай мяжы ўлады Літвы ад сёньня закрылі два памежныя пераходы: Шумск — Лоша і Цьверач — Відзы.
Журналісты «Настоящего времени» наведалі літоўскае памежжа зь Беларусьсю і паразмаўлялі зь літоўцамі і беларусамі, якія часта карысталіся гэтым пераходам для сваіх паездак.
«Палітыкі сварацца, а цярпяць простыя людзі. Палітыкаў выбірае народ, а пра народ ніхто ня думае. У мяне тут кватэра, а ў Астраўцы я арандую, бо маці засталася сама. Яна хадзіць ня можа. Ёсьць дом тут, але я грамадзянін іншай дзяржавы, і, разумееце... Цяпер закрываюць, і я ня ведаю, што мне рабіць», — расказаў Свабодзе грамадзянін Літвы, які вымушаны ледзь ня штодзень перасякаць мяжу ў кірунку Беларусі.
«Вядома, цяпер будзе нязручна. У мяне бацькі там жывуць, і давядзецца ехаць у аб’езд... Калі людзі разрываюць сувязі... Тут жа простыя людзі езьдзяць, ня езьдзіць Лукашэнка, яшчэ нехта. Я ад гэтага ня бачу нічога добрага», — сказаў яшчэ адзін літоўскі грамадзянін.
Улады Літвы ўхвалілі рашэньне аб закрыцьці двух пераходаў пасьля таго, як у Беларусь прыбылі найміты расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог — Меднікі, Прывалка — Райгорад, Беняконі — Салечнікі і Катлоўка — Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.