Нядаўна Свабода публікавала дадзеныя тэлефоннага сацыялягічнага апытаньня, якое правёў у чэрвені ў Беларусі дасьледчы цэнтар «Беларуская аналітычная майстэрня» (БАМ).
У адказ мы атрымалі допіс чытача, які паставіў пад сумнеў адэкватнасьць гэтых апытаньняў, якія праводзяцца ў сучаснай Беларусі.
«Як можна сур’ёзна ставіцца да тэлефоннага апытаньня, як і да любой іншай сацыялёгіі ва ўмовах дыктатуры? Адсотак людзей, якія скажуць няпраўду ў стылі дзяржаўнай палітыкі са страху перад рэпрэсіямі, такі вялікі, што ставіць крыж на выніках», — напісаў чытач.
Падобныя аргумэнты гучаць даволі часта, у тым ліку і з боку палітыкаў, і нават некаторых адмыслоўцаў. Але наколькі яны слушныя?
Тое, што рэпрэсіі ў Беларусі ёсьць, што яны вельмі шырокія — гэта факт. Пра тое, што ўлады перасьледуюць беларусаў нават за думкі, выказаныя прыватна, рэгулярна паведамляюць праваабаронцы і незалежныя мэдыя. Не выклікае сумневу і тое, што ў жыхароў Беларусі існуе страх перад гэтымі рэпрэсіямі.
Пытаньне палягае ў тым, наколькі гэты страх вялікі менавіта ва ўмовах ананімнага — тэлефоннага ці онлайн — апытаньня? Сьцьверджаньне, што страх перад рэпрэсіямі «ставіць крыж на выніках» сацапытаньняў — гэта адно гіпотэза. І ніякага навуковага пацьверджаньня гэтай гіпотэзы няма.
Аднак ёсьць грунтаванае на дасьледаваньнях пацьверджаньне адваротнага — што фактар страху аказвае ўплыў на вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, але кардынальна не скажае і не абясцэньвае іх.
У прыватнасьці, праект «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House рабіў такое вымярэньне ўзроўню страху ў лістападаўскім апытаньні 2021 году пры дапамозе мэтодыкі UCT (Unmatched Count Technique).
Гэтая тэхніка выкарыстоўвалася пры вывучэньні шчырасьці адказаў на вельмі вострае пытаньне — ці галасавалі рэспандэнты ў 2020 годзе за Сьвятлану Ціханоўскую.
У чым сэнс мэтодыкі?
Выбарка апытаных выпадковым чынам дзеліцца напалам, робіцца дапушчэньне, што на аднолькавыя пытаньні шчырыя адказы ў абедзьвюх паловах аднолькавыя.
Адной палове задаецца набор з 5 абсалютна пустых і бяскрыўдных пытаньняў (кшталту «Ці ёсьць у вас машына?» і «Ці канчаецца нумар вашага мабільніка на 1?») А другой палове — тыя ж 5 пытаньняў плюс «выбухованебясьпечнае» — пра галасаваньне за Ціханоўскую ў 2020 годзе.
Але другую групу нават ня просяць адказаць на пытаньне пра Ціханоўскую. Рэспандэнтаў з абедзьвюх групаў просяць сказаць толькі, колькі ў іх станоўчых адказаў на гэтыя 5 пытаньняў у першай групе і на 6 пытаньняў — у другой.
Нескладаная арытмэтыка паказвае, што рознасьць сярэдняй колькасьці станоўчых адказаў у другой і першай групах — гэта і будзе сапраўдная доля тых, хто галасаваў у 2020 годзе за Ціханоўскую. Пры гэтым у рэспандэнтаў ніхто не пытаўся пра гэта наўпрост, і зь іхных адказаў у межах гэтай мэтодыкі ніякі ГУБАЗІК ня высьветліць, як жа яны тады галасавалі насамрэч.
Вынікі, атрыманыя пры дапамозе гэтай мэтодыкі, параўноўваюцца з адказамі іншых рэспандэнтаў на «лабавое» пытаньне пра іх галасаваньне ў 2020 годзе.
«Дынаміка адказаў на прамыя пытаньні пацьвярджае існаваньне пэўных асьцярог ва ўдзельнікаў апытаньня. Максымальна магчымае скажэньне па асобных пытаньнях, якое ўдалося зафіксаваць камандзе Chatham House, — 8–9 адсоткавых пунктаў», — гаварылася ў справаздачы брытанскага дасьледчага цэнтру па выніках выкарыстаньня мэтодыкі UCT.
Розьніца ў 9 адсоткавых пунктаў паміж адказамі, дадзенымі пад страхам рэпрэсіяў і безь яго, не настолькі вялікая, каб ставіць крыж на выніках.
Мэтодыку UCT выкарыстоўвалі і ў сацапытаньнях у Расеі пры вывучэньні стаўленьня рэспандэнтаў да вайны. Варта нагадаць, што там нават за лёзунг «Не — вайне» можна атрымаць працяглы турэмны тэрмін. Але і там выкарыстаньне гэтай мэтодыкі даводзіць, што менавіта ў адказах падчас сацыялягічных апытаньняў страх рэпрэсіяў не ўсеабдымны і яго ўзьдзеяньне не абясцэньвае вынікаў такіх дасьледаваньняў.
Гэтая тэхніка распрацаваная заходнімі сацыёлягамі для ацэнкі шчырасьці адказаў на нязручныя для рэспандэнтаў і ў заходніх грамадзтвах пытаньні — пра сужэнскія здрады рэспандэнта, пра яго стаўленьне да этнічных і сэксуальных меншасьцяў. За непаліткарэктны адказ на такія пытаньні не пазбавяць волі, але і там дзейнічае фактар сацыяльнай прымальнасьці — некаторым апытаным адказаць шчыра на падобныя пытаньні, зададзеныя «ў лоб» нават у ананімным апытаньні, крыху няёмка. UCT дазваляе ацаніць ступень няшчырасьці і ў дэмакратычных, і ў аўтарытарных краінах.
Аднак у тым, што ў адказах на пытаньні ананімных сацыялягічных дасьледаваньняў у аўтарытарных грамадзтвах страх рэпрэсіяў не ўсеабдымны, можна пераканацца і пры ўважлівым вывучэньні вынікаў апытаньняў «Беларускай аналітычнай майстэрні».
У чэрвеньскім апытаньні 2023 году БАМ гучала пытаньне аб стаўленьні рэспандэнтаў да ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. І дзяржаўная прапаганда, і беларускія урадоўцы, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі, даюць на гэтае пытаньне адназначны адказ: Расея мае рацыю, Расея правільна робіць.
А што адказваюць рэспандэнты «Беларускай аналітычнай майстэрні»? Усяго 41% падзяляе гэтую ацэнку прапаганды і Лукашэнкі, 46% (!) не падзяляюць. Як бачым, амаль кожны другі рэспандэнт у ананімным апытаньні не баіцца пярэчыць мэйнстрыму дзяржаўнай прапаганды, адказваючы на гэтае балючае пытаньне.
Яшчэ больш палітычна адчувальнае, небясьпечнае пытаньне ў анкеце БАМ — пра стаўленьне да выкарыстаньня расейцамі беларускай тэрыторыі для атак на Ўкраіну. І ў гэтым пазыцыя прапаганды і асабіста Лукашэнкі ясная і недвухсэнсоўная — яна станоўчая. Пры гэтым відавочна, што адказнасьць за гэтае выкарыстаньне — на беларускіх уладах, на Лукашэнку.
І што адказваюць у апытаньні «насьмерць запалоханыя» беларусы пра гэтае рашэньне Лукашэнкі? Станоўча яго ацэньваюць 30%, адмоўна — 50%. То бок палова апытаных з гэтым яго рашэньнем нязгодныя і кажуць пра гэта ў апытаньні.
У тым жа дасьледаваньні — пытаньне «Як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада разьмясьціла расейскія войскі ў Беларусі?». Тут ужо пра адказнасьць улады — проста ў фармулёўцы пытаньня. 48% станоўчых адказаў, але 40% — адмоўных адказаў, меркаваньняў, што беларуская ўлада ў гэтым пытаньні зрабіла кепска, няправільна.
Кіраўнік БАМ, прафэсар Андрэй Вардамацкі ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў пытаньне аб адэкватнасьці вынікаў апытаньняў пры дыктатуры наступным чынам: «Прыгадаю адказы на пытаньне пра стаўленьне да разьмяшчэньня расейскіх войскаў у Беларусі. Долі станоўчых і адмоўных адказаў практычна супадаюць. Гэта клясычны спліт, падзел грамадзкай думкі, кожная з ацэнак складае прыкладна па 40%. Ці можна ўявіць сабе ГУЛАГ, у якім думкі па значным палітычным пытаньні падзяліліся б пароўну, але, галоўнае, пра гэта вязьні лягера заявілі б уголас?».