Пра гэта дыскутуюць сацыёляг, старшы аналітык Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў і гісторык, кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.
Сьцісла
Красулін
- СМІ павінны дадаваць папярэджаньні да дадзеных сацапытаньняў — пра тое, што нельга, абапіраючыся на гэтыя лічбы, рабіць далёкасяжныя высновы.
- Калі людзей саджаюць у турму за колер шкарпэтак, то як яны могуць шчыра адказваць на пытаньні незнаёмых людзей пра стаўленьне да рэжыму?
- Няма навукова-акадэмічных падстаў казаць, што большасьць беларусаў супраць вайны.
- Лічбы апытаньняў часта супярэчаць думцы атачэньня людзей, якія з вынікамі гэтых апытаньняў знаёмяцца.
Коршунаў
- Я ня ведаю ніводнага выпадку, каб у Беларусі некага затрымалі за адказы ў ананімным апытаньні, якія маглі б не спадабацца ўладам.
- На лабавыя пытаньні людзі сапраўды могуць не адказваць ці адказваць няшчыра, але калі задаваць менш вострыя пытаньні, то з адказаў можна скласьці даволі адэкватную карціну.
- Трэба глядзець, калі было праведзенае апытаньне, улічваць рэпутацыю арганізацыі, якая праводзіла дасьледаваньне, колькасьць апытаных і мэтады апытаньня.
Дракахруст: Ці магчымыя адэкватныя сацыялягічныя апытаньні ў рэпрэсіўных, дыктатарскіх грамадзтвах, такіх як Беларусь ці Расея?
Красулін: Усім трэба разумець, у тым ліку і СМІ, што цяпер умовы правядзеньня сацапытаньняў настолькі ўскладніліся, што трэба пісаць вялікімі літарамі папярэджаньне: да гэтых лічбаў трэба ставіцца вельмі асьцярожна. І не рабіць на іх падставе далёкасяжныя высновы.
У Расеі сёньня апублікаваныя вынікі апытаньня дасьледчай ініцыятывы Russian field. І там добра тлумачыцца, што вельмі шмат людзей зьехала, вельмі шмат людзей адмаўляюцца ўдзельнічаць у апытаньнях.
У Беларусі сёньня людзі садзяцца ў турму за колер шкарпэтак. Дык як яны будуць адказваць на пытаньні незнаёмых асобаў наконт палітыкі беларускага рэжыму? Колькі людзей у Беларусі адмовяцца гэта рабіць?
Цяпер адсотак адмоваў ад удзелу ў апытаньнях істотна вырас.
Вынікі апытаньня будуюцца на меркаваньнях вельмі абмежаванага кола людзей.
Яшчэ адно пытаньне — як працуюць інтэрвіюеры? Раней незалежныя апытаньні ў Беларусі былі забароненыя (яны і цяпер забароненыя). І праводзіць апытаньні было вельмі рызыкоўна. А цяпер яшчэ горай.
Сыходзіць цалкам у віртуальную прастору мэтадалягічна небездакорна.
Людзі, якія ўдзельнічаюць у апытаньнях цяпер, вельмі перасьцерагаюцца, яны схільныя выбіраць хутчэй тыя варыянты, якія ня выклічуць незадаволенасьці ўладаў.
Тыя, хто праводзяць онлайн-апытаньне, насамрэч ня ведаюць, хто ім адказвае. Можа, рэспандэнт прадстаўляецца 70-гадовай вясковай жанчынай, а насамрэч гэта ІТ-рота КДБ.
Немагчыма праверыць, што інтэрвіюеры сапраўды праводзілі апытаньне, а ня самі напісалі адказы «на каленцы».
У выніку ў нас няма ніякіх падстаў уяўляць, чым насамрэч жыве грамадзтва.
Коршунаў: Большасьць закідаў да апытаньняў, якія зрабіў Яўген, тычыцца ня толькі аўтарытарных, але і любых іншых грамадзтваў.
Зразумела, што ў Беларусі зараз амаль выключаныя ўмовы для правядзеньня клясычных апытаньняў «твар у твар».
Але ёсьць мэтады дыстанцыйных апытаньняў. Беларуская аналітычная майстэрня, якую ўзначальвае Андрэй Вардамацкі, карыстаецца тэлефоннымі апытаньнямі.
Chatham House працуе на онлайн-панэлях, «Народнае апытаньне» — праз Вайбэр-боты.
Я ня ведаю ніводнага выпадку, каб у Беларусі некага затрымалі за ўдзел ці за «няправільныя» адказы ў незалежных сацыялягічных апытаньнях. Хоць ведаю, што ў бюджэтных арганізацыях супрацоўнікаў папярэджваюць, каб яны ня ўдзельнічалі ні ў якіх сацыялягічных апытаньнях.
Дракахруст: Генадзь, адкажыце на цэнтральнае, галоўнае пярэчаньне. Калі перафармуляваць яго ў мэтафарычнай форме: у канцлягеры немагчымыя ніякія адэкватныя сацыялягічныя апытаньні, яны пакажуць адно ўзровень страху перад начальствам канцлягеру.
Коршунаў: Сапраўды, вельмі складана вывучаць рэйтынгі палітыкаў і ўлады. Бо адказы на лабавыя пытаньні — ты за Лукашэнку ці супраць, ты за Пуціна ці супраць — сапраўды цалкам неінфарматыўныя.
Але ў сацыялягічным рыштунку ёсьць прыём апэрацыяналізацыі, калі пытаньне раскладаецца на шэраг іншых, менш небясьпечных, сэнсытыўных для рэспандэнта.
І з адказаў на такія менш вострыя пытаньні можна скласьці ўяўленьне пра грамадзкую думку.
Таму апытаньні праводзіць можна, але акуратна і прафэсійна.
СМІ ня варта размахваць нейкай адной канкрэтнай лічбай і рабіць клікбэйтныя загалоўкі.
Дракахруст: Яўген, вы сказалі, што людзі баяцца адказваць шчыра на пытаньні. Але вось апытаньні Chatham House, дзе задаецца вострае пытаньне — каго б вы хацелі бачыць прэзыдэнтам Беларусі? І вынік — Лукашэнку абіраюць 25–30%, але Бабарыку — таксама прыкладна столькі ж, ды яшчэ па 10–13% — Ціханоўскую і Латушку. Дык дзе страх, дзе канцлягер, калі прыкладна 40% беларусаў у апытаньні аддаюць перавагу «экстрэмістам»? Ці вось адказы ва ўсіх апытаньнях пасьля пачатку вайны — больш за 80% кажуць, што беларускую армію ня варта пасылаць на вайну. Як жа гэтыя больш за 80% не баяцца, што іх пасадзяць за такую антываенную пазыцыю? У Беларусі 80% бясстрашных герояў?
Красулін: Дык і Лукашэнка ж таксама кажа, што беларускае войска ня пойдзе ваяваць ва Ўкраіну. Той, хто адказвае гэтак жа, нічым не рызыкуе.
Я не выключаю, што рэспандэнты адказваюць маніпулятыўна. На онлайн-плятформах у апытаньнях удзельнічаюць тыя, хто зарэгістраваны.
Дракахруст: Генадзь, а як сапраўды фармуюцца гэтыя онлайн-плятформы?
Коршунаў: Chatham House працуе паводле мэтодыкі панэльных дасьледаваньняў. Гэты мэтад распрацаваны ў 50-х гадах для маркетынгавых дасьледаваньняў.
Адмысловыя полстэрскія агенцтвы ствараюць велізарныя онлайн-панэлі, у іх удзельнічаюць тысячы людзей.
Пры гэтым рэспандэнтам крыху нават плацяць за тое, што яны рэгулярна адказваюць на пытаньні анкетаў.
Тэарэтычна ёсьць імавернасьць, што замест жонкі адкажа муж ці замест бабулі — унук. Але гэта магчыма і пра клясычным анкетаваньні — пакінуў інтэрвіюер анкету ў кватэры, каб потым забраць запоўненую, а запоўніў яе іншы сямейнік.
Ёсьць матэматычныя мэтады праверкі адэкватнасьці выбаркі.
Дракахруст: Яўген, многія — Ціханоўская, украінскія і заходнія палітыкі — кажуць, што беларусы ў значна меншай ступені, чым расейцы, падтрымліваюць вайну, што большасьць расейцаў — за, а большасьць беларусаў — супраць. На гэтай тэзе грунтуецца нават шэраг палітычных рашэньняў, якія прымаюць улады Ўкраіны і Эўразьвязу. А на чым грунтуецца гэтая тэза? Хіба не на параўнаньні вынікаў апытаньняў у Расеі і Беларусі? Дык калі апытаньні — гэта хлусьня, калі грамадзкая думка — гэта насамрэч «чорная скрыня», дык на чым грунтуецца гэтая тэза?
Красулін: Няма навукова-акадэмічных падставаў казаць, што большасьць беларусаў супраць вайны. Але я ня думаю, што ёсьць у сьвеце палітыкі, якія грунтуюць свае тэзы выключна на выніках сацыялягічных апытаньняў.
Чаму ў сацыяльных сетках узьнікаюць пытаньні да вынікаў сацыялягічных апытаньняў? Бо лічбы, якія даюць апытаньні, супярэчаць думцы асяродзьдзя людзей, якія чытаюць гэтыя вынікі. Можна шмат гаварыць пра «бурбалкі», у якіх жыве кожны чалавек.
Але ён бачыць відавочную розьніцу паміж лічбамі апытаньняў і думкай свайго атачэньня.
Я паглядзеў дадзеныя апошняга апытаньня Вардамацкага, паводле якога стаўленьне беларусаў зрабілася апошнім часам больш лагодным да Расеі ў цяперашняй вайне. Я адмыслова зьвязаўся ў Беларусі зь некалькімі людзьмі і спытаў іх — ці зьмянілася думка іхнага атачэньня. І атрымаў адказы: ды не, нічога не зьмянілася.
Дракахруст: А наколькі разнастайнае паводле палітычных поглядаў кола людзей, якіх вы запытвалі?
Красулін: Тых, хто належыць да 3%, якія маюць процілеглыя палітычныя погляды, сярод іх няма.
Дракахруст: Паводле Chatham House — 28%.
Красулін: Ёсьць сумневы наконт гэтых 28%. Той жа Вардамацкі казаў, што тут шмат залежыць ад пытаньня. Можна спытаць, ці хацелі б вы, каб нейкая іншая дзяржава падтрымала гэтага кіраўніка. І 28% зьмяншаюцца да 17%. Вось рэальная падтрымка.
Дракахруст: Генадзь, і вы, і Яўген казалі, што інтэрпрэтаваць вынікі сацыялягічных апытаньняў зараз трэба асьцярожна. А ў чым павінна палягаць гэтая асьцярожнасьць?
Коршунаў: Ёсьць некалі парадаў. Трэба глядзець, хто рабіў апытаньне, зважаць на гісторыю арганізацыі, якая робіць апытаньне, на яе рэпутацыю.
Важна таксама глядзець, у якія тэрміны, калі праводзілася дасьледаваньне. Гэта асабліва важна зараз, калі сытуацыя імкліва мяняецца. Таксама варта зважаць на мэтадалёгію: колькі людзей апытана, якім мэтадам праводзілася апытаньне. Лепш за ўсё, калі дасьледчы цэнтар выкладае ўсю базу дадзеных апытаньня.
Таксама важны момант — фармулёўкі пытаньняў. У ідэале павінна паведамляцца і поўная фармулёўка пытаньня, і поўны сьпіс адказаў. Тут насамрэч велізарнае поле для маніпуляцыі.