Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прапанавалі Расеі абмяняць журналіста Гершковіча на зьняволеных расейцаў у амэрыканскіх турмах


Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка 2023 году праз падазрэньне ў шпіянажы
Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка 2023 году праз падазрэньне ў шпіянажы

Але Расея пакуль ня вызначылася з кандыдатурамі для абмену.

Расея не праявіла зацікаўленасьці ў абмене журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, затрыманага ў Екацярынбургу 30 сакавіка праз падазрэньне ў шпіянажы, на расейцаў, якія ўтрымліваюцца ў амэрыканскіх турмах.

Як паведаміла амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal, цяпер у фэдэральных турмах адбываюць пакараньне 25 расейскіх грамадзянаў, але Расея пачала «таргавацца» за вызваленьне расейцаў, затрыманых у іншых краінах.

У прыватнасьці, гаворка можа ісьці аб расейскім шпіёне, якога затрымалі ў Бразыліі, але бразыльскі ўрад адмовіў ЗША ў ягонай экстрадыцыі.

The Wall Street Journal нагадала, што ў ліпені Эстонія экстрадавала ў ЗША Вадзіма Канашчонка, абвінавачанага ў незаконнай кантрабандзе боепрыпасаў. Ён, паводле афіцыйных асобаў ЗША, мае сувязі з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі (ФСБ). Але той не прызнае сваёй віны, а расейская амбасада ў Вашынгтоне адмовілася камэнтаваць ягоныя сувязі з ФСБ.

Паводле зьвестак выданьня, ЗША вядуць перамовы з Расеяй аб абмене і былога амэрыканскага марскога пяхотніка Пола Ўілана, якога затрымалі ў гатэлі ў Маскве ў сьнежні 2018 году і якому ўжо прысудзілі 16 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у шпіянажы.

Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што могуць разгледзець перадачу Расеі «некалькіх хакераў і іншых злачынцаў» у абмен на Гершковіча і Ўілана.

Амэрыканскія назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што прэс-сакратар Крамля публічна згадваў аб наведваньні расейскім консулам Уладзіміра Дунаева, якога Паўднёвая Карэя экстрадавала ў ЗША ў 2021 годзе. Дунаеў не прызнаў сябе вінаватым у кібэратаках на прадпрыемствы, школы, банкі, органы ўлады па ўсім сьвеце.

Яшчэ адным вядомым расейскім хакерам, які знаходзіцца ў ЗША, зьяўляецца Уладзіслаў Клюшын, якога Швайцарыя экстрадавала ў ЗША ў сьнежні 2021 году па абвінавачаньні ва ўдзеле ў схеме ўзлому і крадзяжу непублічнай фінансавай інфармацыі аб Tesla, Roku і іншых, а таксама гандлю ёю.

ЗША таксама прапанавалі Расеі абмяняць сваіх грамадзян на Аляксандра Віньніка, сузаснавальніка папулярнай біткойн-біржы, якая, паводле амэрыканскай пракуратуры, выкарыстоўвалася ў апэрацыях адмываньня грошай.

«Расея выразна заявіла пра сваю зацікаўленасьць у Вадзіму Красікаву, які адбывае пажыцьцёвае пакараньне ў Нямеччыне за забойства былога лідэра чачэнскіх паўстанцаў. У Міністэрстве замежных спраў Нямеччыны заяўлялі, што забойства было „заказана дзяржавай“, але Крэмль адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай справы», — паведаміла амэрыканскае выданьне.

У Расеі назвалі «спэкуляцыяй» заявы аб нежаданьні вызваленьня расейцаў

Пасол Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў заявіў, што Расея выступае «за хутчэйшае вяртаньне ўсіх расейскіх грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў амэрыканскіх турмах».

«Для нас гэта безумоўны прыярытэт, таму спэкуляцыі на гэтую тэму лічым непрымальнымі», — заявіў расейскі дыплямат.

Анатоль Антонаў адзначыў, што пытаньне абмену зьняволенымі вырашаюць «упаўнаважаныя органы», вызначаныя прэзыдэнтамі Расеі і ЗША.

«Заклікаем амэрыканскіх палітыкаў і СМІ: дайце магчымасьць для спакойнай працы кампэтэнтных органаў дзьвюх краін. Спыніце гульню лёсамі людзей і пакіньце пошук неабходных рашэньняў прафэсіяналам», — заявіў расейскі дыплямат у ЗША.

Што папярэднічала

8 сьнежня 2022 году ў аэрапорце Абу-Дабі адбылася працэдура абмену грамадзяніна Расеі Віктара Бута на грамадзянку ЗША Брытні Грайнэр, якія адбывалі пакараньне ў папраўчых установах ЗША і Расеі.

Віктар Бут адбываў 25-гадовы тэрмін у турме ў ЗША за спробу змовы з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян шляхам продажу зброі калюмбійскім паўстанцам з групоўкі FARC.

Амэрыканскую баскетбалістку Брытні Грайнэр, якая знаходзілася пад арыштам у Расеі зь лютага 2022 году, абвінавацілі ў захоўваньні і кантрабандзе наркатычных сродкаў. Яе засудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Яна зьяўляецца двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай, зоркай Нацыянальнай жаночай баскетбольнай асацыяцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG