Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі журналіст ужо месяц за кратамі ў Расеі. Зь ягонай сям’ёй сустрэўся Байдэн


Эван Гершковіч
Эван Гершковіч

Сустрэча прайшла ў Вашынгтоне. Размова была прыватнай, яе падрабязнасьці не прыводзяцца. 

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся ў Вашынгтоне з бацькамі журналіста газэты The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы.

Як паведамілі ў Белым доме, «прэзыдэнт і першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн удзельнічаюць у нефармальнай сустрэчы зь сям’ёй Эвана Гершковіча» — яго бацькамі Элай Мільман і Міхаілам Гершковічам, а таксама сястрой Даніэль Гершковіч. Раней Джо Байдэн размаўляў з членамі сям’і журналіста па тэлефоне.

Потым Байдэн сустрэўся з журналістамі Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому. Такія сустрэчы праходзяць штогод. Сёлета многія журналісты насілі значкі з заклікам вызваліць Гершковіча.

«Мы штодня працуем, каб забясьпечыць яго вызваленьне. Шукаем магчымасьці і інструмэнты для яго вяртаньня дадому. Мы захоўваем надзею», — заявіў Байдэн на сустрэчы.

У сваёй прамове прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў важнасьць свабоды прэсы.

«Прэса — ня вораг, а адзін са слупоў свабоднага грамадзтва», — заявіў ён.

На сустрэчы прысутнічала маці журналіста Остына Тайса, які зьнік бязь вестак у Сырыі ў 2012 годзе. Байдэн запэўніў яе, што пакуль не пацьверджана сьмерць журналіста, ЗША лічаць яго жывым і прыкладаюць усе намаганьні, каб знайсьці яго і вярнуць на радзіму.

«Журналістыка — не злачынства. Эван і Остын павінны быць вызваленыя, і мы працуем над гэтым», — сказаў Байдэн.

Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка. Пазьней Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў яго на два месяцы. У дачыненьні Гершковіча завялі крымінальную справу аб шпіянажы.

Расейскае сьледзтва сьцьвярджае, што Гершковіч зьбіраў на замову ЗША сакрэтныя зьвесткі аб адным з прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу. Падрабязнасьці абвінавачаньня не прыводзяцца. Па артыкуле аб шпіянажы журналісту пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG