Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ініцыявала спыненьне дзеяньня пагадненьня з Украінай аб супрацыі ў галіне сувязі. Дзейнічае яшчэ каля 100 дакумэнтаў


Будынак ураду Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Будынак ураду Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Урад упаўнаважыў Міністэрства замежных спраў Беларусі апавясьціць Украіну пра выхад з гэтага пагадненьня.

Савет міністраў Беларусі ўхваліў пастанову аб спыненьні дзеяньня пагадненьня з Украінай аб прынцыпах супрацы і ўмовах узаемаадносін у галіне сувязі, падпісанага ў Кіеве 17 сьнежня 1992 году.

Адпаведная пастанова, якая набыла юрыдычную моц 11 жніўня, апублікавана на прававым партале Беларусі.

Урад упаўнаважыў Міністэрства замежных спраў Беларусі апавясьціць Украіну аб выхадзе з гэтага пагадненьня.

Як вынікае з заканадаўчай базы Ўкраіны, украінскі бок пакуль не выходзіў з гэтага дакумэнту, хоць пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, украінскі ўрад і парлямэнт спынілі дзеяньне больш як 30 пагадненьняў і ўгодаў, падпісаных з урадам і міністэрствамі Беларусі.

Згодна з тэкстам пагадненьня, яно можа быць разарвана ў тым выпадку, калі адзін з бакоў за 90 дзён паведаміць іншаму боку ў пісьмовым выглядзе пра свой намер спыніць дзеяньне гэтага дакумэнту.

Пагадненьне вызначала прынцыпы паштовага абмену і грашовых пераводаў між краінамі.

«Укрпошта» спыніла дастаўку паштовых адпраўленьняў у Беларусь і Расею адразу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну: усе пасылкі вярнулі адпраўнікам, а грашовыя пераводы былі заблякаваныя. Аднак урад Украіны пакуль не спыніў дзеяньне галіновага пагадненьня. Цяпер гэта адбудзецца аўтаматычна праз 90 дзён пасьля атрыманьня адпаведнага паведамленьня зь Беларусі.

Як паведаміла народны дэпутат Украіны Ірына Герашчанка, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакумэнтаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларусьсю, каля 300 — з Расеяй і амаль 200 — у межах СНД.

Парлямэнцкі камітэт у замежных справах заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спыненьня дзеяньня і выхаду зь іх Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG