Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ўзнагародзіў ордэнам Мужнасьці двух беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Ўкраіне


Разьвітаньне з загінулым ва Ўкраіне Эдуардам Лобавым у Варшаве (Польшча). 11 лютага 2023
Разьвітаньне з загінулым ва Ўкраіне Эдуардам Лобавым у Варшаве (Польшча). 11 лютага 2023

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб уганараваньні ўкраінскіх вайскоўцаў дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Як адзначаецца ў дакумэнце, апублікаваным на афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны, сярод узнагароджаных двое грамадзян Беларусі — Эдуард Лобаў і Данііл Ляшук.

«За асабістую мужнасьць, выяўленую ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», самаадданае выкананьне вайсковага абавязку Эдуард Лобаў і Данііл Ляшук узнагароджаныя пасьмяротна ордэнам Мужнасьці трэцяй ступені.

У лютым Іван Завяршынскі, камандзір падразьдзелу, у якім служыў беларус Эдуард Лобаў, ініцыяваў пэтыцыю аб прысваеньні яму званьня Героя Ўкраіны. Аднак яна не сабрала неабходнай колькасьці галасоў, каб яе перадалі на разгляд украінскаму прэзыдэнту. З 15 лютага пэтыцыю падтрымалі 7283 грамадзяніны зь неабходных 25 тысяч.

У красавіку 2023 году за некалькі дзён пасьля публікацыі сабралі неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй аб неабходнасьці ўзнагародзіць званьнем Героя Ўкраіны і Зоркай Героя грамадзяніна Беларусі Данііла Ляшука, які загінуў 1 красавіка ля сяла Першамайскага Данецкай вобласьці. Рашэньне пакуль ня ўхвалена.

Хто такі Эдуард Лобаў

Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

У 2015 годзе Лобаў тайна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.

У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:

«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».

Эдуард Лобаў загінуў ва Ўкраіне ў студзені 2023 году пад Вуглядарам.

Хто такі Данііл Ляшук

Грамадзянін Беларусі Данііл Ляшук, пазыўны «Маджагед», разам зь іншымі добраахвотнікамі батальёну «Тарнада» быў асуджаны ва Ўкраіне на 10 гадоў пазбаўленьня волі за авалоданьне чужой маёмасьцю, пранікненьне ў памяшканьні і незаконнае ўтрыманьне асобаў пад вартай.

У чэрвені 2021 году суд вызваліў Данііла Ляшука, а пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ён пайшоў на фронт. Ён уступіў у шэрагі Ўзброеных сіл Украіны і ачоліў штурмавую групу 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады імя Якава Гандзюка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» сухапутных войскаў.

Данііл Ляшук удзельнічаў у вызваленьні Мікалаеўскай, Херсонскай і Данецкай абласьцей.

У жніўні 2022 году ў баі каля вёскі Максімаўка Мікалаеўскай вобласьці ён атрымаў раненьні, але параненым змог узяць у палон двух расейскіх вайскоўцаў. Аднавіўшыся, ён вярнуўся на фронт. Загінуў 1 красавіка 2023 году.

Колькі Герояў Украіны сярод беларусаў

Першым беларусам, які ў 2017 годзе атрымаў званьне Героя Ўкраіны, стаў Міхась Жызьнеўскі, ён адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў Кіеве ў часе масавых акцыяў пратэсту.

У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблі, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.

У ліпені 2020 году ўкраінскія актывісты ініцыявалі пэтыцыю з заклікам да Ўладзіміра Зяленскага пасьмяротна прысвоіць званьне Героя Ўкраіны вайскоўцу 35-й брыгады марской пяхоты, вайсковаму мэдыку беларускага паходжаньня Мікалаю Ільіну. Ён загінуў 13 ліпеня ў выніку абстрэлу пад Зайцавам Данецкай вобласьці. Аднак пэтыцыя не набрала неабходнай для перадачы яе на разгляд прэзыдэнта Ўкраіны колькасьці подпісаў.

У красавіку 2023 году за некалькі дзён пасьля публікацыі сабралі неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй аб неабходнасьці ўзнагародзіць званьнем Героя Ўкраіны і Зоркай Героя грамадзяніна Беларусі Данііла Ляшука, які загінуў 1 красавіка ля сяла Першамайскага Данецкай вобласьці. Аднак рашэньне пакуль ня ўхвалена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG