Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заявілі, што будуць зьбіваць усе паветраныя цэлі пры парушэньні паветранай прасторы з боку Беларусі


Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў расказаў украінскім журналістам пра вагнэраўцаў у Беларусі і дзеяньнях украінскага войска ў выпадку парушэньня Беларусьсю паветранай прасторы Ўкраіны.

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, паведаміў аб адсутнасьці фактаў парушэньня з боку Беларусі паветранай прасторы Ўкраіны пасьля адступленьня расейскіх войскаў зь Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей.

«З моманту вываду расейскай групоўкі войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей на тэрыторыю Беларусі факты парушэньня паветранай прасторы паўночнай апэрацыйнай зоны не фіксаваліся. Аднак доўгі час выкарыстоўваліся расейскія высокадакладныя ракеты і фальш-цэлі», — сказаў Сяргей Наеў у інтэрвію выданьню «РБК-Україна».

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны дадаў, што Беларусь застаецца «галоўным хаўрусьнікам Расеі ў вайне супраць Украіны», таму ўкраінскае войска будзе разглядаць любую паветраную цэль «як сродак паветранага нападзеньня або як аб’ект забесьпячэньня баявых дзеяньняў», які будзе тэрмінова зьнішчаны.

Сяргей Наеў паведаміў, што, паводле ўкраінскай выведкі, на тэрыторыі Беларусі цяпер знаходзіцца да 6,5 тысячы вагнэраўцаў, якія адпрацоўваюць з падразьдзеламі Ўзброеных сіл Беларусі пытаньні «наступальнага характару, вядзеньня баявых дзеяньняў у населеных пунктах і лясной мясцовасьці».

«Знаходжаньне ПВК „Вагнэр“ у Беларусі зьяўляецца небясьпекай, але калі яны створаць адпаведныя або дывэрсійна-выведныя групы або наземную наступальную групоўку, тады гэта стане рэальнай пагрозай. Таму мы не чакаем, калі такая пагроза зьявіцца, мы робім усё, каб узмацніць нашыя абаронныя магчымасьці», — падкрэсьліў ён.

  • Удзень 1 жніўня жыхары памежнай Белавежы (Польшча) паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія верталёты Мі-8 і Мі-24.
  • Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Мінабароны Польшчы абвяргала залёт верталётаў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу на вельмі малой вышыні і заляцелі на польскую тэрыторыю ў раёне Белавежы, таму радары іх не пабачылі. У ведамстве адзначылі, што беларускі бок раней праінфармаваў Польшчу пра вучэньні.
  • Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
  • Мінабароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
  • 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст за інцыдэнт зь беларускімі верталётамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.
  • Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 2 жніўня зноў заявіла, што беларускія верталёты не парушалі дзяржаўнай мяжы Польшчы і што польскі верталёт 1 жніўня наблізіўся да мяжы больш за беларускія, гаворыцца ў заяве міністэрства.
  • У Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Яму сказала пра неабходнасьць дыялёгу для дээскаляцыі «і без таго няпростай сытуацыі ў двухбаковых адносінах» і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы», паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG