Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя новыя акалічнасьці затрыманьня старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай і аднаго з работнікаў аб’яднаньня, які пайшоў у страйк у 2020 годзе, Аляксандра Кухаронка.
Аляксандра Кухаронка амапаўцы затрымалі ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёну. Ператрусы прайшлі на кватэры Кухаронка ў Наваполацку, ягоных бацькоў у Наваполацку, а таксама ў вёсцы Росіца. Пакуль вядома, што ён абвінавачваецца паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу (частка невядомая).
Раней паведамлялася, што сярод затрыманых таксама і жонка Аляксандра, але яна на волі. У сям’і двое непаўналетніх дзяцей.
Брыцікаву абвінавачваюць паводле ч. 1 арт 361 Крымінальнага кодэксу (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або зьдзяйсьненьня акту тэрарызму ці дывэрсіі, або ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненьне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь).
У 2020 годзе Вольга Брыцікава адбыла 75 дзён за кратамі запар — ёй прысудзілі пяць арыштаў за нібыта несанкцыянаванае пікетаваньне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.
Аляксандар Кухаронак — адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясьціў страйк на прадпрыемстве. Яго таксама арыштоўвалі ў адміністрацыйнай справе — у 2021 годзе ён адбыў 20 дзён арышту паводле арт. 24.23 КаАП.
Праваабаронцы спрабуюць высьветліць месцазнаходжаньне затрыманых актывістаў.