Сьцісла:
- Улады прымушаюць працоўныя калектывы публічна асуджаць неляяльных калегаў.
- Узяты курс на палітычную мабілізацыю, штучную палітызацыю грамадзтва: маўклівай згоды ўжо недастаткова.
- У клясычнай таталітарнай сыстэме функцыю мабілізацыі выконвала ідэалёгія. У рэжыму Лукашэнкі ніякай ідэалёгіі няма
- Голы гвалт — адзіны стрыжань існага рэжыму.
Грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі набываюць усё новыя злавесныя рысы, якія нагадваюць змрочнае мінулае. Усе ўжо прызвычаіліся да бясконцых «прызнаньняў» і «пакаяньняў» перад сілавікамі на відэа, якія паказваюць праўладныя тэлеграм-каналы, а таксама дзяржаўныя мэдыя.
Новы маштаб набывае фэномэн даносаў. Вялікі розгалас набыў выпадак з даносам на жанчыну, якая слухала ўкраінскую песьню. Прычым абываталі, якія даносяць, адчуваюць сябе героямі, лічаць, што выконваюць нейкі грамадзянскі абавязак.
Апошнім часам зьявіліся прэцэдэнты, умоўна кажучы, своеасаблівых «таварыскіх судоў», калі працоўныя калектывы публічна асуджаюць неляяльных калегаў. На сайце Гомельскага заводу ліцьця і нармаляў пад відэа з інфармацыяй пра затрыманьне сьлесара Віталя Сваткоўскага і ягонага «пакаяньня» зьявілася больш за 200 камэнтароў супрацоўнікаў прадпрыемства, якія нібыта падтрымліваюць рэпрэсіўныя захады ўладаў і асуджаюць «экстрэміста».
Таксама вядомы выпадак, калі студэнта юрфаку БДУ прымусілі «каяцца» на відэа ягоныя калегі, студэнты.
Усё гэта нагадвае 1937 год, калі шараговыя людзі на мітынгах у працоўных калектывах выкрывалі сваіх калег і заклікалі да масавых расстрэлаў «ворагаў народу».
Пакуль такія выпадкі адзінкавыя, хоць можна дапусьціць, што ня ўсе зь іх даходзяць да незалежных мэдыя. Аднак, працэс пайшоў. І можна прагназаваць, што такія практыкі будуць пашырацца.
Гэтая новая зьява — яскравая прыкмета эвалюцыі краіны да таталітарнай сыстэмы. Бо таталітарызм па сваёй прыродзе патрабуе актыўнай падтрымкі і мабілізацыі з боку грамадзтва.
Да 2020 году ўлады праводзілі супрацьлеглую палітыку, арыентаваную на дэмабілізацыю і дэпалітызацыю грамадзтва. Рэжым трымаўся ня столькі за кошт падтрымкі насельніцтва, колькі дзякуючы апатыі, апалітычнасьці, абыякавасьці, фаталізму, няўдзелу людзей. Гэта цалкам задавальняла ўладу. Нават выбары праходзілі як тэхнічная працэдура па-за ўласна палітычнай прасторай.
Цяпер усё памянялася. Улады ўзялі курс на палітычную мабілізацыю. З дапамогай дзяржапарату, дзяржаўных СМІ праводзіцца штучная палітызацыя грамадзтва. Трохі раней у працоўных калектывах людзей прымушалі падпісваць розныя пэтыцыі ў падтрымку рэжыму. Цяпер вось патрабуюць асуджаць палітычна неляяльных калегаў.
У постсталінскую эпоху паэт-дысыдэнт Аляксандар Галіч шмат пісаў пра фэномэн маўклівай падтрымкі («Сколько раз мы молчали по-разному, но не против, конечно, а за!..» «А молчальники вышли в начальники, потому что молчание — золото»).
Дык вось, пры клясычным таталітарызьме маўклівай згоды ўжо недастаткова. Ухіліцца ад палітыкі і жыць сваім прыватным жыцьцём становіцца ўсё цяжэй. Патрабуецца актыўная падтрымка ўладаў.
Дарэчы, у 1937 годзе ўлады хавалі сапраўдны маштаб тэрору. Абсалютная большасьць арыштаў адбывалася ноччу. Людзі бясьсьледна зьнікалі, нікому нічога не тлумачылі. А цяпер тэрор ладзіцца дэманстратыўна, амаль у жывым этэры, калі сачыць за «пакаяльнымі» відэа.
Але тут для ўладаў ёсьць адна праблема. Справа ў тым, што ў клясычнай таталітарнай сыстэме функцыю мабілізацыі выконвала ідэалёгія. Яна была моцным дадаткам да палітычнага тэрору. Вялікая колькасьць людзей сапраўды верыла, што ўдзельнічае ў вялікай гістарычнай справе будаўніцтва камунізму (у СССР) ці тысячагадовага рэйху (у фашыстоўскай Нямеччыне).
У рэжыму Лукашэнкі ніякай ідэалёгіі няма, і нічога падобнага нават не праглядаецца на гарызонце. Няма ніякага наратыву будучыні. Уся прапагандысцкая рыторыка зводзіцца да аднаго: маўляў, трэба захаваць тое, што ёсьць, мы за стабільнасьць супраць экстрэмістаў, якія імкнуцца яе парушыць.
Самае дзіўнае ў тым, што сытуацыю дэстабілізуюць якраз самі ўлады. Бо калі на завод, у мэдычную ці навучальную ўстанову ўрываецца падразьдзяленьне ГУБАЗіКа ў поўнай экіпіроўцы, каб кагосьці арыштаваць, парушаючы нармальны працоўны ці навучальны працэс, то хто дэстабілізуе? Ці калі закрываюць клініку «Новы зрок», якая выконвала тысячы кваліфікаваных апэрацый, і ствараюць праблемы для вялікай колькасьці людзей. Ці тыя ж санкцыі, справакаваныя дзеяньнямі самога рэжыму. Тут улада — галоўны дэстабілізатар.
З дапамогай аднаго тэрору, без ідэалёгіі, немагчыма дасягнуць мэты, якую звычайна ставіць перад сабой дыктатар: пабудаваць сыстэму, у якой народ шчыра давярае ўладзе і падтрымлівае яе не за страх, а за веру ў яе справядлівасьць. Голы гвалт — адзіны стрыжань існага рэжыму. Зь яго дапамогай утрымаць уладу нейкі час можна, а вось забясьпечыць разьвіцьцё краіны не атрымаецца.