З таго часу жаночыя акцыі сталі рэгулярнымі, яны праводзіліся па суботах. Па панядзелках на менскія вуліцы выходзілі пэнсіянэры. Паралельна ў Менску адбылося 11 масавых, шматтысячных нядзельных шэсьцяў.
З нагоды трэцяй гадавіны першага выхаду жанчын на вуліцы сталіцы тэлеканал «Белсат» ладзіць спэцыяльны маратон. У паведамленьні арганізатараў гаворыцца:
«12 жніўня, у трэцюю гадавіну жаночых маршаў, мы ў межах праграмы «Трэба пагаварыць» пры падтрыманьні каналу «Белсат» правядзем вялікі дыскусійны стрым. Адзначым Дзень салідарнасьці з жаночымі пратэстамі супраць гвалту ў Беларусі
Мы будзем гаварыць пра тое, што адчуваем на трэці год пасьля Рэвалюцыі. Пра наш гнеў, нянавісьць і расчараваньне. І таксама пра нашу надзею і нашу рашучасьць. Тры гады таму мы выйшлі супраць дубінак з кветкамі і заклікам да міру. Якім будзе наш наступны выхад? Разам успомнім пацярпелых за сваю пазыцыю і паспрабуем адрэфлексаваць нарэшце гэтае пытаньне: кветкі ці кулі?»
Стрым пройдзе 12.08 на YouTube-канале «Белсат LIFE». Пачатак а 14:00 паводле менскага часу.