Апэрацыя, падчас якой 48-гадоваму беларусу плянуюць паставіць імплянт на ўвесь хрыбетнік, каштуе 81 281 злоты (больш за 17 тысяч эўра). Але сума збору на плятформе zrzutka.pl была ўдвая меншай — 35 000. На астатнюю суму Віталь плянаваў браць крэдыт. Выглядае, што цяпер пазычаць грошы ў банку не спатрэбіцца. На апэрацыю яму ўжо сабралі больш за 67 000 злотых (на момант публікацыі. – РС), а гэта звыш 190% ад плянаванага збору.
«Я хачу падзякаваць усім неабыякавым людзям. Вялікі ўсім вам дзякуй, бо надзеі, калі шчыра, у мяне ўжо ня было. Я ўжо апусьціў рукі. Да нас учора таксама зьвярнуўся фонд ByHelp, мы гаварылі з Аляксеем Лявончыкам. Ён паабяцаў закрыць усю суму, калі сабраных грошай ня хопіць», — сказаў Свабодзе Віталь Тысеў.
У выніку апэрацыю ўдасца правесьці раней, не чакаючы два месяцы, якія дактары ў Варшаве назвалі крайнім тэрмінам. Лекары гатовыя рабіць апэрацыю як мага хутка. Справа ў тым, што з кожным месяцам сума будзе павялічвацца.
Падчас зьняволеньня ў 2020 годзе ў жыхара Стоўпцаў Віталя Тысева пагоршылася хранічнае захворваньне — пералом хрыбетніка. Біцьцё і арышт у ізалятары справакавалі запаленьне. У яго пачаў разьвівацца агрэсіўны анкілязуючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасьліся ўсе суставы хрыбетніка і розныя іншыя суставы. Пабоі ён проста пераляжаў, да лекараў не зьвяртаўся, бо баяўся, што гэта створыць клопаты для сям’і.
У Польшчы беларус атрымаў групу інваліднасьці, але вымушаны працаваць. Пасьля апэрацыі ён паўгода будзе вымушаны праляжаць у ложку, а працаваць ня зможа 2 гады.